Касавары ідуць

Косава ахапіла мода на эміграцыю. Не ад добрага жыцця. Толькі з восені мінулага года край пакінуў кожны дзясяты чалавек. Каля 50 тысяч чалавек за апошніх паўгады з’ехалі з краю, 30 тысяч з іх збеглі за два апошнія месяцы.



1423853027_335824_1423855331_noticia_normal.jpg

«Эль Паіс» перадрукавала гэта фота агенцтва «Рэйтар» з подпісам «Касавар з дзіцём спрабуе нелегальна перайсці мяжу Сербіі і Венгрыі»

Увогуле, гэта не першы ў гісторыі масавы сыход албанскіх касавараў. Напрыканцы 90-х гадоў шмат іх перамясцілася ў суседнія Албанію і Македонію з-за абвастрэння албанска-сербскага канфлікту, што прывёў да брутальных этнічных чыстак. Аднак нават у разгар вайны статыстыка міграцыі не была такой кепскай, як сёння.

Калі верыць нямецкай прэсе, якая доўгі час займаецца балканскай тэматыкай, каля 50 тысяч чалавек за апошніх паўгады з’ехалі з краю, і гэта яшчэ не фінал, паколькі 30 тысяч з іх збеглі за два апошнія месяцы. Прычым у эміграцыю падаецца актыўная частка грамадства. Сярэднестатыстычны партрэт мігранта з Косава — малады чалавек, які вучыцца або толькі стварыў сям’ю. Косаўскія крыніцы пішуць, што ў мясцовых ВНУ за апошні год студэнтаў паменела тысяч на пяць.

Самае парадаксальнае, што сімвалічным стартавым свістком да бежанства стаўся доўгачаканы ў Брусэлі сербска-касаварскі дыялог, які павінен быў прывесці да прызнання Бялградам сепаратысцкай рэспублікі, што ў 1998 годзе абвясціла незалежнасць. У жніўні мінулага года Прышціна і Бялград падпісалі дамову пра вольны рух грамадзян Косава. З таго часу з косаўскімі дакументамі можна без праблем транзітам ехаць праз сербскую тэрыторыю.

Дзякуючы той дамове ўзнік сапраўдны канал, які пачынаецца на вакзале ў Прышціне, адкуль кожны вечар каля тузіну аўтобусаў едуць на поўнач. Фінальны прыпынак — у гарадку Субоціца, што на сербска-венгерскай мяжы. Цяпер застаецца толькі трапіць у ЕС. Найбольш просты сродак перасекчы кардон — набыць сербскі пашпарт, які дазваляе вольна наведваць Шэнген. Калі верыць сербскаму МУС, за апошнія паўгады сербамі было прададзена налева каля 60 тысяч пашпартоў Сербскай Рэспублікі. Таксама карыстаецца попытам такі традыцыйны метад, як хабар сербскім і венгерскім памежнікам. Як правіла, такса за пераход — 200 еўра.

Што прымушае касавараў да эміграцыі? Найперш, зацяжны эканамічна-структурны крызіс. Косава — самая бедная краіна Еўропы, дзе каля 34 працэнтаў жывуць за мяжой беднасці. Беспрацоўе дасягае 45 працэнтаў. Нармальным лічыцца штомесячны заробак у 80 еўра. Таксама на рост міграцыйных настрояў уплывае палітычная карупцыя ў органах улады, якая пазбаўляе моладзь надзей на сацыяльны ліфт.

Пакуль еўрапейцы толькі пачынаюць канстатаваць праблему эміграцыйнай хвалі з Косава. Найбольш заклапочаная Германія, куды, як правіла, накіроўваюцца касавары. Ужо ў студзені яны сталі другой нацыяй па колькасці заяў з просьбай пра палітычны прытулак (першае месца належыць сірыйцам). Пакуль што Брусэль адрэагаваў рашэннем распачаць прапагандысцкую кампанію ў косаўскіх СМІ і на сербска-венгерскай мяжы. У матэрыялах распавядаецца, што ніводная краіна ў ЕС не разглядае касавараў як палітычных бежанцаў, і прытулак ім не свеціць. Адпаведна, іх чакае адмова ў статусе ўцекача, пасля чаго яны павінныя за свае сродкі пакінуць Шэнген на працягу двух тыдняў, каб не трапіць у чорны візавы спіс.

 Дапаможа гэта або не, цяжка пакуль сказаць, асабліва з улікам таго, што албанская дыяспара — дастаткова моцная ў ЕС, кантралюе некаторыя шэрыя сегменты эканомікі і здольная працаўладкаваць частку землякоў.

Пакуль з дакладнасцю кажуць пра рэальную пагрозу выбуху ксенафобіі супраць усходнееўрапейскіх імігрантаў. Не маючы правоў на працаўладкаванне, албанцы-нелегалы будуць вымушаны дэмпінгаваць на працоўным рынку, каб знайсці працу.

Па меркаванні шэрагу еўрапейскіх палітыкаў, касавары менш экзальтавана ставіліся б да ідэі працоўнай эміграцыі ў ЕС, калі б мелі магчымасць наведваць ЕС і, як вынік, не ідэалізавалі б еўрапейскія рэаліі. Таму ўжо зараз прапануецца пачаць сур’ёзную размову наконт лібералізацыі візавай палітыкі ЕС з краінамі-суседзямі.