Леанід Краўчук. Дасье ў карыкатурах
На гэтым тыдні, 10 мая, пайшоў з жыцця Леанід Макаравіч Краўчук, першы прэзідэнт Украіны. Ён пакінуў пасля сябе цікавую спадчыну, якая знайшла адлюстраванне ў тым ліку ў шматлікіх карыкатурах.
![1_563.jpg 1_563.jpg](/img/v1/images/1_563.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Біяграфія Краўчука тыпова савецкая: нарадзіўся ў 1934-м у маленечкім сяле на Ровеншчыне. У 10 гадоў з-за вайны застаўся без бацькі. Здолеў прабіцца ў людзі, зрабіўшы фантастычную кар'еру па партыйнай лініі — аж да другога сакратара кампартыі УССР. Ужо пасля развалу СССР і забароны кампартыі яму даводзілася апраўдвацца за сваё камуністычнае мінулае. На гэты конт хапала жартаў і мемаў.
Зрэшты, за сваё камуністычнае мінулае Макарыч, можна сказаць, рэабілітаваўся, стаўшы ўдзельнікам «белавежскага саміту» ў снежні 1991-га. Менавіта там, як вядома, было прынятае рашэнне аб роспуску СССР. Нягледзячы на глабальнае гістарычнае значэнне той сустрэчы, тагачасныя карыкатурысты ўяўлялі яе больш празаічна.
![2_522.jpg 2_522.jpg](/img/v1/images/2_522.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пры развале СССР Краўчуку ўдалося захаваць у складзе Украіны Крым. Адзін з тагачасных карыкатурыстаў выявіў гэта наступным чынам.
![3_465.jpg 3_465.jpg](/img/v1/images/3_465.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аднак землякі хутка забыліся на гэтыя поспехі Леаніда Краўчука. На датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах 1994-га Макарыч прайграў Леаніду Кучму. Галоўным фактарам паразы аказалася эканоміка. Крах савецкай планавай эканомікі і лагістыкі найбольш моцна ўдарыў па індустрыяльнай Украіне. Сімвалам таго крызісу стала «краўчучка» — жартаўлівая назва (пераважна на тэрыторыі Украіны) разнавіднасці ручной каляскі для перавозкі тавараў на продаж, асноўны прадмет дзейнасці многіх украінцаў таго часу. Не дзіўна, што Краўчука ў той час любілі маляваць з «краўчучкай».
![4_432.jpg 4_432.jpg](/img/v1/images/4_432.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прайграўшы выбары, Краўчук пачаў рабіць самыя неверагодныя палітычныя кульбіты. То ён узначальваў рух за ўваходжанне Украіны ў NATO, то ўзначальваў на выбарах спіс блока «Не так!», звязанага з Крамлём. Логіку дзеянняў Краўчука тым часам паспрабаваў адлюстраваць адзін з украінскіх графікаў. На яго малюнку экс-прэзідэнт намаляваны ў выглядзе сабакі на ланцугу, які, мяркуючы па шматлікіх надпісах на яго будцы, гатовы хутка мяняць ідэалагічныя прынцыпы дзеля талеркі з ежай.
![5_399.jpg 5_399.jpg](/img/v1/images/5_399.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Крызіс 2014-га вярнуў Краўчука ў вялікую палітыку. Ён паспрабаваў ад свайго імя стварыць перамоўную пляцоўку паміж прыхільнікамі Майдана і партыяй улады. Задума правалілася. Здавалася, гэта лебядзіная песня палітыка, у якога тым больш былі праблемы з сэрцам. Аднак у 2020-м Зяленскі нечакана даручыў Леаніду Макарычу прадстаўляць Украіну ў каардынацыйна-кантактнай групе па рэалізацыі Мінскіх дамоваў. Там Краўчук заняў радыкальную пазіцыю, фактычна заклікаючы да выхаду Украіны з Мінску-2, на што адрэагаваў адзін з графікаў.
![6_285.jpg 6_285.jpg](/img/v1/images/6_285.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па ходу таго, як Мінскія дамовы ўсё больш заходзілі ў тупік, Краўчук дазваляў сабе больш жорсткую лексіку. Напрыклад, паабяцаў у выпадку нападу Расіі на Украіну страляць па агрэсарах са сваёй стрэльбы. Гэтая рэпліка натхніла мастакоў на карыкатуры.
![7_200.jpg 7_200.jpg](/img/v1/images/7_200.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мабыць, гэта была апошняя прыжыццёвая гучная заява палітыка. 10 мая ён памёр на 89-м годзе жыцця ў Мюнхене, усяго на тыдзень перажыўшы іншага падпісанта Белавежскага пагаднення Станіслава Шушкевіча. Развітанне з палітыкам, галоўны праект якога — незалежная Украіна — зараз знаходзіцца ў небяспецы, запланавана на 17 мая ў Кіеве.
Так ці інакш, са смерцю Шушкевіча і Краўчука мы канчаткова можам засведчыць, што савецкі і постсавецкі свет скончыўся. Нас чакае зусім іншы свет.