Як былыя чорныя рабы з ЗША стварылі першую незалежную краіну ў Афрыцы 200 гадоў таму
Ліберыя – значыць вольная. Апроч назвы і легендарнай гісторыі ўтварэньня ў гэтай частцы Зямлі сёньня мала што добрага: бясконцыя грамадзянскія войны, каля 85% насельніцтва безпрацоўныя. Зусім нядаўна прэзідэнта на відэа забівае наступны прэзідэнт. Але дзяржава вось ужо два стагодзьдзі існуе на палітычнай мапе сьвету.
Чорныя амэрыканцы вярнуліся на гістарычную радзіму каб арганізаваць дзяржаву на прынцыпах ЗША. Гучыць як пачатак цікавага фільма, давайце разьбірацца, як гэта стала магчымым на пачатку ХІХ стагодзьдзя.
Рабы ў Злучаных Штатах былі зьявай паўсюднай і збоьшага звычайнай. Нават першыя прэзідэнты маладой рэспублікі мелі ва ўласнасьці ад 8 да некалькіх дзясяткаў чорных супрацоўнікаў, у якіх не было асаблівых правоў. Пра цікавыя дачэненьні прэзідэнта Джэфэрсана, Тадэвуша Касьцюшкі і чорных рабоў мы згадвалі ў наступным матэрыяле.
Нягледзячы на паўсюдны характар рабства, чалавечы дух аказаўся нязломным. Паняволеныя людзі ўдзельнічалі ў незьлічоных формах супраціву: ад актаў непадпарадкаваньня і сабатажу да адкрытага паўстаньня. На гэтым фоне абаліцыянісцкі рух стаў магутнай сілай, якая выступала за спыненьне рабства. Абаліцыяністы, як чорныя, так і белыя, вялі нястомную кампанію супраць інстытута рабства праз літаратуру, аратарскае майсэрства і палітычную актыўнасьць, каб паўплываць на грамадзкую думку і ажыцьцявіць зьмены.
Для вольных чорных амэрыканцаў тая эпоха характарызавалася парадаксальным існаваньнем. Нягледзячы на тое, што яны не былі скаваныя кайданамі рабства, яны сутыкнуліся з расізмам і шырока распаўсюджанай дыскрымінацыяй. Вольныя чорныя на Поўначы часта падвяргаліся абмежавальным законам і эканамічнай маргіналізацыі. Ну а на Поўдні гэта было сапраўднае пекла суцэльнага рабства.
Тут і ўзьнікла ідэя стварэньня новай радзімы для вольных амэрыканцаў афрыканскага паходжаньня. Амэрыканскае таварыства калянізацыі, заснаванае ў 1816 годзе, адстойвала ідэю калянізацыі як вырашэньня расавай напружанасьці зь якімі сутыкаюцца вольныя чорныя ў ЗША. Амэрыканскае таварыства калянізацыі прапанавала перасяленьне вольных чорных амэрыканцаў назад у Афрыку.
З сёньняшняга дня больш чым небясьпечным выглядае лёзунг «чорныя за калянізацыю», але часы былі не нашыя.
Некаторыя чорныя амэрыканцы глядзелі на калянізацыю з падазрэньнем, бо бачылі ў ёй схему збаўленьня Злучаных Штатаў ад вольнага чорнага насельніцтва, а не сапраўдную спробу дапамагчы ім. Іншыя, аднак, прынялі гэтую ідэю, натхнёныя пэрспектывай стварэньня грамадзтва, дзе яны маглі б жыць вольна.
Калянізацыя вольнымі чорнымі з ЗША Афрыкі
У пачатку 1820-х гадоў Амэрыканскае таварыства калянізацыі распачала свае першыя экспедыцыі ў Заходнюю Афрыку. Звыш амбіцыйны праэкт меў на мэце стварэньне калёніі, дзе маглі б квітнець вольныя чорныя амэрыканцы. Зьвярніце ўвагу на гэты нюанс, які ў будучыні прывядзе да бясконцых грамадзянскіх войнаў: квітнець мусілі вольныя чорныя людзі, якія прыехалі з ЗША. А мясцовыя чорныя людзі, адпаведна, былі патрэбныя для іншых мэтаў. На жаль, у выніку так і склалася, але пра гэта – крыху пазьней.
