Як дзяржавы разьядноўваліся ў ХХІ стагодзьдзі
У гэты дзень у далёкім ужо 1990 годзе адбылася гістарычная падзея: у адну краіну злучыліся Заходняя Нямеччына і яе брат з лягеру камуністаў. У нашым стагодзьдзі падобных яднаньняў больш не было. Дзяржавы наадварот здабывалі незалежнасьць, але шляхам падзелу. Прыгадалі ўсе выпадкі.
Інданэзія і Ўсходні Тымор
У адрозьненьне ад большасьці сваіх суседзяў з Паўднёва-Усходняй Азіі, якія былі калянізаваныя галяндцамі, Усходні Тымор быў часткай Партугаліі больш за 400 гадоў. У выніку атрымалася выразна адрозная культурная, моўная і палітычная спадчына, якая адрозьнівала яго ад астатняй часткі Інданэзійскага архіпэлягу.
У той час як Інданэзія атрымала незалежнасьць ад Нідэрляндаў у 1949 годзе, Усходні Тымор заставаўся пад уладай Партугаліі да 1975 года, аж да часу, калі палітычны пераварот у Лісабоне прывёў да рэзкай дэкалянізацыі яго заморскіх тэрыторыяў.
Найбольш значнай з мясцовых рухаў быў Рэвалюцыйны фронт за незалежны Усходні Тымор, які абвесьціў незалежнасьць 28 лістапада 1975 года. Аднак гэтая дэклярацыя непраіснавала доўга. Усяго праз дзевяць дзён, 7 сьнежня 1975 года, Інданэзія пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўсходні Тымор на падставе недапушчэньня зьяўленьня камуністычнага пляцдарма на мяжы зь ёю. Гэтае ўварваньне было маўкліва падтрыманае ЗША і Аўстраліяй, якія разглядалі інданэзійскі кантроль як неабходную сілу ў рэгіёне падчас халоднай вайны.
Інданэзія афіцыйна анэксавала Ўсходні Тымор у якасьці сваёй 27-й правінцыі ў 1976 годзе, што так і не было прызнана Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і большай часткай міжнароднай супольнасьці. Маштаб гвалту быў ашаламляльным. Паводле ацэнак, да 200 тысячаў усходнетыморцаў — прыкладна траціна насельніцтва — загінулі ад гвалту, голаду і хваробаў падчас акупацыі.
Але імкненьне да незалежнасьці ня зьнікла. У 1998 годзе пасьля трох дзесяцігодзьдзяў аўтарытарнага кіраваньня ў Інданэзіі ў адстаўку пайшоў прэзідэнт Сухарта. Ягоны пераемнік, Хабібі абвесьціў, што будзе праведзены рэферэндум, каб вызначыць, ці застанецца Ўсходні Тымор аўтаномнай правінцыяй у складзе Інданэзіі, ці абярэ поўную незалежнасьць.
Рэферэндум адбыўся 30 жніўня 1999 года. 78,5% жыхароў Усходняга Тымора выказаліся за незалежнасьць. Аднак гэты вынік разьвязаў рукі праінданэзійскім вайскоўцам і апалчэнцам. Пачалася страшэнная хваля гвалту. Былі спаленыя вёскі, а больш за 250 тысячаў чалавек вымушаныя зьбегчы ад расправы. У адказ на гвалт ААН санкцыянавала міратворчыя сілы пад кіраўніцтвам Аўстраліі, якія аднавілі парадак і кіравалі тэрыторыяй напрацягу 3 гадоў.
20 траўня 2002 года Ўсходні Тымор афіцыйна стаў незалежным.
Сэрбія і Чарнагорыя
Сэрбія і Чарнагорыя былі апошнімі часткамі Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія, якая распалася ў 1990-я гады пасьля жорсткіх канфліктаў і этнічных войнаў. Да 2003 года застаўся толькі «Дзяржаўны зьвяз Сэрбіі і Чарнагорыі».
Чарнагорцы пачалі разглядаць дзяржаўны зьвяз як састарэлыя адносіны, якія перашкаджаюць іх эканамічнаму росту і эўрапейскім інтэграцыйным амбіцыям. Пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Міла Джукановіча ўрад Чарнагорыі пачаў адстойваць ідэю большай аўтаноміі. У той час як Сэрбія спрабавала акрыяць ад эканамічнага эмбарга і наступстваў югаслаўскіх войнаў, эканоміка Чарнагорыі была больш арыентаваная на турызм і вонкавыя рынкі, асабліва з Эўрапейскім Зьвязам.
