Чарговая смерць у войску: падрабязнасці
У адной з вайсковых частак Слонімскага гарнізона здзейсніў суіцыд вайсковец радавы А. Арлоў, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Хлопцу было 20 гадоў, да заканчэння службы яму заставалася крыху больш за паўгады. Паведамляецца, што папярэдне прычына суіцыду абумоўлена асабістымі абставінамі і не звязаная з праходжаннем ваеннай службы.
Па гэтым факце праводзіцца праверка Следчым камітэтам, у вайсковай частцы працуе камісія Міністэрства абароны.
У вайсковай часці №33933 базуецца 11-я Гвардзейская асобная механізаваная брыгада. У 2012 годзе яна заняла першае месца сярод механізаваных брыгад у беларускіх Узброеных сілах.
А праз год, у снежні 2013 года, у часці №33933 знайшлі павешаным 20-гадовага вайскоўца тэрміновай службы. Хлопца звалі Дзянісам, узгадвае Еўрарадыё. Следчы камітэт паведамляў, што цела знойдзена на тэрыторыі парка тэхнікі. Радавы павесіўся на кабіне экскаватара.
Асноўнай версіяй (актуальнай і на сёння), якую разглядалі падчас разбіральніцтва па гэтым выпадку, было самагубства па асабістых матывах. Нібыта Дзяніс пасварыўся са сваёй дзяўчынай, яна яго кінула, і ён вырашыўся на суіцыд. Дзяўчына, на якую павесілі ўсіх сабак, адмаўляла сваю віну. Бацькі таксама не верылі ў гэтую версію. Аднак следства не памяняла свайго рашэння.
Як стала вядома Свабодзе, Арлоў паходзіць з Горадзеншчыны. У лістападзе будзе год, як яго прызвалі. Ён служыў у падраздзяленні сувязі механізаванага батальёна, які знаходзіцца ў стане пастаяннай баявой гатоўнасці. Такі батальён здольны выканаць у самы кароткі час свае баявыя задачы. У ім вельмі пільны кантроль над асабістым складам.
Са словаў саслужбоўцаў, хлопец у дзень смерці карыстаўся таксафонам. З кім размаўляў, невядома. Пасля размовы вярнуўся ў прыгнечаным настроі, але сваімі думкамі ні з кім не дзяліўся. Неўзабаве яго знайшлі павешаным у так званай «халоднай» капцёрцы — у памяшканні, дзе захоўваецца інструмэнт для прыбірання на вуліцы.
Вядома, што цяпер разглядаецца толькі версія суіцыду.