Як у Германіі застаўся толькі адзін «фюрар»

 90 гадоў таму, у жніўні 1934 года, канцлер Германіі Адольф Гітлер у парушэнне Канстытуцыі краіны афіцыйна абвясціў сябе «фюрарам нямецкай нацыі».

Гітлер. Фота deutschlandradiokultur.de

Гітлер. Фота deutschlandradiokultur.de

Цікава, што першапачаткова Адольф Гітлер не жадаў быць «фюрарам». Калі ў 1919 годзе ён уступіў у Нямецкую рабочую партыю, якая неўзабаве стала НСДАП, Гітлер першапачаткова лічыў сябе «барабаншчыкам». На той момант ён, як ветэран Першай сусветнай ідэнтыфікаваў сябе з салдатам, які насуперак цяжкай сітуацыі на полі, упарта працягвае заклікаць людзей на бітву.

Усё змянілася пасля паспяховага маршу на Рым італьянскага фашысцкага лідара Беніта Мусаліні ў 1922 годзе. Усе праварадыкальныя сілы ў Еўропе адразу пачалі арыентавацца на італьянскі варыянт. 

Мімікрыя пад італьянцаў патрабавала наяўнасці ў руху безумоўнага лідара. Нацысты былі не супраць. Але як яго называць? «Дучэ» (як называў сябе Мусаліні) для нямецкага электарату яўна не пасавала. Таксама нацыянал-сацыялісты адпрэчылі тэрмін «дыктатар» для абазначэння кіраўніка руху, паколькі слова паходзіць ад раманскай, а не нямецкай палітычнай традыцыі. Нямецкая правая палітычная традыцыя будавалася не на настальгіі па Імперскім Рыме, а на міфе аб этнічнай арыйскай абшчыне з правадыром, які мае ледзь не спірытуальную сувязь з калектывам.

Так ці інакш, у нацысцкай тусоўцы Гітлера ўсё часцей сталі зваць «фюрар», што з нямецкага перакладаецца як «лідар», «правадыр». Як фюрар партыі нацыстаў ён і прыйшоў да ўлады ў 1933-м.

Фюрарам нямецкай нацыі Гітлер стаў называць сябе пасля незвычайнага юрыдычнага трука. Напярэдадні смерці прэзідэнта Паўля фон Гіндэнбурга гітлераўскі ўрад прыняў 1 жніўня 1934 года закон аб кіраўніку дзяржавы Германскага рэйха, паводле якога, пасля смерці Гіндэнбурга пасады рэйхпрэзідэнта і рэйхсканцлера будуць аб'яднаны шляхам перадачы паўнамоцтваў прэзідэнта рэйха «рэйхсканцлеру».

Калі праз дзень Гіндэнбург памёр, пастанова ўступіла ў сілу. Ва ўказе імперскаму міністру ўнутраных спраў ад 2 жніўня 1934 года Гітлер адзначыў, што ў афіцыйных і неафіцыйных зваротах цяпер да яго будуць звяртацца толькі як «фюрар і рэйхсканцлер».

19 жніўня 1934 года быў праведзены рэферэндум, на якім аб'яднанне пасад атрымала ўхваленне 89,9% выбаршчыкаў. Гэты рэферэндум замацаваў узурпацыю ўлады нацыстамі і дазволіў Гітлеру аб'явіць аб «завяршэнні нацыянальнай рэвалюцыі». Уласна, менавіта аб'яднанне пасад прэзідэнта і часткі ўрада (канцлера) лічыцца канчатковай ліквідацыяй Веймарскай рэспублікі і яе ператварэннем у таталітарны Трэці рэйх.

Трэба сказаць, што на той момант «фюрараў» у Германіі было да халеры, паколькі слова часта выкарыстоўвалася ў побыце ў сэнсе «гід». Былі паляўнічыя фюрары, турыстычныя фюрары, горныя фюрары і т.д. Цяпер усім гэтым «фюрарам прапанавалі» называцца неяк інакш.

Адначасова пачалася кампанія навязвання грамадства паняцця «фюрар». Ужо ў жніўні 1934-га ўсе салдаты прынялі прысягу на вернасць фюрару Адольфу Гітлеру. Усім службоўцам Вермахта было рэкамендавана звяртацца да Гітлера выключна як «мой фюрар». З пачатку 1940-х Гітлера называлі проста Der Führer, ставячы перад ім пэўны артыкль, без згадвання яго імя.

Падключылі да папулярызацыі «фюрара» і царкву. Нейкі рэгіянальны біскуп Евангелічнай царквы загадаў у афіцыйным царкоўным бюлетэні запісаць заступніцкую малітву «за «правадыра і канцлера нямецкага народа» Адольфа Гітлера».

Неўзабаве вакол Гітлера быў створаны беспрэцэдэнтны культ асобы: яго імем былі названыя вуліцы, фатаграфіі Гітлера віселі ў офісах і гасцёўнях, а таксама ў кабінетах. Фюрара многія лічылі бязгрэшным, у адрозненне, дарэчы, ад функцыянераў НСДАП і чыноўнікаў Рэйха.

Увесь гэты масавы псіхоз працягваўся прыкладна да бітвы пад Сталінградам у 1943-м. Пасля гэтага слова «фюрар» паступова страціла сярод немцаў пазітыўны кантэкст. Малавядома, што юрыдычна паняцце «фюрар» у тым выглядзе, які быў прапісаны ў рэферэндуме 1934-га, пахаваў сам Гітлер. Пасля яго смерці 30 красавіка 1945 года, паводле яго завяшчання, пасады рэйхсканцлера (Ёзефа Гебельса) і рэйхпрэзідэнта (Карла Дзённіца) былі зноў падзелены.

Зрэшты, і без гэтага слова «фюрар» чакала забыццё. Пасля 1945-га ў сучаснай нямецкай мове англійскае замежнае слова «лідар» у значнай ступені замяніла слова «фюрэр». Гэты тэрмін захаваўся ў афіцыйнай мове выключна ў назвах кіроўцы транспартнага сродку і яго правах кіроўцы. Або ў назвах пасад у войску і паліцыі, такіх як, скажам, службовы кінолаг —  Hundeführer.