Хто пераможа Барака?

Нягледзячы на выбух папулярнасці Барака Абамы (следства ліквідацыі Бен Ладэна), рэспубліканцы вераць, што змогуць перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах–2012. У чэрвені заканчваецца рэгістрацыя ахвочых стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў. (На здымку: Дональд Трамп)



91299a41773c667d2ee8cddc3f6eeb64.jpg

Нягледзячы на выбух папулярнасці Барака Абамы (следства ліквідацыі Бен Ладэна), рэспубліканцы вераць, што змогуць перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах–2012. У чэрвені заканчваецца рэгістрацыя ахвочых стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў.

(На здымку: Дональд Трамп)


60 працэнтаў электарату гатовыя галасаваць за Абаму, калі выбары будуць заўтра. Гэта лічба, што была агучаная пасля забойства лідара Аль-Каіды, здавалася, ставіць крыж на амбіцыях рэспубліканцаў вярнуць сябе кіраванне прэзідэнцкай адміністрацыяй. Аднак буйной панікі ў шэрагах партыі сланоў няма. Толькі два кандыдата адмовіліся ад ідэі ўдзелу ў кампаніі за апошні час. Адзін з іх — мільярдэр Дональд Трамп, які праславіўся тым, што абвінаваціў Абаму ў фальсіфікацыі метрыкі. На думку Трампа, Барак Абама не мае права займаць Белы дом, паколькі не нарадзіўся ў Штатах.
Аднак іншых палітыкаў скачок папулярнасці Абамы не вельмі засмуціў.
Па-першае, за год яшчэ ўсё можа здарыцца. Усе памятаюць, што рэйтынг прэзідэнта Джымі Картэра напярэдадні выбараў 1980 года быў таксама высокі. Аднак пасля правалу вызвалення заложнікаў амерыканскага пасольства ў Тэгеране нацыя адвярнулася ад гаранта на карысць Рональда Рэйгана. Такі сцэнар не выключаюць і зараз. Па-другое, палітыка — гэта доўгатэрміновая гульня, дзе дзейнічаюць з разлікам на некалькі гадоў наперад. Нават правал на выбарах гарантуе інтарэс з боку грамадскасці і аднапартыйцаў. Не будзем казаць ужо пра суб’ектыўны фактар — жаданне застацца ў гісторыі або карыстаючыся трыбунай сказаць пра тое, што набалела.
На цяперашні дзень ужо сем чалавек афіцыйна абвясцілі пра намер узяць удзел у выбарах кандыдата ад рэспубліканскай партыі. Самая значная фігура — Ньют Гінгрыч, спікер палаты прадстаўнікоў. Найбольш экзатычная — Фрэд Каргер, палітычны кансультант і гей-актывіст з Каліфорніі.
Аднак відавочна, што жадаючых скласці Абаме канкурэнцыю ў наступным годзе будзе значна больш. У ЗША першым крокам да ўдзелу ў кампаніі лічыцца не фармальная заява пра балаціроўку, а пачатак стварэння выбарчага штабу. Сёння акрамя згаданай вышэй сямёркі выбарчыя штабы фармуюць яшчэ чатыры палітыка. Найбольшую ўвагу выклікае фігура Міта Ромні, былога губернатара штату Масачусетс. Аднак гэтым кола кандыдатаў у кандыдаты наўрад ці абмяжуецца. Яшчэ прыкладна 9 чалавек вагаюцца, ці трэба ім такое шчасце, як удзел у выбарах.
Сярод тых, хто не можа прыняць канчатковае рашэнне, як не дзіўна, такія вядомыя асобы, як былы мэр Нью-Ёрку Рудзі Джуліяні і Сара Пэйлін, лідар кансерватыўнага крыла, заснавальнік руху «Tea Рarty». Па словах экспертаў, да магчымых фаварытаў на праймерыз можна аднесці дэпутата палаты прадстаўнікоў Мішэль Бачмен, якая блізкая па поглядах да Сары Пэйлін.