Першую экспедыцыю, адпраўленую ў 1820 годзе, узначалілі Сэмюэл Мілс і Эбэнізэр Берджэс. Гэтыя двое чалавек, якім было даручана знайсьці падыходнае месца для паселішча, перадвызначылі наступныя 200 гадоў. Іх падарожжа прайшло ўздоўж заходнеафрыканскага ўзьбярэжжа ў пошуках гасьціннага асяродзьдзя для зараджэньня калёніі. Пасьля працяглых перамоваў з мясцовымі афрыканскімі лідэрамі яны атрымалі надзел зямлі на ўзьбярэжжы ў сучаснай Ліберыі. За гэта яны перадалі мясцовым розных тавараў на суму роўную каля 50 тагачасным амэрыканскім далярам.
У хуткім часе, ужо ў 1822 годзе першая група пасяленцаў, якая налічвала каля 86 вольных былых рабоў з ЗША, адплыла да Пярцовага берага ў Афрыку. Пасяленцы сутыкнуліся са шматлікімі праблемамі, у тым ліку з незнаёмымі хваробамі, такімі як малярыя і жоўтая ліхаманка, якія забралі шмат жыцьцяў у першыя гады. Больш за тое, пасяленцам даводзілася наладжваць складаныя адносіны з карэнным насельніцтвам Афрыкі. Першапачатковыя пагадненьні з мясцовымі лідэрамі былі багатыя непаразуменьнямі.
Першае паселішча называлася Хрыстапаліс, што адлюстроўвала моцную хрысьціянскую веру пасяленцаў, што вярнуліся на гістарычную радзіму. Да 1824 года паселішча было перайменавана ў Манровію ў гонар прэзідэнта ЗША Джэймса Манро, слыннага прыхільніка калянізацыі. Манровія хутка стала цэнтрам калёніі.
Нізкія пласты насельніцтва
Пасяленцы, пад уплывам свайго амэрыканскага выхаваньня часта глядзелі на мясцовыя звычаі і сацыяльныя нормы з паблажлівасьцю і пачуцьцём перавагі. Былыя рабы з ЗША выбудоўвалі патэрналісцкія адносіны да мясцовага насельніцтва, якое яны імкнуліся цывілізаваць і навярнуць у хрысьціянства. І наадварот, карэнныя групы мелі свае ўласныя ўсталяваныя сістэмы кіраваньня, рэлігію і сацыяльную арганізацыю. Прыбыцьцё пасяленцаў пагражала іх ладу жыцьця. Спробы чорных амэрыканцаў распаўсюдзіць свае культурныя каштоўнасьці сустрэлі супраціў і крыўду на гады і гады.
Стварэньне пасяленцамі Манровіі і іншых паселішчаў заняло тэрыторыі, якія традыцыйна выкарыстоўваліся мясцовым насельніцтвам для земляробства і паляваньня. Гэтыя канфлікты прыводзілі да бясконцых цыклаў гвалту і адплатаў за гвалт. Адрозьненьні паміж нашчадкамі амэрыканскіх вольных чорных і мясцовым насельніцтвам перажылі два стагодзьдзі і сёньня застаюцца нявырашанымі.
Дзяржава
Галоўнае значэньне мела стварэньне структураванай сістэмы кіраваньня. Пасяленцы прынялі канстытуцыю па ўзоры амэрыканскай, у якой падкрэсьліваліся дэмакратычныя прынцыпы і вяршэнства закона. Па меры стабілізацыі і пашырэньня калёніі пасяленцы ўсё больш імкнуліся да большай аўтаноміі і самавызначэньня. Да 1840-х гадоў Ліберыя разьвіла сьціплую, але вельмі дынамічную эканоміку, заснаваную на сельскай гаспадарцы і гандлі. Больш за тое, ідэалягічныя плыні таго часу, асабліва сусьветныя рухі за нацыянальнае самавызначэньне і адмену рабства, паўплывалі на пасяленцаў. Абвяшчэньне незалежнасьці адбылося 26 ліпеня 1847 года.
Абраньне Джозэфа Джэнкінса Робэртса першым прэзідэнтам у 1848 годзе стала значным крокам у разьвіцьці дзяржавы. Новая незалежная рэспубліка Ліберыя хутка ўсталявала афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з ЗША і Вялікай Брытаніяй.
Злучаныя Штаты Амэрыкі, якія былі зацікаўленыя ў посьпеху праэкта калянізацыі, былі аднымі з першых, хто прызнаў незалежнасьць Ліберыі ў 1862 годзе. Амаль бесперапынна доўгія дзесяцігодзьдзі ЗША ўкладваліся ў эканоміку Ліберыі.
У час поўнай калянізацыі Афрыкі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя Ліберыя захавала сваю незалежнасьць. Сучасная гісторыя гэтай краіны выклікае боль і занепакоенасьць у здольнасьці мясцовых вырашыць праблемы, якім ня бачна канца.