Аляксей Венядзіктаў: Для Пуціна Беларусь — гэта 2024 год, гэта новыя выбары прэзідэнта Расіі
Галоўны рэдактар расійскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў пракаментаваў стан беларуска-расійскіх адносін. На ягоную думку, цікавасць Масквы да Лукашэнкі заключаецца перш за ўсё ў магчымасці атрымаць дадатковы аргумент да выбараў прэзідэнта РФ у 2024 годзе.
«Я па-ранейшаму пакуль лічу, што для Пуціна Беларусь —
гэта 2024 год, гэта новыя выбары прэзідэнта Расіі, можа быць пад гэта Саюзная
дзяржава, дзе спатрэбіцца дадатковы інтарэс», — заявіў Венядзіктаў.
Ён шчыра прызнаўся, што не гатовы рабіць прагнозаў, што
будзе з Беларуссю далей. Заўважыў толькі, што «Лукашэнка дакладна разумее,
што яго стаўка на сілу — гэта адзінае, што магчыма. У яго няма цяпер ні эканамічнай
стаўкі, нічога іншага, усё атрымлівае ад Расіі практычна».
Апошнія перамовы Пуціна і Лукашэнкі адбыліся ў канцы снежня. Заяў для СМІ па іх выніках зроблена не было. Падчас пратакольнай здымкі бакі казалі аб «значным кроку наперад» у справе саюзнага будаўніцтва. Акрамя таго, Пуцін распавёў аб сумесных вайсковых вучэннях, якія павінны прайсці ў Беларусі ў лютым-сакавіку 2022 года. У гэты час у краіне павінен таксама адбыцца канстытуцыйны рэферэндум, на карысць правядзення якога актыўна выказвалася расійская ўлада. Аб новай фінансавай дапамозе бакі, падобна, не дамовіліся. Ва ўсякім выпадку, па выніках перамоў пра гэта нічога сказана не было.
Паводле «Еўрарадыё».