Кіраўнік Арменіі назваў гістарычай рэзалюцыю Бундэстагу аб генацыдзе армян
Серж Саргсян падзякаваў кіраўніцтву Германіі за прызнанне генацыду армянаў 1915 года ў Асманскай імперыі.
Пра гэта гаворыцца ў тэлеграмах, якія ён накіраваў прэзідэнту ФРГ Ёахіму Гаўку, канцлеру Ангеле Меркель і старшыні Бундэстагу Норберту Лямерту, паведаміла прэс-служба кіраўніка Арменіі.
«Прыняцце Бундэстагам Нямеччыны рэзалюцыі аб прызнанні генацыду армянаў — крок, сапраўды, гістарычны: гістарычны не толькі для Арменіі і армянскага народу, Нямеччыны і нямецкага народу, але і для ўсяго цывілізаванага свету», — гаворыцца ў паведамленні да нямецкіх палітыкаў.
У адказ на нямецкую рэзалюцыю Турцыя адклікала свайго амбасадара. Варта адзначыць, што ў Нямеччыне жыве каля 3 млн туркаў (з 80 млн чалавек). Паводле Турцыі, рэзалюцыя не мае нічога супольнага з гістарычнай праўдай і носіць палітычны характар.
«Армянскі генацыд» або гэтак званы «Армянскі Халакост» — гвалтоўная масавая дэпартацыя і забойства армянаў, здзейсненыя младатурэцкім урадам у перыяд 1877–1923 у Асманскай імперыі. Паводле армянскай версіі, тады забілі каля 1,5 млн. чалавек. Турцыя прызнае забойства 200 тысячаў, але не пагаджаецца з тым, што гэта быў акт генацыду.
belsat.eu