Грузія. Моладзь не хоча ісці ў войска
Практычна ўсе назіральнікі адзначаюць імклівую вестэрнізацыю грузінскай моладзі. Аднак гэты трэнд мае і адваротны бок.

Фота vzglyad.az
Усё менш прэстыжнай становіцца служба ў войску. Каб пазбегнуць казармы, прызыўнікі шукаюць шчыліны ў законе.
Найбольш папулярным спосабам «закасіць» стаў запіс у святары. Згодна грузінскаму заканадаўству, духоўная асоба не можа быць прызваная ў войска.
Як вынік, толькі ў Хашурскім раёне Грузіі са 150 прызыўнікоў, якім прыйшлі позвы, 145 прадставілі даведкі, што з’яўляюцца святарамі.
Не менш папулярны спосаб — адмова ісці ў войска па рэлігійных меркаваннях. Так, у Кутаісі падчас прызыву 245 чалавек скарысталіся магчымасцю не служыць у войску — яны запісаліся ў адну з пратэстанцкіх арганізацый. А ў Тбілісі ахвочых стаць вернікамі мясцовай секты «Біблейская свабода» аказалася больш за 1700 чалавек.
Праўда, хутка такі спосаб пазбегнуць службы ў войску будзе неактуальны. З 2019 года набывае моц закон, згодна з якім асобам прызыўнага ўзросту, што адмаўляюцца служыць у войску, прапануюць альтэрнатыўную службу — у прыватнасці, у пажарна-выратавальных сілах.
Паводле грузінскай прэсы