Звольнілі кантрабасіста Опернага тэатра, які папаўся п'яным за стырном у майцы з цытатай Лукашэнкі

23 снежня ў Мінску затрымалі п'янага кіроўцу ў майцы з цытатай Лукашэнкі «Будет очень интересно». Неўзабаве высветлілася, што затрыманы — Генадзь Казачэнка, кантрабасіст Нацыянальнага тэатра оперы і балета і квінтэта «Серэнада». Квінтэт перыядычна ўдзельнічае ў праўладных мерапрыемствах, а яго кіраўніца, спявачка Таццяна Траццяк, прытрымліваецца праўладных поглядаў.

kazaczenka_211223_aoxmx.jpg

Відэа з'явілася ў телеграм-канале ДАІ, але пазней яго выдалілі. А праз некалькі дзён мужчыну звольнілі з працы, піша «Наша Ніва».

Як паведамілі калегі Казачэнкі, яго звольнілі з Опернага тэатра яшчэ летась, практычна адразу пасля затрымання.

Пасля гэтага Генадзь выдаліў з інстаграма фатаграфіі з майкай, на якой змешчаныя цытаты Лукашэнкі. «Прымаючы рашэнне, думайце на дзесяць крокаў наперад. Так, думайце галавой, а не… Некаторым карысна проста думаць. Не забывайце, што адну і тую ж інфармацыю ўспрымаюць па-рознаму», — напісаў музыка 1 студзеня на сваёй старонцы.

Аб самім Казачэнку вядома не шмат. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. У Оперны ён прыйшоў адносна нядаўна, а ў складзе «Серэнады» — гэты калектыў утвораны ў 2006 годзе з ліку артыстаў аркестра тэатра — з'явіўся толькі ў сакавіку гэтага года.