Святлана Калінкіна: Беларускі рэжым дрэйфуе ў бок таталітарызму
Святлана Калінкіна на старонках «Народнай Волі» разважае аб эвалюцыі ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Прыводзім тэкст журналісткі цалкам у перакладзе на беларускую мову.
Дзіўна! Слова «дэмакратыя» ў дзяржаўных
прапагандыстаў амаль лаянкавае, але артыкул 1 Канстытуцыі па-ранейшаму
вызначае: «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная прававая
дзяржава». Больш за тое, калі спытаць у Аляксандра Лукашэнкі: «Беларусь — дэмакратычная краіна?» — ён адназначна адкажа: супердэмакратычная.
Спытаем у Качанавай — і Наталля Іванаўна нават абразіцца,
што нас западозрылі ў адваротным.
Задамо пытанне ганебнаму Мукавозчыку — ён доўга і
мудрагеліста будзе распавядаць, якія дэмакратычныя беларускія амапаўцы.
Але праблема ў тым, што карціна свету канкрэтных Лукашэнкі,
Качанавай, Мукавозчыка, Калінкінай, Іванова ці Сідарава не навуковая. Гэта тая
карціна, якую мы бачым са свайго акна. Ці хочам бачыць. Або прыдумляем.
Сучасныя грамадствы ўсё-ткі жывуць, зыходзячы з навуковага
светапогляду, нават нягледзячы на тое, што навука як від чалавечай дзейнасці
з'явілася адносна нядаўна.
Дык вось ёсць такая навука — паліталогія. І яна не бачыць
Беларусь дэмакратычнай дзяржавай. Сапраўды гэтак жа, як не бачыць такой Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку сямейства Кімаў, або Дэмакратычную Рэспубліку
Афганістан талібаў, або найбяднейшую ў Афрыцы Дэмакратычную Рэспубліку Конга.
Наогул, з класіфікацыяй палітычных рэжымаў у паліталогіі ўсё
проста. Яны альбо дэмакратычныя, альбо антыдэмакратычныя, альбо
гібрыдныя — канчаткова не прыбіліся да нейкага полюсу.
Дэмакратычныя — гэта тыя, дзе ёсць панаванне закона, рэальны
падзел уладаў, рэальная наяўнасць палітычных і сацыяльных правоў і свабод
грамадзян, рэальная выбарнасць органаў дзяржаўнай улады, рэальная апазіцыя,
рэальныя плюралізм і свабода слова.
У антыдэмакратычных якая-небудзь з гэтых прыкмет або нават
усе адразу адсутнічаюць. Адпаведна, гэтыя рэжымы падзяляюцца на аўтарытарныя,
калі палітычная ўлада засяроджваецца ў руках асобнага чалавека ці групы людзей,
і таталітарныя, калі ўлада жорстка кантралюе ўсе сферы жыцця грамадства.
Прасцей кажучы, альбо народ кантралюе ўладу — і тады гэта
дэмакратыя, альбо ўлада кантралюе народ — і тады словам «дэмакратыя» прыкрываюцца, як фігавым лістком.
Беларусь з пункту гледжання палітычнай навукі ў сваёй
суверэннай гісторыі дрэйфавала ад кароткага перыяду дэмакратыі да гібрыднага, а
потым і да аўтарытарнага рэжыму. Але гэты дрэйф працягваецца.
Вы, напэўна, звярнулі ўвагу на навіны кшталту:
— у Беларусі чалавека арыштавалі за бел-чырвона-белыя
шкарпэткі;
— завялі справу за дом, пафарбаваны ў бел-чырвона-белы
колеры;
— аштрафавалі за тое, што пераслаў сябрам навіну з нейкага
тэлеграм-канала або сайта;
— пасадзілі за тое, што гучна ўключыў пэўную песню,
сігналіў, наклеіў на акно белы аркуш паперы, меў белы бранзалет…
І гэтак далей і да таго падобнае…
Адных гэтыя навіны абуралі, іншых натхнялі, трэція наогул не
верылі, што такое можа адбывацца ў нашай «супердэмакратычнай краіне».
Але для тых, хто ацэньвае тое, што адбываецца, з пункту гледжання навукі, усе
гэтыя навіны — адназначная прыкмета дрэйфу палітычнага рэжыму ў бок
таталітарнага.
Бо, пагадзіцеся, раней дзяржаве не было справы да таго,
якога колеру нашы шкарпэткі ці што азначае аркуш паперы на акне. Калі вы не
заклікалі да вайны ці не рэкламавалі наркотыкі, то маглі быць спакойныя за свае
каментары ў сацсетках. Вы чыталі тыя сайты, якія лічылі цікавымі, вы слухалі
тыя песні, якія адпавядаюць вашаму настрою.
Але зараз усё змянілася. Гэта і ёсць тая мяжа паміж
аўтарытарным і таталітарным рэжымамі, якую беларуская ўлада пераступае. Яна
пачынае кантраляваць і ўмешвацца ў пытанні паўсядзённага жыцця людзей, нашай асабістай жыццёвай прасторы.
З пункту гледжання паліталогіі, гэта адназначная прыкмета
пераходу ад аўтарытарызму да таталітарызму. Пры аўтарытарызме немагчымая моцная
палітычная апазіцыя (што мы і назіралі на працягу апошніх 25 гадоў), але ў
непалітычных сферах, напрыклад у эканоміцы, культуры або прыватным жыцці,
захоўваюцца аўтаномія асобы і адносная свабода. А вось калі дзяржава спрабуе
ўзяць пад кантроль усе сферы — гэта ўжо новы этап, таталітарны.
Від з акна Аляксандра Лукашэнкі, верагодна, не
такі змрочны. Яму і старая Канстытуцыя падабалася, і праект новай цалкам па
душы. Таму што ніякіх новых механізмаў, каб народ мог кантраляваць уладу, у ёй
не закладзена.
Усё, што пра дэмакратыю, гэта як у старой Канстытуцыі, так і
ў новай — з разраду «загаворваць зубы». Яго гэта цалкам задавальняе.
Зрэшты, тыя, хто да гэтага часу жыве па-за навуковай карцінай свету, вылучаюць і не такое. Напрыклад, у прамым сэнсе слова пры зубным болі ідуць не да стаматолага, а да бабак ды шаманаў «загаворваць зубы». Скажаце, што такіх дрымучых асобін засталіся адзінкі? Дык і таталітарных дзяржаў у свеце — па пальцах пералічыць.