ЕСПЧ забараніў Расіі выдаваць Дзмітрыя Падлобнікава Беларусі

Еўрапейскі суд па правах чалавека да 31 студзеня 2022 года забараніў Расіі выдаваць на радзіму беларуса Дзмітрыя Падлобнікава.

020e725d_b9a4_4cbd_a6c3_514684e60e8f_w1023_r1_s_1.png


Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік прававых праграм Маскоўскай Хельсінкскай групы Раман Кісялёў.
«Мы атрымалі 39 правіла Еўрапейскага суда аб часовых мерах — суд забараніў выдачу да 31 студзеня! Спрабуем да ўсіх дастукацца, каб улады былі ў курсе, і яго не вывезлі да гэтай даты», — напісаў праваабаронца.
Паводле Кісялёва, Дзмітрый Падлобнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў Расіі, у СІЗА-4. У Беларусі яго падазраюць у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ) і «гвалце альбо пагрозе гвалтам у дачыненні да міліцыянта» (арт. 364 КК РБ).
28 снежня адвакатка Марыя Красава распавяла «Медыязоне», што Падлобнікава вывезлі з СІЗА, і выказала меркаванне, што яго могуць экстрадаваць у Беларусь.
25-гадовы Дзмітрый Падлобнікаў выходзіў на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў у Жлобіне. Яго затрымалі 9 жніўня 2020 года, пратрымалі тры дні ў Петрыкаўскім РАУСе і адпусцілі на волю. Пазней ён выехаў на працу ў Расію, аднак у траўні 2021 года быў затрыманы там па запыце рэжыму Лукашэнкі. Дзмітрый чакаў пастановы аб экстрадыцыі ў СІЗА Каломны, нядаўна яго перавезлі ў адзін з маскоўскіх СІЗА.
Ад жніўня 2020 года ў Расіі арыштавалі прынамсі два дзясяткі беларусаў па справах, звязаных з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі. Некаторых ужо выслалі на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя ці дэпартацыя. Масква рэдка адмаўляе Мінску і дазваляе затрыманні на сваёй тэрыторыі беларускім сілавікам.