У 2002 годзе было падпісанае «Бялградскае пагадненьне» пры пасярэдніцтве Эўрапейскага Зьвяза. Яно дазваляла працягваць існаваньне Дзяржаўнага зьвязу Сэрбіі і Чарнагорыі, але з істотным пунктам: праз тры гады кожная з краінаў магла ініцыяваць рэферэндум аб незалежнасьці.
21 траўня 2006 года Чарнагорыя правяла рэферэндум, на якім вырашалася яе будучыня. Былі ўсталяваныя строгія правілы. Эўразьвяз пастанавіў, што для абвяшчэньня незалежнасьці неабходная большасьць у 55%. Пры яўцы больш за 86%, галасаваньне за незалежнасьць прайшло з вынікам 55,5%
На наступны дзень пасьля галасаваньня Эўразьвяз і міжнародныя назіральнікі прызналі легітымнасьць рэферэндуму. Чарнагорыя абвесьціла незалежнасьць 3 чэрвеня 2006 года.
Сэрбія, са свайго боку, была вымушаная прызнаць гэта. У 2017 годзе Чарнагорыя ўвайшла ў NATO, на 2028 год плянуецца ўваходжаньне ў Эўразьвяз. Ну а Сэрбія працягвае быць бастыёнам аўтакратаў з Беларусі і Расеі.
Судан і Паўднёвы Судан
У 2011 годзе на палітычнай мапе сьвету зьявілася самая маладая дзяржава. Гэта стала магчымым пасьля рэкаў крыві і суданскага гора.
Судан, самая вялікая краіна Афрыкі да падзелу, быў насамрэч штучным стварэньнем эпохі каляніялізму. Поўнач была пераважна арабскай і мусульманскай. Яго грамадзтва было культурна зьвязанае з Блізкім Усходам і Паўночнай Афрыкай. Поўдзень Судана, наадварот, быў у значнай ступені афрыканскім па сваім этнічным складзе і хрысьціянскім. Як у такім выглядзе можна суіснаваць у сёньняшнім сьвеце – невядома.
Падчас брытанскага кіраваньня (1899-1956) поўнач разьвівалася і інтэгравалася ў каляніяльную эканоміку, а поўдзень заставаўся занядбаным. Калі ў 1956 годзе Судану была дадзеная незалежнасьць, урад імкнуўся цэнтралізаваць уладу, асіміляваць поўдзень і ісламізаваць усю краіну.
Гісторыя Судана пасьля абвяшчэньня незалежнасьці была азмрочаная дзьвюма працяглымі і крывавымі грамадзянскімі войнамі, абумоўленымі жаданьнем поўдня атрымаць аўтаномію і самавызначэньне. Першая вайна (1955-1972) скончылася падпісаньнем пагадненьня, якое давала абмежаваную аўтаномію поўдню. Аднак у 1983 годзе тагачасны прэзідэнт Судана Джаафар Німэйры ўвёў законы шарыяту па ўсёй краіне, у тым ліку на хрысьціянскім поўдні. Гэта зноў распаліла канфлікт.
Другая грамадзянская вайна (1983-2005) забрала больш за два мільёны жыцьцяў у выніку баёў, голаду і хваробаў. Да рэлігійнага складніка дадаўся яшчэ і кантроль над рэсурсамі, асабліва нафтай. Большая частка запасаў нафты Судана была зьмешчаная на поўдні. Афіцыйна вайна скончылася ў 2005 годзе з падпісаньнем Усёабдымнага мірнага пагадненьня. Гэта дало аўтаномію поўдню, дазволіла дзяліцца даходамі ад здабычы нафты і, што самае істотнае, уключала палажэньне аб рэферэндуме аб самавызначэньні пасьля шасьцігадовага прамежкавага перыяду.
Рэферэндум адбыўся ў студзені 2011 года. У выніку галасаваньня амаль 99% насельніцтва поўдня вырашылі аддзяліцца ад Судана. 9 ліпеня 2011 года Паўднёвы Судан афіцыйна абвесьціў незалежнасьць і стаў самай маладой дзяржавай у сьвеце.
Але сьлёзы паўднёвых суданцаў яшчэ доўга не высыхалі. З 2013 па 2020 там адбывалася ўжо свая грамадзянская вайна. А ў самім Судане за апошнія некалькі гадоў адбыліся два вайсковыя перавароты.