Індэкс чалавечага развіцця зніжаецца ўпершыню з 1990 года

Упершыню з 1990 года можа знізіцца Сусветны індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу, які вымяраецца на аснове адукацыі, здароўя і ўзроўню жыцця. Пра гэта паведамляе пргарама развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі, піша Еўрарадыё.

Ілюстрацыйнае фота china.org.cn

Ілюстрацыйнае фота china.org.cn

Прычынай падзення стала пандэмія COVID-19. Адміністратар ПРААН Ахім Штайнер адзначыў, што за апошнія 30 гадоў у свеце адбылося шмат крызісаў, у тым ліку сусветны фінансавы крызіс 2007-2009 гг. Тым не менш адбываўся прагрэс у чалавечым развіцці ва ўсім свеце. "COVID-19 — трайны ўплыў на здароўе, адукацыю і даходы — можа змяніць гэтую тэндэнцыю", — прагназуе Штайнер.
Колькасць ахвяраў каронавіруса ў свеце перавысіла ўжо 300 000 чалавек. Чакаецца, што сусветны даход на душу насельніцтва сёлета знізіцца на 4%.
Па ацэнках ПРААН, 60% дзяцей малодшага школьнага ўзросту (з улікам тых, хто не мае доступу да інтэрнэту) не атрымліваюць адукацыі. Такога ў свеце не было з 1980-х гадоў.
У краінах з нізкім узроўнем чалавечага развіцця, як лічаць у ПРААН, не наведваюць школу сёння 86% дзяцей. Для краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця гэты паказчык складае толькі 20%.
Ліквідаваць гэтую няроўнасць можа доступ да інтэрнэту. Прычым забяспячэнне даступным інтэрнэтам ўсіх людзей з нізкім і сярэднім узроўнем даходу ацэньваецца толькі ў 1% ад той фінансавай падтрымкі, якую сусветная супольнасць вылучае на барацьбу з COVID-19.
ПРААН прапануе пяць прыярытэтных напрамкаў пераадолення крызісу: абарона сістэм і паслуг аховы здароўя; узмацненне сацыяльнай абароны насельніцтва; захаванне працоўных месцаў і дапамога малому і сярэдняму бізнесу, нефармальны сектар эканомікі; выпрацоўка макраэканамічнай палітыкі на карысць усіх; спрыянне міру, добраму кіраванню і даверу з мэтай умацаваць сацыяльную згуртаванасць.
euroradio.fm