Лівія напярэдадні расколу

У заходняй прэсе з’явілася шмат публікацый пра тое, што Лівія як адзіная дзяржава дажывае апошнія дні. Быццам на яе руінах пасля падзення рэжыму Кадафі ўзнікнуць як мінімум дзве новыя краіны або кангламерат плямёнаў.

Аўтары артыкулаў, якія прагназуюць хуткі крах Лівіі, прыводзяць два аргумента. Па-першае, як нацыянальная дзяржава Лівія не адбылася. Дасюль у аснове калектыўнай самасвядомасці на першым месцы стаіць прынцып прыналежнасці да якога-небудзь племені або клану. І толькі пасля — да лівійскай нацыі.



65ae450c5536606c266f49f1c08321f2.jpg

У заходняй прэсе з’явілася шмат публікацый пра тое, што Лівія як адзіная дзяржава дажывае апошнія дні. Быццам на яе руінах пасля падзення рэжыму Кадафі ўзнікнуць як мінімум дзве новыя краіны або кангламерат плямёнаў.
Аўтары артыкулаў, якія прагназуюць хуткі крах Лівіі, прыводзяць два аргумента. Па-першае, як нацыянальная дзяржава Лівія не адбылася. Дасюль у аснове калектыўнай самасвядомасці на першым месцы стаіць прынцып прыналежнасці да якога-небудзь племені або клану. І толькі пасля — да лівійскай нацыі.
Па-другое, у краіне ёсць моцныя традыцыі сепаратысцкага руху, і перш за ўсё на Усходзе ў рэгіёне Кірэнаіка. Нагадаем, што сучасная Лівія ўзнікла як аб’яднанне трох розных сектараў — Трыпалітанія (Захад), Кірэнаіка (Усход) і Фезан (Поўдзень). Кожны з іх, аднак, мае свой уласны гістарычны шлях, свой культурны каларыт, формулу інтэграцыі ў глабальную эканоміку. Так, Кірэнаіка даўно звязаная з рынкам Егіпту. Трыпалітанія — з эканомікай Алжыра, а Фезан — з Тунісам.
Асобная роля ў сцэнарах развалу Лівіі адводзіцца Кірэнаіцы, якая цяпер стала цэнтрам паўстання супраць палкоўніка Кадафі. З Бенгазі мяцеж пашырыўся па ўсёй краіне. Тут жа, у Бенгазі, зараз ствараюцца інстытуты паралельнай улады ў выглядзе аргкамітэта Нацыянальнага народнага кангрэсу.
Кірэнаіка аформілася як асобны рэгіён яшчэ ў часы старажытнага Рыму. Варта згадаць, што ўжо тады правінцыя лічылася бунтарскай — тут быў адзін з цэнтраў рымскай рэспубліканскай апазіцыі, якая супрацьстаяла спробам ператварэння Рыму ў імперыю.
Хаця пасля прыходу арабаў усё хрысціянскае насельніцтва было прымусова пераселенае на Крыт або ў Сіцылію, рэвалюцыйная спадчына захаваліся. Якраз у Кірэнаіцы напачатку ХХ стагоддзя разгарнулася барацьба супраць італьянскіх каланізатараў, якія захапілі Лівію. У выніку барацьбы туземцы нават дамагліся стварэння фармальна незалежнай дзяржавы, якую ў 1920 годзе італьянцы ўсё ж ліквідавалі. Факт існавання дзяржаўнага фармавання меў вялікі ўплыў на далейшую гісторыю краю.
Дзяржавай кіраваў малады кароль Ідрыс. Пасля прымусовай ліквідацыі каралеўства ён падаўся ў Егіпет, дзе абвясціў сябе эмірам Кірэнаікі. На радзіму ён вярнуўся ў час вайны на штыках жаўнераў антыфашысцкай кааліцыі, якія змагаліся з Мусаліні. Саюзнікі ўзнялі ягоны статус да ўзроўню караля ўсёй Лівіі.
На гэтай пасадзе Ідрыс заставаўся да перавароту 1969 года. Вынікі яго кіравання вельмі супярэчлівыя: так, за ўсе гады манархіі ў краіне не было створана ніводнай ВНУ. У знешняй палітыцы каралеўства Ідрыса было марыянеткай Вялікабрытаніі. Аднак шмат хто з лівійцаў дасюль лічыць Ідрыса героем: пры ім прынамсі былі дазволеныя палітычныя свабоды і незалежная прэса. Таму цяперашнія паўстанцы ў якасці сімволікі выкарыстоўваюць менавіта стары сцяг лівійскай дынастыі.
Ёсць у спадчыне Ідрыса і негатыў, які ахвотна выкарыстоўвае лівійскай афіцыйная прэса. Кароль быў шчыльна звязаны з ісламісцкай сектай сенусітаў. Яны па сутнасці і каардынавалі антыітальянскае паўстанне пачатку ХХ стагоддзя.
