Лівійскі цугцванг
19 сакавіка з санкцыі ААН самалёты шэрагу краін NАТО пачалі бамбардзіроўкі пазіцый войскаў Кадафі. Канфлікт у Лівіі перайшоў у новую стадыю. Пра ягоныя асаблівасці і магчымыя сцэнары журналіст «Новага часу» Алег Новікаў размаўляе з Аляксадрам Валодзіным, былым беларускім студэнтам у Трыпалі.
19 сакавіка з санкцыі ААН самалёты шэрагу краін NАТО пачалі бамбардзіроўкі пазіцый войскаў Кадафі. Канфлікт у Лівіі перайшоў у новую стадыю. Пра ягоныя асаблівасці і магчымыя сцэнары
журналіст «Новага часу» Алег Новікаў размаўляе з Аляксадрам Валодзіным, былым беларускім студэнтам у Трыпалі.
— Прыкладна за тыдзень да пачатку атак NАТО здавалася, што лёс рэжыму Кадафі ўжо вырашаны. Арэал паўстання пашыраўся хуткімі тэмпамі. Паўстанцы атачылі сталіцу. У самім Трыпалі
людзі выходзілі на вуліцы. І раптам усё змянілася. Літаральна за пару дзён Кадафі і яго жаўнеры не толькі адбілі атакі апазіцыі, аднак перайшлі ў контрнаступленне і нават ледзь не ўзялі Бенгазі
— апазіцыйную цытадэль. Што здарылася?
— Мяркую, што міжнародныя назіральнікі і заходнія эксперты проста недаацанілі кланавы характар лівійскага грамадства. Адны з плямёнаў традыцыйна падтрымліваюць Кадафі. Іншыя —
наадварот. Раней гэты міжкланавы падзел не асабліва праяўляўся, а зараз зноў стаў актуальным. У Кадафі, між тым, вялікая падтрымка сярод кланаў Захаду і Поўдня. Яго любяць у Трыпалі, які стаў
сталіцай менавіта пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1969 года. Так, у горадзе Гадаміс, які ўваходзіць у зону, дзе пануе племя саюзнікаў Кадафі, увогуле з самага пачатку паўстання не было ніводнага стрэлу.
Акрамя таго, палкоўнік апошнім часам актыўна заняўся раздачай сацыяльных ільготаў — адмяніў падаткі, выдаў кожнаму грамадзяніну па 500 дынараў (400 долараў). Наколькі я магу меркаваць,
вялікае значэнне для лівійцаў мела дыскусія на Захадзе аб неабходнасці інтэрвенцыі ў Лівію. Шмат хто раптам пачаў баяцца, што прыйдуць амерыканцы і ўсё забяруць. Усё ж лівійцам ёсць што губляць.
Дапамога па беспрацоўю складае 700 долараў на месяц. Не зразумела таксама, хто стаіць за апазіцыйным урадам.
— Што ўвогуле вядома пра Нацыянальны савет (назва галоўнага органу апазіцыі)?
— Практычна нічога. Я размаўляў з лівійскімі студэнтамі ў Мінску, якія падтрымліваюць кантакты з радзімай (дарэчы, лівійская камуна ў Мінску раскалолася амаль пароўну па сімпатыях да
апазіцыі або да Кадафі). Аднак нават самыя заўзятыя апазіцыянеры не ведаюць ніводнага чалавека з тых, хто ўваходзіць у склад Нацыянальнага савету. Магчыма, там ёсць нехта са старой палітычнай
эміграцыі, аднак лівійцам гэта нічога не гаворыць.
— Кадафі сцвярджае, што за апазіцыяй стаіць «Аль Каіда»
— Сапраўды, шмат выхадцаў з Бенгазі змагаліся ў Афганістане на баку талібаў. Год таму ў горадзе злавілі двух тэрарыстаў-шахідаў. Аднак вялікай розніцы паміж Бенгазі і Трыпалі, што тычыцца
маштабаў веравызнання, я не заўважыў. І там, і там дастаткова жорсткія норавы з пункту гледжання еўрапейца: алкаголь, дыскатэкі, казіно і нават кіно — усё пад забаронай.
— Што ўяўляе сабою лінія фронту паміж інсургентамі і праўладнымі войскамі?
— Мяркую, што ніякай лініі фронту ў класічным сэнсе слова няма. Ёсць горад Сір. Ад яго на 300 кіламетраў цягнецца траса на Бенгазі. Гэта пустыня, амаль мёртвая зона. Ніякіх магчымасцяў
трымаць тут абарону няма. Таму фронт так хутка наблізіўся да Бенгазі. І таксама хутка можа адкаціцца назад.
— Які, на твой погляд, магчымы сцэнар развіцця падзей?
— Цяжка сказаць. Ёсць шмат момантаў, якія вызначаюць сітуацыю. Для лівійцаў тэма бамбардзіровак вельмі балючая. Шмат хто памятае пра авіяналёты ЗША і Вялікабрытаніі ў 1980-х. Гэта можа
дадаць Кадафі некалькі пунктаў папулярнасці. Аднак цалкам аднавіць кантроль над краінай ён ужо не здольны.Горад Заўя войскі палкоўніка бралі амаль тыдзень, хаця яго насельніцтва складае каля 50 тысяч
чалавек. У Бенгазі жыве каля мільёну. Мала верагодна, што Кадафі пойдзе на штурм, тым больш не маючы магчымасці падключыць авіяцыю.
— На што спадзяюцца на Захадзе?
— Адзінае, што можна дабіцца з дапамогаю ўдараў з паветра, аслабіць армію Кадафі. Магчыма, прымусіць яе адступіць ад Бенгазі. Аднак наўрад ці паўстанцы змогуць замацавацца ў раёнах, дзе
жывуць лаяльныя Кадафі плямёны.
— Атрымліваецца проста патавая сітуацыя. Лівіі пагражае падзел на дзве зоны. Які выхад?
— Магчыма, смерць Кадафі, аднак не факт, што ўвесь яго лагер адразу пачне махаць белым сцягам. У Кадафі ёсць сыны, якія могуць працягнуць супраціў. Кіраўніцтва можа ўзяць на сябе Рух
Рэвалюцыйных Камітэтаў (РРК) — нешта накшталт інтэрнацыяналу прыхільнікаў ідэй Зялёнай кнігі. Дарэчы, шмат хто з афрыканцаў, якія змагаюцца на баку Муамара, не наёмнікі, а сябры РРК з Чаду,
Малі, Нігеру і Нігерыі. У гэтых краіны РРК кантралююць уплывовыя партыі.
— Пратэсты ў арабскіх краінах працягваюцца. Рэакцыя спрабуе падавіць бунты ў Бахрэйне, Сірыі, Амане. Прагназуюць хуткія выступы на палесцінскіх тэрыторыях супраць ураду
Арганізацыі вызвалення Палесціны. Раней маніфестанты патрабавалі ўстанаўлення дэмакратыі. Пасля пачатку бамбардзіровак Лівіі іхняя праграма можа змяніцца ў бок крытыкі Захаду?
— Наўрад ці. Лівія Лівіяй, аднак павестка дня ў кожнай краіне будзе фармавацца сыходзячы з сітуацыі на месцах. Галоўным патрабаваннем на дадзеным этапе насельніцтва ўсё роўна застаецца
дэмакратыя. Тэма барацьбы з Ізраілем амаль не агучваецца. Выключэннем можа быць толькі Палесціна, дзе ролю апазіцыі АВП, якая даўно акапалася пры ўладзе, выконвае ісламісцкі рух ХАМАС.