Што тычыцца Сары Пэйлін, то абвяшчэння аб пачатку яе кампаніі чакаюць з дня на дзень. Інакш «Баракуда» — палітычная мянушка Сары — не пачала б 27 мая нацыянальны аўтамабільны тур «Yes, Sarah Palin is back». Фармальна ў час падарожжа яна будзе збіраць грошы ў свой фонд «Fundamental Restoration of America». Аднак большасць назіральнікаў не сумняваюцца, што гэта толькі падрыхтоўка да заявы пра старт асабістай кампаніі.
У каго лепшыя шансы перамагчы на праймерыз? На цяперашні момант сярод рэспубліканцаў у топе папулярнасці два палітыка: Сара Пэйлін і Міт Ромні. Усе іншыя пакуль значна адстаюць.
У супрацьстаянні Сары і Міта большасць экспертаў ставіць на апошняга. У вачах грамадства ён не такі адыёзны, як Сара, не палярызуе супольнасць, за яго патэнцыйна можа галасаваць «незалежны» выбаршчык, які і вырашыць у выніку лёс выбараў. Буйныя бізнесмены таксама гатовыя выкласці за Міта грошы. Для інфармацыі — хаця праймерыз у 2008 годзе Міт прайграў, ён сабраў на сваю кампанію больш сродкаў, чым тагачасны кандыдат ад рэспубліканцаў Джон Маккейн.
Да яго слабых момантаў можна аднесці непаслядоўнасць у шматлікіх пытаннях, напрыклад, аборты або кантроль над зброяй. Не дадае Міту пунктаў і прыналежнасць да царквы мармонаў, супраць якіх сярод простых янкі шмат забабонаў. Адпаведна вынікам апытання, якія былі праведзеныя ў 2007 годзе, толькі кожны чацвёрты выбаршчык у краіне быў гатовы аддаць голас за кандыдата — сябра Царквы Ісуса Хрыста Апошніх Дзён. Цікава, што асцярожнасць Ромні тычыцца і яго поглядаў на царкву і яе пастулаты. Так, ён вельмі тактычна тлумачыць тэму палігаміі, якую дапускае мармонская царква. Ромні кажа, што ў ХІХ стагоддзі такі інстытут быў цалкам прыродны, паколькі ў калоніі мармонаў большасць складалі жанчыны. Аднак сёння, па яго словах, «палігамія — гэта жудасная практыка».
Таксама не зразумела, што рабіць з падыходамі Ромні да рэформы медыцыны — адна з улюбёных тэм Абамы. Прапанаваную Баракам сістэму абавязковага медычнага страхавання Ромні даўно рэалізаваў, калі быў губернатарам. Між тым, менавіта медычная рэформа ў вачах рэспубліканцаў — самае вялікае зло, якое робіць цяперашні прэзідэнт ад дэмакратаў.
У Сары Пэйлін грошай няшмат. Яна нават працуе каментатарам на канале «Fox News». Аднак не факт, што шараговыя прыхільнікі рэспубліканцаў, абіраючы кандыдата, будуць думаць складанымі схемамі пра тое, як прывабіць незалежнага выбаршчыка. Як піша брытанскі «New Stateman»: «Сёння шмат рэспубліканцаў знаходзяцца ў пошуку чараўніка, хто надасць ім энергіі, аб’яднае. І гэта, відавочна, не містэр Ромні. Сара Пэйлін?»
З іншага боку, Сара Пэйлін — гэта фігура, з імем якой звязваюць раскол у партыі паміж базай і кіраўніцтвам. Менавіта на крытыцы істэблішменту Сара Пэйлін зрабіла сябе імя. А ў дадатак атрымала масу ворагаў унутры партыі. Ці падтрымае яе ўся партыя, калі яна пераможа на праймерыз? Эксперты кажуць, што зараз больш за ўсё ў Белым Доме чакаюць абвесткі пра тое, што міс Пэйлін ідзе на выбары. Па разліках дэмакратаў, яна за кошт харызмы і энергетыкі зможа выйграць праймерыз у Міта Ромні. Для Абамы гэта гарантаванае пераабранне на другі тэрмін. Як дэманструюць вынікі апытанняў, толькі 23 працэнта амерыканцаў лічаць, што Сара Пэйлін адпавядае крытэрыям прэзідэнта ЗША.
Першыя рэспубліканскія праймерыз адбудуцца ў штаце Аява ў наступным лютым.