8 абяцанняў, якія летась не выканаў Лукашэнка
Прыгожыя словы, якія кардынальна разышліся са справай, заўважыла «Салідарнасць».
Праект новай Канстытуцыі «усенародна» абмяркуюць «на працягу года»
У лютым 2021-га Аляксандр Лукашэнка паабяцаў: «На працягу
гэтага года праект Канстытуцыі будзе гатовы, і ён будзе на працягу года
абмеркаваны ўсенародна».
Па факце публікацыю праекта новай Канстытуцыі пераносілі
некалькі разоў, а апублікавалі — за некалькі дзён да Новага года. Да гэтага
моманту ўсякія ілюзіі аб «ўсенародным абмеркаванні» ўжо развеяліся. З
улікам святочных дзён у пачатку студзеня рэальнае сур'ёзнае абмеркаванне
праекта выглядае нерэальным — рэферэндум пройдзе ўжо ў лютым.
Мяняць Канстытуцыю будуць «не пад Лукашэнку»
Нягледзячы на абяцанне кіраўніка, эксперты, вывучыўшы новы
праект Асноўнага закона, сышліся ў меркаванні: Канстытуцыі мяняюць як раз пад
Лукашэнку.
Каб у выпадку, калі яму ўсё ж давядзецца з часам сысці з
пасады прэзідэнта, ён змог утрымліваць уладу ўжо з пасады старшыні
Усебеларускага народнага сходу.
Да канца года ў Беларусі вакцынуюць ад каронавіруса 60%
насельніцтва
Увесну Лукашэнка запэўніваў: «Мы дамаўляліся, што ў
будучым годзе ўжо атрымаем уласную вакцыну. А да гэтага часу мы
правакцынуем практычна ўсё сваё насельніцтва — 60% на першым этапе.
Трэба — дадамо больш».
І вось звесткі Міністэрства аховы здароўя, апублікаваныя 31
снежня: поўным курсам вакцынацыі ў краіне ахоплена 39,8% насельніцтва. Гэта
адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе. Шмат у чым такому становішчу спраў
спрыяла пазіцыя кіраўніцтва краіны: улады адмовіліся не толькі ад прымусовых
мер, але і ад шырокай рэкламнай кампаніі.
Для беларусаў закупяць заходнія вакцыны
Яшчэ адно абяцанне Лукашэнкі, зробленае вясной: «Людзі
хочуць атрымаць вакцыну. Яны яе атрымаюць. Хтосьці хоча хутчэй, вакцыну іншых
краін, добра, закупім. Хай на платнай аснове».
У гэтых словах чытаўся намёк на прышчэпкі з заходніх
дзяржаў. Аднак ужо ў кастрычніку кіраўнік выказаў зусім іншае меркаванне: няма
сэнсу завозіць заходнія вакцыны, бо кітайская і расійскія лепшыя.
— Слухайце, у нас у краіне няма замежных вакцын. У нас,
акрамя «Спутника» і кітайскай вакцыны, няма іншых. І гэтыя
вакцыны не горш. Нам падкідваюць гэтыя «оппы», завезці «Пфайзер», «Джонсан і
Джонсан», «Мадэрну» і іншыя. Для чаго? Каб яны маглі прышчапіцца, атрымаць
пашпарт і ехаць туды, да сваіх, інструкцыі атрымліваць. Каб выехаць на Захад.
Вось для чаго ім трэба, — заявіў Лукашэнка.
Беларусь арганізуе «лепшы» чэмпіянат свету па
хакеі, а Мінск стане «сталіцай ЗША»
На 2021 год кіраўнік планаваў грандыёзныя спартыўныя
спаборніцтвы. Але з-за гвалту і парушэнняў правоў чалавека з боку ўлады ў
Беларусі права на іх правядзенне адабралі.
У 2020-м Лукашэнка заявіў кіраўніку Міжнароднай федэрацыі
хакея Рэнэ Фазелу:
— Вы можаце не сумнявацца: мы разам з нашымі суседзямі
(Латвіяй) на годным узроўні правядзем гэты чэмпіянат. Гэта будзе адзін з
лепшых чэмпіянатаў свету. Я вам цвёрда абяцаю.
Яшчэ раней ён запланаваў, што ў 2021-м у Мінску зноў
пройдзе лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША і запрасіў на яго Дональда Трампа:
— Я абяцаю вам, што праз два гады Мінск стане сталіцай
Злучаных Штатаў Амерыкі.
Крым прызнаюць расійскім толькі «пасля алігархаў»
Яшчэ ў жніўні кіраўнік запэўніваў расійскіх журналістаў:
— Калі апошні алігарх у Расіі прызнае Крым і пачне
пастаўляць туды прадукцыю, за мной справа не заржавее, хоць мяне многае
звязвае. Будапешцкая дэкларацыя... Але я і праз гэта пераступлю.
Але ўжо праз некалькі месяцаў, не чакаючы прызнанняў з боку
расійскіх алігархаў, кіраўнік у інтэрв'ю РІА «Новости» сказаў, што лічыць
паўвостраў дэ-факта і дэ-юрэ тэрыторыяй РФ.
Праўда, у Крым ён пакуль не даляцеў: украінскія ўлады словы
Лукашэнкі сур'ёзна ўспрымаць адмаўляюцца.
Візіт на Далёкі Усход
Восенню 2020-га кіраўнік Беларусі запэўніваў расійскую
дэлегацыю:
— Я ўжо дзецям паабяцаў, што ў наступным годзе выберу час і
абавязкова. Возера Байкал, Алтай, Прымор'е, Сахалін, натуральна, Камчатка — усё ж
такі трэба пабываць і паглядзець на гэты цуд прыроды. У мяне такія рамантычныя
ўражанні. Я ва Уладзівастоку быў адзін раз. Дык я ўяўляю, што такое
Уладзівасток. А вось Далёкі Усход — рамантыка і не болей. Хацелася б паглядзець,
што на самой справе ўяўляе сабой гэты край.
Але ў мінулым годзе аб гэтых планах Лукашэнка не ўспомніў.
У Беларусі з'явіцца новы Нацыянальны выставачны цэнтр
Пра гэта казаў Лукашэнка ў 2019 годзе: «Давайце
вызначацца і зробім так, каб ужо ў 2021 годзе мы мелі падобны цэнтр».
За мінулы год яго будаўніцтва так і не пачалі.