Гульня ў карты альбо новая спрэчка за Фалкленды
У Аргенціне — узрастае палітычная напружанасць. І ўсё праз тое, што міністр забыўся выявіць на сваёй карце Мальвінскія (Фалклендскія) выспы як аргенцінскія. Чым усё гэта можа скончыцца?
Адна з форм псіхалагічнай кампенсацыі для нацыі, якая страціла частку сваёй тэрыторыі, — практыка малявання картаў са сваім варыянтам бачання памежнай сітуацыі. Напэўна, далей за ўсіх тут пайшлі ўлады Тайваню, якія лічаць сябе пераемнікамі Кітайскай Рэспублікі. На афіцыйных картах, што друкуюцца ў Тайвані, Кітай уключае ў свой склад Манголію, добрую частку Сібіры і Індакітаю.
І гэта яшчэ не ўсё. Картаграфічная палітыка таксама вымагае маніторынгу і гнеўнай рэакцыі на спробы маляваць карты па-іншаму. Напрыклад, у суседняй Украіне з’яўленне на рынку прадукцыі, дзе Крым выяўлены як частка Расіі, пагражае крымінальным артыкулам. Калі такія карты з’яўляюцца на Захадзе, непазбежнае ўмяшанне дыпламатаў. Пару гадоў таму ўкраінскі МЗС дамогся зняцця рэкламнага роліку Чэмпіянату свету па футболу 2018 года, дзе Крымскі паўвостраў быў далучаны да РФ.
Сярод краін, якія найбольш паслядоўна сочаць за картамі, — Аргенціна. Тут яшчэ прыкладна сто гадоў таму фрагментам нацыянальнай ідэі стала мара вярнуць у склад краіны Мальвіны (Фалклэнды) — архіпелаг у паўднёвай Атлантыцы, які з’яўляецца прадметам тэрытарыяльнай спрэчкі паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй. Нягледзячы на тое, што апошняя фактычна кантралюе выспы з 1831 года, на ўсіх аргенцінскіх афіцыйных картах яны выяўленыя як частка Аргенціны.
І вось нечакана напярэдадні 2017 года прынцып парушыўся. На асабістым акаўнце ў Twitter Караліна Стэнлі, міністр сацыяльнага развіцця Аргенціны, павіншавала суайчыннікаў з Новым годам, абраўшы ў якасці фону для віншавання мапу краіны, на якой чамусьці адсутнічалі выспы. Выява Аргенціны без Мальвінаў выклікала тарнада ў мясцовых сацыяльных сетках і прымусіла чыноўніцу прызнаць памылку. Па яе словах, дызайнеры віншавальнай кіберпаштоўкі проста забыліся намаляваць нейкія дробныя выспы.
Аднак фармальных прабачэнняў аказалася мала. Наадварот, скандал набывае ўсё большы маштаб. Шмат хто бачыць ва ўчынку Стэнлі падступны падтэкст. Модная версія пра тое, што адміністрацыя нядаўна абранага ліберальнага прэзідэнта Маўрысіа Макры праз «памылковае» віншаванне свайго міністра зандуе глебу пад дамову з Лонданам, паводле якой Аргенціна адмовіцца ад прэтэнзій на спрэчныя выспы за нейкія фінансавыя бонусы.
Тэорыю здрады аргументуюць канкрэтнымі ўчынкамі Макры, які, пасля абрання прэзідэнтам, сапраўды пайшоў на перагляд папярэдняй «мальвінскай палітыкі». Нагадаем, што з 2003 года і да вясны 2016-га Аргенцінай кіравалі па чарзе Нестар Кіршнер, а пасля — яго жонка Крысціна Кіршнер. Пры Нестары Буэнас-Айрэс і Лондан яшчэ спрабавалі наладзіць дыялог, але пры Крысціне паміж краінамі пачалася неабвешчаная халодная вайна.
