Яны пра нас. Замежныя СМІ пра новую Канстытуцыю Беларусі

Сутнасць паправак у Канстытуцыю РБ спрабуюць зразумець і замежныя каментатары. Прапануем невялікі дайджэст публікацый на гэты конт.  

file_0232cd4ea277f1dfe91b44f8abbd5fc6.jpg

«Беларускае кіраўніцтва не хоча ў рэальнасці запускаць працэс транзіту. Яно хоча перафарматаваць сістэму такім чынам, каб Аляксандр Лукашэнка захаваў усе ўладныя рычагі і палітычныя сродкі, якія дазволілі б яму спакойна сябе адчуваць у Беларусі пасля канстытуцыйных змен (…) Не выключаны варыянт, калі будзе абвешчана, што большасць людзей прагаласуе супраць гэтых зменаў у Канстытуцыю РБ і такім чынам застанецца старая канстытуцыя. І прычапіцца будзе вельмі цяжка».
DW
«Гэтая Канстытуцыя — хутчэй абарона ад Пуціна. Аляксандр Рыгоравіч, як і Пуцін, чалавек дастаткова адэкватны, як ні дзіўна, ён ацэньвае свае магчымасці і тое, што можа зрабіць з грамадствам. Лукашэнка разумее, што крыніца ягонай «легітымнасці» і магчымасці кіраваць у Беларусі — гэта прызнанне незалежнасці гэтай дзяржавы».Эхо Москвы (Расія)
«На другую палову лютага наступнага года ў Беларусі запланаваны рэферэндум па папраўках да Канстытуцыі. Гэта азначае вялікую прэвентыўную зачыстку. Акрамя таго, варта чакаць і новых вялізных тэрмінаў: на чарзе працэсы па справах аб "тэрарызме" і "змове з мэтай захопу ўлады"».
Грани (Расія)
«Улада баіцца гэтага рэферэндуму [пра папраўкі ў Канстытуцыю], баіцца новых народных выступаў. Яна баіцца новых выбараў. Таму трэба ў асноўны закон закласці нейкі механізм, які дазволіць яму (Лукашэнку), застаючыся ва ўладзе, не абірацца наўпрост народам, а абірацца вузкай групай асоб. І таму ў новай Канстытуцыі мяркуецца з'яўленне фактычна трэцяй палаты парламента [Усебеларускага народнага сходу], якая будзе мець неабмежаваныя паўнамоцтвы. Новая Канстытуцыя не адлюстроўвае тыя запыты, якія ёсць у беларускім грамадстве, — запыты на перамены. Новы варыянт Канстытуцыі — гэта запыт на кансервацыю сістэмы». RTVI (Украіна)
«У новай рэдакцыі (Канстытуцыі) з'яўляецца новы раздзел — Усебеларускі народны сход, і фактычна ён стане галоўным органам улады ў краіне. Што гэта такое? Насамрэч ён ужо дзейнічае ў Беларусі з сярэдзіны 90-х гадоў. Цяпер жа ён атрымлівае канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Сход вызначае асноўныя напрамкі знешняй і ўнутранай палітыкі, аб'яўляе надзвычайнае становішча, можа адхіліць прэзідэнта. Вось толькі наколькі празрыста ён абіраецца, у праекце Канстытуцыі не растлумачана». Дождь (Расія)
«Для каго напісана гэтая Канстытуцыя. Яна не патрэбная пратэстоўцам, паколькі ў ёй няма дэмакратызацыі, і тым больш не патрэбная прыхільнікам улады. Адзінае разумнае тлумачэнне — дэманстрацыя Расіі, якая настойвала на зменах у Канстытуцыю і выхадзе з крызісу, што Лукашэнка нешта мяняе, пры гэтым сур'ёзна нічога на самой справе не мяняючы».Ліга (Украіна)
«Цікавая роля наступнага прэзідэнта, які на фоне цяперашняга ўяўляецца хутчэй топ-менеджарам, якога заўсёды можна звольніць або як мінімум часова адхіліць ад выканання абавязкаў. У гэтую схему закладзены небяспечны канфлікт, хаця пры жывым Лукашэнку ён немагчымы. Захад з вялікай доляй верагоднасці не прызнае ні рэферэндум, ні яго наступствы. Таму там канструктыўна нічога не каментуюць. Ацэнкі ёсць толькі ад тых, хто прызнае рэформу Канстытуцыі РБ. Яны лічаць, што гэта транзіт улады, максімальна асцярожны, закліканы забяспечыць эвалюцыйны шлях развіцця Беларусі. У ім — гарантыі палітычнай пераемнасці і грамадзянскага міру. І гэта толькі першы этап транзіту, на якім Аляксандр Лукашэнка дэ-юрэ і дэ-факта захавае за сабой усю паўнату ўлады». Украина.ру (Расія)