Назад у Веймар? У Германіі адмяняюць 5% бар'ер — прахадны бал у парламент
Цалкам магчыма, што неўзабаве ў нямецкім Бундэстагу будуць засядаць сатырыкі-анархісты, неафашысты, радыкальныя феміністкі і заўзятыя крытыкі эксплуатацыі жывёл. Усё праз нядаўняе гістарычнае рашэнне мясцовага Канстытуцыйнага суда.
Днямі было абнародавана рашэнне Канстытуцыйнага суда Германіі, паводле якога існуючы пяціпрацэнтны парог на выбарах у Бундэстаг супярэчыць Асноўнаму закону.
Сутнасць пяціпрацэнтнага прахаднога бар'еру, таксама вядомага як пункт аб пяці працэнтах, вельмі простая — партыі, якія не атрымалі на агульнанацыянальным узроўні 5% галасоў тых, хто прагаласаваў, пралятаюць міма парламента.
Выключэнне робіцца толькі для арганізацый этнічных меншасцяў і партструктур, якія маюць два прамыя мандаты (два дэпутата, што атрымалі на сваіх акругах больш за палову галасоў).
Закон пра пяціпрацэнтны бар'ер існуе амаль столькі, колькі і ФРГ — з 1953 года. Навошта палітыкам, якія стаялі ля вытокаў новай дзяржавы, спатрэбіўся гэты бар'ер, у прынцыпе зразумела. У іх перад вачамі стаяў досвед Веймарскай рэспублікі, а дакладней, характэрныя для яе перманентныя ўрадавыя крызісы з-за немагчымасці сфармаваць урад або кааліцыю — вынік наяўнасці ў Рэйхстагу велізарнай колькасці фракцый. Тады чахарда адставак і датэрміновых выбараў выклікалі расчараванне ў шэраговых немцаў і запыт на аўтакратыю.
А вось у гісторыі ФРГ такіх выпадкаў практычна не было. Часам, натуральна, не без праблемаў і зацятых дэбатаў, але ўрад заўсёды фармаваўся. У тым ліку з-за адсутнасці фрагментацыі дыпкорпусу мікрапартыямі і звязанымі з гэтым унутранымі канфліктамі.
Зрэшты, паступова, веймарскі сіндром у нямецкім грамадстве знік. Затое для шмат каго стаў відавочным галоўны недахоп існуючай сістэмы. Выбаршчыкі партый, якія не прайшлі пяціпрацэнтны бар“ер, пазбаўленыя прадстаўніцтва ў заканадаўчых органах, адчуваюць сябе адчужанымі ад дзяржаўных інстытутаў, што ўзмацняе антысістэмныя настроі. Тым больш, што часам урадавая кааліцыя атрымлівае абсалютную большасць месцаў у парламенце, але ў суме па краіне не мае 50% галасоў падтрымкі.
І добра, калі лічба выбаршчыкаў, чые партыі апынуліся за бортам парламента, мінімальная. А калі іх колькасць вялікая. Рэкорд быў пастаўлены на парламенцкіх выбарах 2013-га, калі 15 % выбаршчыкаў (прыкладна сем мільёнаў бюргераў) прагаласавалі за партыі, якія праз 5-працэнтны парог не атрымалі мандатаў. На апошніх выбарах 2021-га лічба такіх выбаршчыкаў таксама ўражвала — 8 %.
І вось нарэшце Канстытуцыйны суд прыслухаўся да крытыкаў закона і прыняў адпаведную пастанову.
Што далей? Аматары рэформы адкаркоўваюць шампанскае. На іх думку, адмена бар'ера дазволіць актывізаваць выбаршчыкаў і само палітычнае жыццё ў краіне.
Якім будзе Бундэстаг у выпадку адмены прахаднога бар'ера можна меркаваць па выніках выбараў у Еўрапарламент, на якіх прахадны бар'ер скасаваны з 2014 году. Дзякуючы гэтаму, мандаты еўрапарламентарыяў ад нямецкай квоты атрымлівалі анархісты-сатырыкі з групоўкі DIE PARTEI, радыкальныя феміністкі і бескампрамісныя барацьбіты за правы жывёл.
Будучы ў меншасці партыі-ліліпуты ніяк на глабальны расклад у Еўрапарламенце не ўплываюць. А вось у Германіі, дзе дэпутатаў на парадак менш, умоўныя феміністкі ці сатырыкі могуць патэнцыйна атрымаць «залатую акцыю» — вырашальны голас пры фармаванні ўрадавай большасці.
Ніхто не ведае, які бонус яны запатрабуюць за свае галасы ў падтрымку кабінета. Напрыклад, у выбарчай праграме той жа DIE PARTEI ёсць такія патрабаванні: забараніць рост коштаў на піва, прызнаць сябраў партыі Зялёныя асобным прадстаўніком фауны.
Прыхільнікі рэформаў запэўніваюць, што ўсё абыдзецца. Функцыянальнасць парламентаў, дзе прадстаўлены партыі нават з адным мандатам, дэманструюць Еўрапейскі парламент з 206 партыямі і Федэральны сход Швейцарыі з 12 партыямі.
Зрэшты, нельга выключаць, што ніякай рэформы пакуль не будзе. Замест яе кіроўны ў Германіі кабінет эсдэкаў, лібералаў і эколагаў паспрабуе тлумачыць рашэнні КС у сваю карысць. Напрыклад, раней эсдэкі дапускалі зніжэнне прахаднога бар'ера да трох працэнтаў, што створыць для іх больш спрыяльныя магчымасці для фарміравання кааліцый за кошт дэпутатаў ад новых партый. Эксперты таксама мяркуюць, што рашэнне Канстытуцыйнага суда звязана з намерамі кіруючай кааліцыі змяніць выбарчы закон такім чынам, каб адмяніць так званую агаворку прамога мандата.
У любым выпадку, зроблены важны крок як мінімум у напрамку зніжэння парога ў 5%, калі і не поўнай яго адмены.