Каляды і забастоўка. Дасье ў карыкатурах

Напэўна, сёлета самае незвычайныя Каляды ў жыхароў Вялікабрытаніі. Тут антуражам свята сталі маштабныя забастоўкі, якія паралізавалі цэлыя сектары краіны.


Першыя забастоўкі пачаліся яшчэ летам. На думку спецыялістаў, у глабальным плане яны сталі рэакцыяй працоўных на няздольнасць брытанскай эканомікі аднавіцца ад трох удараў, атрыманых у пачатку ХХІ стагоддзя: фінансавага крызісу 2008 года, а таксама брэксіту з ковідам у 2020-м. Гэтыя з'явы выклікалі рост коштаў. Адпаведна, страйкоўцы патрабуюць росту заробкаў.
Тое, што ўдзельнікі першых стачак дастаткова хутка дабіліся павышэння заробкаў, і справакавала новую хвалю, якая паступова набыла характар цунамі. Сёння ў Брытаніі бастуюць медыкі, настаўнікі, паштальёны, нафтавікі, юрысты, сувязісты, паркоўшчыкі, зборшчыкі смецця, машыністы, партавікі, пажарныя, дзяржслужачыя і шмат хто яшчэ.
На пік стачкі пачалі выходзіць да пачатку калядных свят. Нядзіўна, што многія карыкатурысты ілюструюць навіны з палёў класавых бітваў з дапамогай калядных матываў. Напрыклад, нейкі мастак прапанаваў выпусціць адмысловыя адвэнт-календары. Традыцыйна, гэта паштоўка або кардонная хатка з вокнамі, дзе можа ляжаць цукерка. У сучаснай версіі за акенцам знаходзіцца не цукерка, а выява галіны, якая далучылася да стачкі.

1_640.jpg

Іншы мастак прапанаваў новы дызайн калядных швэдраў, на якіх адлюстраваў звычайных снегавікоў у выглядзе страйкоўцаў.

2_593.jpg

Па ходзе таго, як усё больш наёмных працоўных уліваюцца ў пратэсны рух, у графікаў лагічна нарадзілася ідэя, што сёлета баставаць будуць і эльфы, якія дапамагаюць Санта Клаусу. Гэтую забастоўку выявілі вось такім чынам.

3_531.jpeg

На іншым малюнку Санта Клаус хоча выканаць сваю місію, але не можа з-за забастоўкі супрацоўнікаў рамонтнай кампаніі, якая абслугоўвае сані.

4_494.png


З-за забастоўкі работнікаў пошты з'явіліся тэматычныя жарты, якія датычацца калядных паштовак. Герой гэтай карыкатуры вырашае напярэдадні Новага года напісаць віншаванне з Вялікаднем. Бо карэспандэнцыя наўрад ці прыйдзе да адрасата раней, чым увесну.

5_459.jpg


Асобны напрамак у карыкатурах — біблейская тэматыка. Напрыклад, на гэтым малюнку страйкуюць вярблюды, якія дастаўляюць трох каралёў з падарункамі да народжанага Ісуса. 

6_337.jpg


А на гэтым графічным творы бацька і маці Ісуса канстатуюць, што з-за забастоўкі медыкаў адзінае месца для родаў — гэта звычайны хлеў.

7_240.jpg

Што тычыцца ўрада, то ён не прыдумаў нічога лепшага, як замяшчаць бастуючых работнікаў салдатамі. Гэта рашэнне выклікала іранічныя прапановы, каго і што яшчэ могуць замяніць вайскоўцы. Напрыклад, адзін з мастакоў прапануе прэм'еру выкарыстоўваць салдата замест навагодняй ялінкі.

8_160.jpg

Нечуваная для апошніх дзесяцігоддзяў страйкавая хваля вярнулася да жыцця прывід хаатычных 1970-х. Успамінаюць «The Winter of Discontent» (бел: Зіма незадаволенасці) — перыяд з лістапада 1978 па люты 1979, які характарызаваўся шматлікімі забастоўкамі, што выклікала шмат праблемаў аж да дэфіцыту святла. Выданне The Guardian бачыць новую Зіму незадаволенасці як фільм жахаў «The Winter of Discontent-2», дзе міністры будуць выглядаць, як нейкія пачвары.

9_129.png

Зрэшты, каскад гумару на тэму стачак хутчэй амартызуе цяжкасці і збольшага надае Калядам вясёлы каларыт. Не гаворачы ўжо аб тым, што гумар дазваляе знайсці нават у праблемах нейкі пазітыў. Напрыклад, брытанцы жартуюць, што забастоўкі і крызіс у інфраструктуры могуць адпудзіць мігрантаў. На адной з карыкатур прэм'ер піша на скале на брытанскім беразе Ла-Манша спецыяльнае пасланне мігрантам: «У краіне няма медсясцёр, амбулаторый, транспарту, пошты. Вы ўсё яшчэ сюды хочаце?».

10_112.jpg