Ад хакея да інтэрв'ю ВВС. Сем паражэнняў рэжыму ў мінулым годзе

2021 год атрымаўся для беларускіх уладаў найцяжэйшым. Шмат у чым з-за ўласных памылак. «Салідарнасць» пералічыла самыя прыкметныя паразы рэжыму.

riga24_1a.jpg

Адмена ЧС па хакеі ў Мінску

На пачатку года, пасля шматлікіх зваротаў аб рэпрэсіях і гвалце ў Беларусі, Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) пазбавіла Мінск права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі-2021. І гэта нягледзячы на нядаўні візіт яе кіраўніка Рэнэ Фазеля да Аляксандра Лукашэнкі.

З боку ўладаў рушыла ўслед хваравітая рэакцыя, якая атрымала працяг праз некалькі месяцаў. Мэр Рыгі Марціньш Стакіс (на фота) падчас чэмпіянату свету замяніў дзяржаўны сцяг Беларусі на бел-чырвона-белы.

А ўжо ў верасні IIHF дыскваліфікавала тагачаснага кіраўніка ФХБ Дзмітрыя Баскава на 5 гадоў, вымусіўшы яго сысці ў адстаўку. Іншы важны спартыўны функцыянер — кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка — яшчэ вясной не быў прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам легітымным кіраўніком.

Публікацыя зліваў у сеціве

Першыя публікацыі тэлефонных размоў з галасамі, падобнымі на галасы прадстаўнікоў бліжэйшага атачэння Лукашэнкі, у канцы 2020 года сталі інфармацыйнай бомбай.

Але аказалася, што гэта быў толькі пачатак. Хакеры заявілі, што займелі даныя ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС, і на працягу ўсяго 2021 года публікавалі ў сетцы аўдыязапісы праслухоўванняў сілавікоў і чыноўнікаў.

Галасы, падобныя на галасы Эйсмант, Караева, Балабы, Казлова, Прышчэпскага і іншых, абмяркоўвалі падчас размоў дзеянні, спрэчныя, мякка кажучы, з пункту гледжання законнасці. У прыватнасці, рэйды з падключэннем сілавікоў па мінскіх дварах, катаванні для змешчаных у ізалятары, зрывы санкцыянаваных мерапрыемстваў.

Аўдыязапісы сабралі сотні тысяч праглядаў і спрыялі яшчэ большай страце рэпутацыі сілавікоў і чыноўнікаў. Лічыцца, што адным з нечаканых наступстваў зліваў стала звальненне з пасады прэс-сакратара МУС Чамаданавай.

Улады палічылі лепшым скандальныя запісы не каментаваць.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair

У канцы траўня самалёт Ryanair, які ляцеў па маршруце Афіны — Вільнюс, быў вымушаны прызямліцца ў беларускай сталіцы, дзе з яго борта знялі Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Соф'ю Сапегу.

Тое, што спачатку выглядала бліскучай спецаперацыяй, на справе прывяло да найцяжэйшых наступстваў: у адказ Еўропа закрыла неба для беларускіх самалётаў, а затым упершыню ўвяла сектаральныя санкцыі супраць Беларусі, абмежаваўшы імпарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.

Лукашэнка і ягоныя падначаленыя відавочна не пралічылі рызыкі, спрабуючы дабрацца да апазіцыйнага блогера.

Усяго ж за 2021 год супраць рэжыму было ўведзена некалькі пакетаў санкцый. ЗША адзначыліся ўдарам па канцэрне «Белнафтахім» і яго прадпрыемствах — «Белшыне», «Гродна Азоце», «Гродна Хімвалакне», «Лакафарбе», «Полацк-Шкловалакне» і «Нафтане».

Уцёкі Крысціны Ціманоўскай

Пасля таго, як лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская абурылася ў сацсетцы тым, што яе без паведамлення паставілі на не ўласцівую ёй дысцыпліну, кіраўніцтва беларускай дэлегацыі адхіліла спартсменку ад удзелу ў Алімпіядзе ў Токіа і паспрабавала ледзь не сілай пасадзіць на самалёт да Мінска.

Лёгкаатлетка збегла і пра ўсё распавяла японскім уладам: скандал выйшаў грандыёзным. Ціманоўская, з'ехаўшы ў Польшчу, ужо адкрыта выступіла супраць рэжыму Лукашэнкі.

Міграцыйны крызіс

Спробы мігрантаў з краін Блізкага Усходу перайсці з Беларусі на тэрыторыю Еўрасаюза пачаліся вясной. Спачатку больш за ўсіх пакутавала Літва. Абвастрыўся міграцыйны крызіс у лістападзе, калі некалькі тысяч мігрантаў паспрабавалі ўзяць польскую мяжу штурмам.

Эксперты сыходзіліся ў меркаванні: крызіс штучна створаны беларускім рэжымам, каб прымусіць заходнія краіны адмовіцца ад санкцыйнага ціску, пайсці на перамовы з Мінскам і прызнаць легітымнасць Лукашэнкі.

У Палацы Незалежнасці амаль паверылі ў перамогу пасля званка Ангелы Меркель кіраўніку Беларусі. Але надзеі не апраўдаліся: Еўрасаюз не прагнуўся і не толькі не пайшоў на перамовы, а адказаў новым пакетам санкцый.

Інтэрв'ю Лукашэнкі BBC

Каля года пасля падзей жніўня 2020 года кіраўнік пазбягаў зносін з журналістамі, якія маглі задаць яму крытычныя і вострыя пытанні. Але ўвосень 2021 года вырашыў пайсці ў атаку.

Спачатку было інтэрв'ю CNN, пасля якога ўлады апынуліся незадаволеныя сюжэтам усяго ў некалькі хвілін і «штампамі» з боку аўтараў. А затым Лукашэнка спатыкнуўся аб Сцівена Розенберга з BBC.

Што данёс кіраўнік да заходніх гледачоў? Прызнаў збіццё на Акрэсціна і тое, што свядома заплюшчвае вочы на дзеянні мігрантаў, а таксама заявіў: «Выражам усіх нягоднікаў, якіх вы фінансавалі».

Назіральнікі зрабілі выснову: Розенберг амаль давёў суразмоўцу да істэрыкі, «допыт атрымаўся». Некалі добры прамоўца Лукашэнка ад зносін з заходнімі СМІ не выйграў, а страціў.

Падрыхтоўка да рэфэрэндуму і падпісанне саюзных праграм

На працягу ўсяго 2021 года пры абмеркаванні канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка ці не тлумачыў, ці з цяжкасцю спрабаваў растлумачыць, навошта ж яна яму патрэбная. З напамінкаў Пуціна і іншых афіцыйных асоб Расіі вынікала, што Мінск ідзе на рэферэндум пад напорам Масквы, адплачваючыся за падтрымку ў жніўні мінулага года.

Замяць справу Лукашэнку так і не ўдалося: рэферэндум прызначылі на люты 2022 года.

Не атрымалася і адмовіцца ад падпісання 28 саюзных праграм, здавалася б, ужо пахаванага праекта па паглыбленні інтэграцыі. Акрамя таго, беларускія ўлады пайшлі на стварэнне сумеснага з Расіяй ваенна-вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі ВПС і войскаў СПА, а таксама падпісалі з РФ новую ваенную дактрыну.

Залежнасць рэжыму ад Масквы яшчэ больш павялічылася.