У часы яе кадэнцыі «мальвінскае пытанне» стала ледзь не фішкай аргенцінскай дыпламатыі. Прычым Буэнас-Айрэсу ўдалося навязаць пытанне рэгіянальным лацінаамерыканскім структурам (Mercosur, Unasur, CELAC) плюс іншым краінам трэцяга свету. Так у 2007-м аргенцінскі суверэнітэт на Мальвінамі (Фалклэндамі) прызнаў саміт лідараў афрыканскіх дзяржаў. Да пазіцыі Буэнас-Айрэса схіляліся Расія і Кітай. Ідэю вяртання акупаваных тэрыторый падтрымала аргенцінскае грамадства. Напярэдадні Алімпіяды ў Лондане ў 2012 годзе зборная Аргенціны знялася ў роліку пра падрыхтоўку да гульняў на тэрыторыі спрэчных выспаў пад лозунгам «Каб выйграць у Англіі, мы трэніруемся ў Аргенціне», што выклікала гучны скандал, і нават заклікі пазбавіць аргенцінцаў права ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
З іншага боку, практычны эфект ад такой агрэсіўнай палітыкі быў мікраскапічны. Асабліва пасля таго, як лейбарыста Тоні Блэра на Даўнінг-Стрыт змяніў кансерватар Дэвід Кэмеран, які адказаў на дыпламатычны наступ Буэнас-Айрэсу мілітарызацыяй рэгіёну Паўднёвай Атлантыкі: Вялікабрытанія павялічыла сваю ваенную прысутнасць на выспах. Пазней Кэмеран падтрымаў ініцыятыву тубыльцаў пра правядзенне на выспах рэферэндуму, удзельнікі якога прагаласавалі за цяперашні статус архіпелагу як заморскай тэрыторыі Вялікабрытаніі. Па выніках рэферэндуму, які прайшоў увесну 2013 года, на карысць цяперашняга статусу выказалася 99,3% пры яўцы 92%. Аргенціна, натуральна, успрыняла галасаванне як фарс, паколькі альтэрнатыўнага пункту гледжання выбаршчыкі не мелі.
Адсутнасць канкрэтных прарываў у палітыцы Кіршнер дала Макры падставу казаць пра неабходнасць перазагрузкі адносінаў з Брытаніяй. На яго думку, дыялог з Аб’яднаным Каралеўствам дазволіць больш эфектыўна ўплываць на настроі жыхароў Мальвінаў. Узмацніць уплыў на выспы можна праз вяртанне туды аргенцінскага бізнесу і за кошт сумесных праектаў. Прысутнасць Аргенціны, паводле Макры, можа ўзмацніць і аднаўленне авіязносінаў паміж выспамі і краінай. Рост камунікацый дазволіць пераарыентаваць моладзь і эліту на кантакты з Аргенцінай. Нарэшце, Аргенціна і Вялікабрытанія могуць сумесна абараняць свае стратэгічныя інтарэсы ў Антарктыцы — рэгіёне, які з улікам змены клімату можа стаць аб’ектам барацьбы за даступную ў хуткім часе эксплуатацыю карысных выкапняў.
Хаця Макры адначасова піша ў сваім Twitter пра тое, што «гэтыя выспы ў Атлантыцы застаюцца і будуць нашымі», шмат аргенцінцаў яму не вераць. Апаненты прэзідэнта ўзгадваюць, што падобную «мірную» праграму вяртання Мальвінаў у абмен на інвестыцыі ў свой час безвынікова праводзіў іншы ліберальны прэзідэнт — Карлас Менем, які за кантрабанду зброі трапіў у турму на сем гадоў. Недавер да Макры тлумачыцца і цяжкасцямі ліберальных эканамічных рэформаў, якія ён запусціў.
Так ці інакш, у мінулую сераду ў аргенцінскай сталіцы прайшла маніфестацыя ветэранаў аргенцінска-брытанскага вайсковага канфлікту 1982 года, якіх ахвотна падтрымала апазіцыя. Няма сумневаў, што ў выпадку вяртання апазіцыі да ўлады, канфлікт вакол выспаў абвострыцца зноў. Цікавая рэакцыя на патрыятычны выбух аргенцінцаў у брытанскай прэсе. На яе старонках баяцца, што Англія, якая моцна завязла ў працэсе выхаду з ЕС, не здольная адпаведна рэагаваць на знешнія выклікі.