У часы Кадафі ордэн сенусітаў быў забаронены, аднак цалкам знішчыць яго не ўдалося. Сёння сябры ордэна займаюць важнае месца ў шэрагах апазіцыі. Апошняе дае падставу Кадафі казаць пра тое, што выступы супраць яго замоўленыя быццам самім Бен Ладэнам. Кіраўнікі сенусітаў кажуць, што не падтрымліваюць ідэі ісламскага фундаменталізму.
Традыцыйна антаганістам Кірэнаікі з’яўляецца Трыпалітанія, адкуль паходзіць племя Кадафі. Аднак казаць пра тое, што ўсе мясцовыя кансалідаваныя вакол роду Кадафі, цяжка. Ягонае племя дастаткова малое і жыве вакол горада Сірд. Акрамя таго, яно знаходзіцца ў стане канфлікту з некаторымі суседнімі плямёнамі. Так, у 1993 годзе нарабіла шуму гісторыя пра арышт афіцэра з клану Магарыя (Magariha), які лічыцца заклятым ворагам племені Кхадаф (Khadafa) адкуль паходзіць Кадафі. Афіцэра абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і намеры забойства палкоўніка Кадафі.
Таксама Муамару цяжка абаперціся на сталіцу, якая даўно ператварылася ў своеасаблівы кацёл прадстаўнікоў розных плямёнаў. Больш таго, тутэйшыя таксама жадаюць рэвалюцыі. Племя, якое складае касцяк жыхароў сталіцы (прыкладна 30 працэнтаў) выступіла за рэформы.
Тое, што шматлікія плямёны сёння так хуценька сталі на бок паўстання, на думку аналітыкаў, доказ структурнага крызісу мадэлі Кадафі.
Калі палкоўнік прыйшоў да ўлады, перад ім стаяла задача аб’яднаць розныя плямёны вакол ідэі мадэрнізацыі. Дапамог сусветны нафтавы крызіс 1974 года, вынікам якога таксама сталі актыўныя геалагічныя разведкі па ўсім свеце. Нечакана ў Лівіі знайшлі каласальныя запасы чорнага золата, размеркаванне прыбыткаў з продажу нафты і гарантавала Кадафі лаяльнасць на месцах. Нагадаем, што кожны лівійскі грамадзянін мае права на бясплатную медыцыну, адукацыю і кватэру.
Другой цукеркай, якую кінулі правадырам кланаў, была прававая канцэпцыя «джамахірыі» (дзяржавы народных мас). Па сутнасці, гэта было прызнанне права плямёнаў на іх унутраную аўтаномію. Дарэчы, джамахірыя — правілы для плямёнаў — таксама існуе ў суседніх Тунісе і Егіпце.
Аднак гэтая формула грамадзянскага ўладкавання перастала працаваць, як толькі распачалася ўрбанізацыя. Адукаваныя жыхары гораду, перш за ўсё моладзь, маюць не толькі больш высокія спажывецкія амбіцыі, аднак таксама лепш усведамляюць паняцце грамадзянскіх свабодаў. Адсюль з’явіліся лозунгі кантролю грамадзян і плямёнаў за размеркаваннем прыроднай рэнты (зараз гэта манаполія людзей з атачэння Кадафі).
Калі пачалося паўстанне ў Бенгазі, плямёны сталі адным з полюсаў паралельнай дзяржаве ўлады.
Вяртанне плямёнаў у палітыку стварае шмат праблемаў для будучыні Лівіі. Ніякіх забабонаў на стварэнне сваіх дзяржаў большасць плямёнаў, як правіла, не мае. Аднак асаблівага жадання спрыяць дзяржаўнаму будаўніцтву Лівіі яны таксама не праяўляюць.
У гэтым парадокс лівійскага Левіяфану. На працягу стагоддзяў функцыі вышэйшай адміністрацыі бралі на сябе знешнія акцёры — туркі, італьянцы, брытанцы або апантаныя ідэямі арабскага сацыялізму афіцэры Кадафі. Грамадства жыло па сваіх законах, а дзяржава — па сваіх.
Якой будзе мадэль новай Лівіі, цяжка сказаць. Па логіцы, для захавання адзінства Лівіі патрэбны нацыянальны дыялог на ўзроўні як нацыянальнага прадстаўнічага органу, так і кансультацый паміж плямёнамі і кланамі.
Усе прызнаюць, што працэс будзе цяжкім. І Кірэнаіка, дзе папулярныя ідэі аўтаноміі, можа праявіць ініцыятыву да выхаду са складу краіны.
Аднак гэта будзе яшчэ горшым варыянтам. Межы паміж Кірэнаікай і Трыпалітаніяй дастаткова штучныя. Акрамя таго, тут знаходзяцца радовішчы карысных выкапняў. Таму абвяшчэнне незалежнасці Кірэнаікі гарантуе новы вайсковы канфлікт, незалежна ад таго, застанецца пры ўладзе Кадафі або не.