Смакам далікатна і спажыўна для цела і здароўя
Мінулая нядзеля стала сапраўдным святам для тых, хто лічыць сябе экспертам у сакрэтах беларускіх страў і напояў. У Парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі Сула адбыўся кулінарны фэст, якога чакалі даўно.
Хоць назва Фэсту традыцыйнай нацыянальнай беларускай кухні — «Чарка і шкварка на Суле» і падзяліла некаторых наведвальнікаў на два лагеры. «Назва слушная, — лічылі адны, — чарка і закуска не вінаватая ў адмоўным сэнсе, якія яна набыла ў апошнія гады». «Як раз такі сэнс прыніжае гістарычную вартасць кулінарнага майстэрства нашых продкаў», — аргументавалі сваю пазіцыю іншыя.
Але гэтыя этымалагічныя разыходжанні не перашкодзілі арганізатарам запрасіць гасцей у старажытнае мястэчка Сула, якое вядома з часоў Стэфана Баторыя. Гістарычныя крыніцы сведчаць пра тое, што маёнтак Сула ў свае часы належыў Вішнявецкім, Радзівілам. А вось у сярэдзіне ХХVIII стагоддзя яго ўласнасцю сталі прадстаўнікі шляхецкага роду Ленскіх, герба «Астоя».
З гэтага часу, нягледзячы на вельмі бурныя гістарычныя падзеі, знешняя планіроўка пачала набываць элементы класіцызму. Асабліва гэта наведвальнікі маглі адчуць, калі наведвалі сядзібны дом ХІХ стагоддзя, дзе цяпер месціцца музей мястэчка Сула і роду Ленскіх. Тут можна пабачыць адноўленыя з руін гасподню, браварню, лядоўню, гаспадарскі свіран і двор, а таксама парк, які быў разбіты на тэрыторыі маёнтка.
Як паведаміла гасцям экскурсавод мясцовага музею спадарыня Дамініка, пасля таго, як ўсыпльніца-ратонда, дзе былі пахаваныя многія з сям’і Ленскіх, будзе адноўлена, плануецца перанесці туды труны з прахам уладальнікаў маёнтка з могілак у Рубяжэвічах.
Але цяперашнія ўладальнікі імкнуцца не толькі аднавіць архітэктуру маёнтка, але і надаць ёй іншыя функцыі — асветніцкую і рэкрэатыўную. Для гэтага тут адноўлены кромхель — некалькі рытуальных мегалітаў-стодаў, якія ствараюць цэнтр гістарычнай прасторы парка-музею.
Наведвальнікаў сустракае копія дракара, які сімвалізуе «шлях з вараг у грэкі», які праходзіў і па тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Госці з задавальненнем фатаграфуцца ля гэтай ладдзі вікінгаў, і па далейшаму шляху знаёмяцца з асяродкамі Парку-музею. А яны ўключаюць цэлы комплекс гістарычных аб’ктаў, ад збраёўні і канюшні, да ганаровай залы шляхецкай славы, якая ўпрыгожана шляхецкімі гербамі, харугвамі, копіямі партрэтаў валадароў і магнатаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай…
Менавіта гэтая зала, якая мае назву «Каралеўская Асамблея», стала цэнтрам правядзення Фэсту нацыянальнай беларускай кухні: для гурманаў тут, на вуглях ад вогнішча ад гаспадарскага каміна, быў прыгатаваны смажаны баран. Яго рэцэпт кухарамі быў знойдзены ў кнізе расійскага знаўцы славянскай кухні В. Пахлёбкіна, які ў ёй быў пазначаны, як «баран, прыгатаваны па-літоўску».
Вядомы знаўца старажытнай і сучаснай беларускай кухні, брэнд-шэф сеткі рэстаранаў таварыства «Піўны рад» Аляксандр Чыкілеўскі распавеў пра тыя беларускія стравы, якія прынеслі яму срэбраны медаль на VI Міжнародным Крамлёўскім кулінарным Кубку, які не так даўна прайшоў у расійскай сталіцы. Але «цвіком» яго кулінарнай праграмы стаў майстар-клас па гатаванні старажытнага беларускага алкагольнага напою крамбамбуля ці старка. Прысутныя задавалі брэнд-шэфу шматлікія пытанні, якія засведчылі іх цікаўнасць да пітной культуры продкаў, а таксама каштавалі вынікі майстар-класу!
У гэты час у раёне комплексу мегалітаў — кромхеля, раскінуўся «Сялянскі падворак», дзе пад цікаўныя позіркі мінакоў, у рондалях розных памераў гатаваліся стравы народнай літвінскай кухні — поліўка, а таксама, адпаведныя напоі — квас, эль, медавуха, крупнік і іншыя забытыя слабаалкагольныя рэцэптуры.
Падзеі Фэсту беларускай кухні, майстар-класы вядомых шэф-кухараў, арганічна супадалі з пазнавальна-забаўляльнай праграмай. Музыканты гуртоў медыевальнай музыкі «Cad Godeu», фальклорныя гурты «Мярэжа», «Арацэя», «Дзівабор» стваралі адпаведны падзеі настрой дзякуючы яскравым мелодыям і старажытных беларускім спевам. А ўдзельнікі танцавальнага гурту «Яварына» зладзілі майстар-класы па шляхецкім танцам, самі ішлі ў скокі і запрашалі ахвотных падтрымаць іх.
Але галоўным прыцягальным цэнтрам гэтай часткі фэсту стаў выхад да публікі шыхта з клуба гістарычнай рэканструкцыі «Харугва Бабруйскага павету». Удзельнікі харугвы падрабязна распавядалі шматлікім слухачам пра ўзбраенне асобных радоў войск Вялікага княства, пра іх функцыі ў баі, паказалі шэраг баявых прыёмаў пад час паказальных двубояў.
На ўзгорку побач з кромхелем, ішло прыгатванне галоўнай стравы Фэсту традыцыйнай нацыянальнай беларускай кухні — дваццаціметровай «пальцам пханай» кілбасы з сезоннай гароднінай па беларускаму рэцэпту.
Сапраўды, мясцовым кухарам давялося
добра папрацаваць з гіганцкай патэльняй, на якой гатаваўся галоўны кулінарны
сюрпрыз на свята. Але да гонару тых, хто шмат часу ўвіваўся каля патэльні,
сачыў за смакам кілбасы і гародніны, транспартаваў патэльню з вогнішча на
спецыяльны пастамент, усё ўдалося на славу! І ў гэтым змаглі ўпэўніцца бадай
некалькі соцень наведвальнікаў, якія пакаштавалі традыцыю на смак.
Безумоўна, пад час прыгатавання гэтай мега-стравы, многія прысутныя здабылі карысны вопыт кухарства, а таксама атрымалі яшчэ адно сведчанне таго, што нацыянальная кухня беларусаў — смакам далікатная і спажыўная для цела і здароўя.