Грып над усімі грыпамі
Сто гадоў таму ў Еўропе здарылася самая буйная ў найноўшай гісторыі пандэмія грыпу, якую называлі «іспанкай». Аднак толькі сёння становіцца зразумела, які вялізарны ўплыў той вірус меў на гісторыю чалавецтва.
Ад 50 да 100 мільёнаў ахвяр (каля 2,5 працэнта ўсяго тагачаснага чалавецтва) плюс 500 мільёнаў хворых — такія лічбы «іспанкі», якая віравала ў 1918–1920-х гадах. Назва «іспанка», як вядома, з’явілася выпадкова. Ваенная цэнзура ў дзяржавах, якія ваявалі, не дапускала паведамленняў пра выбух хваробы, і першыя звесткі пра яе з’явіліся ў друку ўвесну 1918 года ў нейтральнай Іспаніі.
Тым дзіўней, што пра «іспанку» пасля заканчэння эпідэміі вельмі хутка забылі. Магчыма, гэтаму спрыяла тое, што на фоне Першай сусветнай вайны, якая толькі-толькі скончылася, нават смяротная хвароба ўспрымалася як не такая і жудасная. Дастаткова сказаць, што толькі ў 1989 годзе навукоўцы вырашылі знайсці вірус, які выклікаў тую катастрофу.
Прыкладна ў той жа час гісторыкі задумаліся, які ўплыў меў грып на гісторыю чалавецтва. Дасюль комплексных даследаванняў, праўда, няма. Аднак даследаванні ў пэўных сектарах дазваляюць казаць, што наступствы пандэміі для лёсу планеты былі каласальныя.
Пачаць можна з таго, як грып паўплываў на развязку Першай сусветнай вайны. Як лічаць гісторыкі, хвароба дапамагла войскам Антанты, якія пасля Брэсцкага міру апынуліся ў складанай сітуацыі. Дзякуючы міру з бальшавікамі ў сакавіку 1918-га ў немцаў вызваліліся пару дзясяткаў дывізій. У Берліне лічылі, што дзякуючы ім можна будзе прарваць Заходні фронт і навязаць краінам Антанты свае ўмовы міру.
Тыя дывізіі аператыўна перакінулі на Заходні фронт. Аднак чаканага прарыву не адбылося. Калі верыць гісторыкам, Антанце трэба быць удзячнай за гэта менавіта грыпу, першая хваля якога пачалася ў Еўропе менавіта ў той час. З невядомых прычынаў больш за ўсё вірус атакаваў Германію і Аўстрыю. У выніку хваробы, якая касіла жаўнераў, рашучай перавагі на фронце немцам дасягнуць не ўдалося. Спробы наступу ўлетку 1918-га захлынуліся. А ўвосень унутраны эканамічны крызіс выліўся ў рэвалюцыю — і Германія была вымушаная капітуляваць.
Ускоснай ахвярай «іспанкі», напэўна, аказаўся і праект Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які існаваў на акупаванай немцамі тэрыторыі. Апошнія, як вядома, асцярожна ставіліся да яго дзейнасці, хаця цалкам не забаранялі. Такі расклад даваў падставы спадзявацца, што позна ці рана немцы пойдуць насустрач і прызнаюць легітымнасць БНР. Аднак рэвалюцыя ў Германіі — у тым ліку следства той жа «іспанкі» — паставіла крыж на такіх марах.
Згадаем і пра эканамічны эфект грыпу. Паводле разлікаў эканамістаў, праз хваробу працаўнікоў вытворчасць у сусветным маштабе скарацілася на 4,8 працэнта. Агульныя страты склалі, паводле цяперашняга валютнага курсу, больш за тры трыльёны долараў. Статыстка не дзіўная, калі ўзгадаць, што праз страх перад хваробай зачыняліся не толькі прыватныя фірмы і кампаніі. На працу не выходзілі нават супрацоўнікі асноўных публічных службаў — паштальёны, настаўнікі або прыбіральшчыкі.
Стабільна працавала хіба што пахавальная служба. Праўда, яе супрацоўнікам была дадзена жорсткая інструкцыя: пахаванні павінны былі працягвацца не больш за 15 хвілінаў, каб паменшыць магчымасць кантактаў паміж людзьмі. Такіх незвычайных цыркуляраў у той час было шмат. Напрыклад, у некаторых амерыканскіх гарадах забаранілі пляваць, паколькі сліна магла ўтрымліваць мікробы.
Вялікія змены пандэмія выклікала і ў сацыяльнай сферы. У тым ліку таму, што «іспанка» была незвычайным грыпам. Яна забівала 20–30-гадовых мужчынаў. Як следства, паўстаў вялікі дэфіцыт кадраў, які вырашалі за кошт рэкрутынгу жанчын. На гэтай хвалі яны ўсё часцей пачалі займаць кіруючыя пасады. У Злучаных Штатах, дзе ад вірусу памерлі каля 2 мільёнаў чалавек, выкліканая «іспанкай» дынаміка фемінізацыі дапамагла правесці ў 1920 годзе 19-ю папраўку да Канстытуцыі, якая надавала жанчынам права ўдзельнічаць у выбарах.
Праўда, амерыканкам, якія перахварэлі на «іспанку», яўна было не да электаральных навінаў. Паводле часопісу «Time», дзеці, якія нарадзіліся пасля заканчэння эпідэміі, больш пакутавалі на праблемы з сэрцам, былі фізічна слабейшымі, часцей мелі разумовыя адхіленні. Падобныя з’явы фіксавалі і ў іншых краінах, дзе панавала хвароба.
Аднак самую вялікую бомбу з гадзіннікавым механізмам «іспанка» пакінула ў калектыўнай свядомасці. Псіхолагі лічаць, што эпідэмія, якую ў народзе непарыўна разглядалі разам з Першай сусветнай вайной, сфармавала на Захадзе комплекс — любымі сродкамі пазбягаць новай вайны. Праз пару дзесяцігоддзяў гэтай псіхалагічнай траўмай скарыстаўся Гітлер. Папулярная сярод выбаршчыкаў тэза: «Абы не было вайны» прымушала заходніх палітыкаў заплюшчваць вочы на агрэсіўныя выбрыкі нацыстаў. У выніку такая тактыка, як вядома, скончылася Другой сусветнай вайной.
Гэты негатыўны аспект «іспанкі», магчыма, кампенсуецца яе роляй у стварэнні публічнай сістэмы аховы здароўя. Менавіта падчас эпідэміі пачалі фармавацца правобразы таго, што зараз называецца «медычнай сістэмай». Шмат у чым дзякуючы грыпу паўстала вытворчасць медыкаментаў, разлічаных на людзей з невялікімі заробкамі. Эпідэмія дапамагла медыкам канчаткова разбурыць забабоны супраць вакцынацыі, якая цяпер становіцца абавязковай. Паўстаюць першыя арганізатары маніторынгу эпідэмічных хваробаў.
Як бачым, не ўсё так проста з той «іспанкай». Адназначна толькі адно — лепш не хварэць.