Канец двухпартыйнай сістэмы?

Прыхільнікі Берні Сандэрса і Дональда Трампа заклікаюць сваіх куміраў ісці на выбары асобна ад партый. Ці ёсць пагроза двухпартыйнай сістэме ЗША? Пра гэта спецыяльна для НЧ — брытанскі журналіст Том Холл.

vybary_zsza_2.jpg


— Праймерыз у Нью-Ёрку фактычна сталі памінальным звонам па амбіцыях Сандэрса стаць кандыдатам ад дэмакратаў. Які стан у лагеры Сандэрса пасля катастрофы ў Нью-Ёрку?

 

— Як не дзіўна, там хапае аптымізму. Сандэрс і так дабіўся шмат чаго. Калі б нехта год таму сказаў, што такі стары палітык, ды яшчэ пад сацыялістычнымі лозунгамі, здольны заручыцца падтрымкай 40 працэнтаў сябраў Дэмакратычнай партыі, ён бы стаў героем сатырычных шоу. Пры гэтым Берні Сандэрс сапраўды мабілізаваў шмат людзей, якія дапамагалі яму ў тым ліку і фінансава. Відавочна, камандзе Сандэрса хочацца працягу кампаніі. Сказаныя ім на адным з нядаўніх мітынгаў у Нью-Ёрку словы пра тое, што Хілары Клінтан «не мае адпаведнай кваліфікацыі для пасады прэзідэнта», шмат хто ўспрыняў як маніфест новай партыі.

 

— Ці стварылі ўжо аматары новай партыі якую-небудзь арганізацыю?

 

— Функцыю такога цэнтра гуляюць карлікавыя левыя групоўкі, якія падтрымалі Сандэрса і, напэўна, упершыню выйшлі за межы палітычнага гета. Напрыклад, адзін з дэпутатаў гарсавета Сіэтла — сябра трацкісцкай секты, запусціў інтэрнэт-петыцыю, падпісанты якой заклікаюць Сандэрса працягнуць удзел у выбарах. Калі не памыляюся, там зараз каля 10 тысяч подпісаў. Найбольш буйныя арганізацыі, якія штурхаюць Сандэрса працягваць выбарчую кампанію: антыглабалісцкая ініцыятыва Occupy Wall Street, "Партыя працоўных сямей", прафсаюз медыкаў і г.д.

 

— Ці пракаментаваў як-небудзь гэтыя заклікі сам Сандэрс?

 

— Пакуль, наколькі я ведаю, не. Акрамя таго, раней ён абяцаў падтрымаць Клінтан, асабліва, калі ў фінале ёй будзе супрацьстаяць Трамп. Яму таксама часта нагадваюць пра казус Ральфа Найдэра — кандыдат ад Зялёных, які ў 2000 годзе адабраў у дэмакратаў пару працэнтаў галасоў, дазволіўшы стаць прэзідэнтам Бушу-малодшаму. У падобнай сітуацыі Сандэрс будзе захоўваць інтрыгу да канца праймерыз. Ужо вядома, што пасля іх заканчэння 18 чэрвеня яго прыхільнікі збяруцца на «народны саміт» у Чыкага, каб вызначыцца з далейшымі планамі.

 

Мая асабістая думка — Сандэрс усё ж падтрымае Клінтан, для якой гэтая падтрымка проста крытычна. Калі прыхільнікі Сандэрса застануцца ў дзень выбараў дома, Хілары Клінтан моцна рызыкуе. Падзякай за гэту падтрымку напэўна будзе дэмакратызацыя статуту партыі, напрыклад, скасаванне інстытуту супердэлегатаў — прыкладна 700 удзельнікаў канвенту, якія абіраюцца ненаўпрост. Прэса лічыць, што дэмакратычны прынцып абрання дэлегатаў на канвент дазволіць сацыялістам выйграць намінацыю ў кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі ў 2020 годзе.

 

— Ці магчыма, што новая партыя будзе заснаваная без удзелу Сандэрса? Ці ёсць асобы, здольныя ўзначаліць рух за стварэнне ўплывовай масавай партыі, больш левай за дэмакратаў?

 

 — Падчас кампаніі Сандэрса з’явіліся новыя імёны, аднак гэта маладыя людзі, у якіх палітычная кар’ера па-сапраўднаму пачнецца толькі праз пэўны час. Сацыёлагі падлічылі, што сярэдні ўзрост цяперашняй вярхушкі Дэмакратычнай партыі — каля 60 гадоў. Як следства, прыход новай генерацыі ў парткіраўніцтва ў хуткім часе проста непазбежны. З улікам таго, што большасць маладых актывістаў Дэмакратычнай партыі (тых, хто маладзейшы за 45 гадоў) — прыхільнікі Сандэрса, яны і будуць фармаваць будучы профіль арганізацыі. Феномен Сандэрса і дэмаграфія напэўна пасунуць Дэмпартыю ў бок левага цэнтру з нішы лібералаў, якую партыя займае цяпер.

 

— Чаму ў лагеры рэспубліканцаў шмат хто гатовы падтрымаць партыйны праект Дональда Трампа?

 

— Трамп, у адрозненні ад Сандэрса, ад самага старту быў настроены супраць кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі, свядома агучваў праект стварэння сваёй партыі яшчэ ў лістападзе мінулага года. Яго сацыяльная база — кансерватары з усіх сектараў грамадства, уключаючы нават учорашніх эмігрантаў, якія ненавідзяць эліту рэспубліканцаў. Кансерватыўны выбаршчык адчувае сябе дыскамфортна праз эканамічны крызіс, наплыў эмігрантаў, гомасексуальныя шлюбы. Між тым, рэспубліканскі істэблішмент, наадварот, выступае за лібералізацыю рынку і дае зялёнае святло эмігрантам і геям. На гэтай палярызацыі светапоглядаў і гуляе Трамп.

 

— Круз і Кейсіч плануюць стварыць на канвенце рэспубліканцаў блок са сваіх дэлегатаў, каб заблакаваць намінаванне скандальнага мільярдэра. Ці можна пасля гэтага казаць, што незалежная балаціроўка Трампа і стварэнне пад яго кампанію новай партструктуры фактычна непазбежныя?

 

— У гісторыі рэспубліканцаў было нешта падобнае, напрыклад, у 1976 годзе. Тады высунуты партыйным істэблішментам Форд змагаўся з выскачкам Рэйганам, за якім стаяла публіка накшталт той, якая зараз ідзе за Трампам і якая таксама думала пра сваю партыю. Нягледзячы на напал эмоцый, партыя захавала адзінства. Аднак усё ж у Рэйгана і Трампа іншыя сістэмы каардынат палітычнай культуры. Ад Дональда можна чакаць чаго заўгодна. Але ж экспрэсіўны характар Трампа выклікае сумнеў у тым, што ён будзе здольны адбудаваць уплывовы палітычны цэнтр. Ён нават не можа дамовіцца з кансерватыўным колам рэспубліканцаў з "Tea Party". Аднак праблему агульнай ідэнтычнасці рэспубліканцаў гэта не вырашае. Унутрыпартыйная палярызацыя застанецца, што будзе моцна аслабляць шансы рэспубліканцаў патрапіць у Белы Дом.