Карнавал у горадзе на 10 тысячаў жыхароў, якога чакае Беларусь (ФОТА)
Калі мы ў ад’езьдзе, мае сэнс назапасіць тое цудоўнае, што існуе вакол, каб прывесьці гэта дадому, у час вялікага Вяртаньня ў вольную дзяржаву. Дробязі, якія немагчыма ўявіць у Беларусі, рэчы, зь якіх і складаецца шчасьлівае існаваньне ў самых маленькіх гарадках, гэта каштоўныя прыклады жыцьця ў гармоніі. Як адбываецца «дзень горада» ў маленькім гарадку на Сіцыліі.

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Уявіце Валожын, Капыль альбо Ляхавічы. Падобнага памеру і насельніцтва горад знаходзіцца ля Палерма на Сіцыліі, які мае назву Кастэльдача. Звычайна ціхі гарадок зьмяняецца ў час Карнавалу.
Карнавал адбываецца штогод у апошнюю нядзелю перад пачаткам Велікоднага посту ў каталікоў. Такая зьява зусім не распаўсюджаная ў Беларусі, але напэўна кожны чуў пра знакамітыя карнавалы ў Вэнэцыі ці Рыа-дэ-Жанэйра. Але тое – вялізныя гарады з мільёнамі турыстаў. Вернемся ў гарадок, дзе мясцовая грамада на працягу некалькіх месяцаў рыхтуецца да ўласнага карнавалу.

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Асобныя гурткі працяглы час працавалі над стварэньнем канцэпцыі і ўвасабленьнем яе ў шыкоўным выглядзе. Чалавек па 40-50, калі ня больш, удзельнічаюць у танцах на гішпанскія матывы, тут і тарэадоры, і іх выкшталцоныя паненкі, і абаронцы бедных – Зора.
Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
На суседняй пляцоўцы – марш жыхароў, апранутых як паліцэйскія. Яны радасна шпацыруюць з торбамі, на якіх шматзначна вісяць буйныя купюры. Вольнасьць, якую ў Беларусі змогуць сабе дазволіць, відаць, яшчэ вельмі ня хутка. Высьмейваць органы, і не баяцца, што табе за гэта выб’юць зубы і паадбіваюць ныркі, акрамя абавязковага «відэапакаяньня».

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Вакол ходзяць сапраўдныя карабіньеры і відавочна пасьмейваюцца з іроніі жыхароў.

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Сярод натоўпу радасны ходзіць мясцовы мэр, якога толькі летась пераабралі на новы тэрмін. У іншыя дні яго з лёгкасьцю можна сустрэць у адной з дзясяткаў кавярняў, і пры нагодзе (а кожны мае безьліч справаў, якія варта было б вырашыць) да яго можна зьвярнуцца. І гэта не патас, а рэальнасьць жыцьця.
Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Уявіце Валожын, Капыль альбо Ляхавічы. Намалюйце сабе афіцыйнае сьвяткаваньне мясцовай урачыстасьці, кшталту «Дня горада». Аляпаватыя, клоўнскія выступоўцы і ўпрыгожаньні, і жыхары, некаторыя зь якіх прыйшлі такі на «сьвята», бо і альтэрнатывы не бывае, ды й ня бачылі.

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
У Кастэльдачы наадварот. Гэта мясцовая ініцыятыва, скіраваная на радасныя пачуцьці жыхароў. Ад самых маленькіх, немаўлятаў і да вельмі паважнага веку сіньёраў – людзі апранаюць карнавальныя строі супергерояў, цэзараў, легіянэраў, швабраў і каго-заўгодна яшчэ. Яны ад раніцы да начы абсыпаюць адно аднаго канфеці, якое ляжыць на вуліцах яшчэ некалькі тыдняў.

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Яны весяляцца ад душы. І арганізуюць той карнавал для сябе, турыстаў тут бывае некалькі чалавек.
Нам, каму яшчэ вяртацца ў родную краіну, неабходна захапіць з сабою тое, чаго там няма.

Карнавал у Кастэльдачы

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі

Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі
Карнавал у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі