Левыя супраць буршаў

Самы стары студэнцкі прафсаюз Германіі можа быць забаронены з-за напісанага яшчэ ў ХІХ стагоддзі статуту, які патрабуе прымаць у шэрагі арганізацыі выключна тых, хто мае нямецкую кроў.



945e01e4dfc83449d9edc77e001e2c0c.jpg

Самы стары студэнцкі прафсаюз Германіі можа быць забаронены з-за напісанага яшчэ ў ХІХ стагоддзі статуту, які патрабуе прымаць у шэрагі арганізацыі выключна тых, хто мае нямецкую кроў.
На ўкраінскім моладзевым жаргоне прафесійна-тэхнічная вучэльня (ПТВ) называецца «бурса», а яе гадаванцы — «бурсакі». Нягледзячы на тое, што ў апошнія часы ПТВ стала модна называць тэхнічнымі каледжамі, назвы «бурса» і «бурсакі» захаваліся, як і старыя стэрэатыпы адносна іх. Лічыцца, што бурса — месца для лузераў, якія не здолелі закон­чыць 11 класаў і пайсці ў ВНУ.
Парадаксальна, аднак слова «бурса» ў Германіі ўспрымаецца абсалютна інакш. Бурсамі (па-нямецку буршэншафтамі) называюцца элітарныя таварыствы студэнтаў. У свой час праз буршэншафты прайшлі такія вядомыя асобы, як Карл Бош (хімік і заснавальнік славутай фірмы), Фердынанд Паршэ (аўтабудаўнік), Макс Вебер (сацыёлаг), Фрыдрых Ніцшэ (філосаф), Робер Шуман (музыкант), Віктар Адлер (бацька аўстрыйскай сацыял-дэмакратыі), Тэадор Герц (заснавальнік руху сіяністаў) і г.д.
Увогуле, «буршы» — так называюць сяброў буршэншафтаў — прадукт нямецкай палітычнай культуры пачатку ХІХ стагоддзя. Моладзь, якая пратэставала супраць французскай акупацыі, а пасля — расійскага дамінавання над раз’яднанай Германіяй (тут існавала аж 36 дзяржаваў) шукала формы арганізацыі. Аптымальным асяродкам сталі студэнцкія таварыствы. Дарэчы, цяперашні чорна-чырвона-жоўты сцяг Германіі нарадзіўся падчас студэнцкай маніфестацыі ў 1817 годзе. Падчас той акцыі ўзнікла і практыка паліць кнігі, якую пазней пасля перанялі нацысты. Цягам першага кніжнага аўтадафэ ў агонь ляцелі творы самых рэакцыйных пісьменнікаў Германіі.
Сярод кніг, якія палілі буршы, былі творы Аўгуста фон Кацэбу — драматурга і раманіста, а яшчэ агента царскага ўраду. У 1819-м радыкальны бурш Карл Людвіг Санд падчас прыватнай аўдыенцыі ў Аўгуста фон Кацэбу ўваткнуў яму ў горла кінжал. Забойства вітала ўся прагрэсіўная Еўропа. У далёкай Расіі Аляксандр Пушкін прысвяціў Санду верш «Кінжал». Аднак руху буршаў выхадка Санда дорага каштавала. На саміце кіраўнікоў нямецкіх дзяржаў у Карлсруэ аўстрыйскі міністр Мітэрлінх дабіўся прыняцця агульнай заявы аб пераследу буршэншафтаў. Таварыствы сышлі ў падполле і цалкам адрадзіліся падчас рэвалюцыі 1848 года.
Рэспубліканскі прагрэсіўны імідж руху буршаў знік пасля франка-прускай вайны. У аб’яднанай Германіі буршы сталі ультрапатрыётамі. Бісмарк зрабіў з іх свой «БРСМ». У 1882 годзе быў заснаваны праўладны Агульнагерманскі саюз буршаў (ADB).
Кансерватары задавалі тон у буршэншафтах і ў часы Веймарскай рэспублікі. У 1920 годзе, задоўга да прыходу Гітлера да ўлады, у буршэншафтах было забаронена сяброўства яўрэяў. А ў часы дыктатуры NSDAP Герман Гес, які адказваў за моладзевую палітыку нацыстаў, прымусова запісаў іх у Нацыянал-сацыялістычны саюз нямецкіх студэнтаў. Усе буршэншафты былі забароненыя.
Пасля вайны буршэншафты пачалі стыхійна адраджацца. Натуральна, у акупаванай Саветамі зоне хутка гэтую лавачку прыкрылі. Праўда, ніякіх шансаў у буршаў на тое, каб легальна існаваць у ГДР апрыёры не было. Адроджаныя буршэншафты лічылі, што мяжа Одэр–Нэйсэ штучная. Яны сістэматычна пастаўлялі кадры для кансерватыўных і правых палітычных груповак. Напрыклад, сябры аўстрыйскіх буршэншафтаў дасюль патрабуюць уваходжання Аўстрыі ў склад Германіі.
Студэнцкая рэвалюцыя 1968 года выклікала некалькі расколаў унутры буршэншафтаў, аднак раскольнікі не здолелі стварыць кансалідаваны полюс. Толькі ў 1996-м ліберальнае крыло буршаў здолела аб’яднацца ў рамках так званага Neue Deutsche Burschenschaft (Новы нямецкі буршэншафт). Адзін з пунктаў статуту арганізацыі спецыяльна патрабуе ад яе сяброў прызнання сучасных межаў ФРГ.
Тое, што кансерватыўныя па сваёй прыродзе буршэншафты дасюль існуюць і застаюцца дастаткова ўплывовым грамадскім інстытутам (у Бундэстагу 6 дэпутатаў з былых буршаў), даўно не падабаецца левым партыям. Яшчэ больш не падабаецца феномен буршаў феміністкам. Жанчын у буршы прынцыпова не прымалі, а каштоўнасці буршаў заўсёды будаваліся на кульце мужчыны, якому мора па калена. Доўгі час лічылася, што кожны нармальны бурш павінен мець шнар на твары — след бойкі на шпагах. Фішкай буршаў з’яўляюцца буйныя п’янкі. Гораду Эйзенаху, дзе кожны год буршы ўзгадваюць маніфестацыю 1817 года, чатыры дні гулянняў студэнтаў прыносяць 10 мільёнаў еўра.
Аднак зараз над рэліктам эпохі Бісмарка, здаецца, збіраюцца хмары. 13 чэрвеня кіраўніцтва Deutsche Burschenschaft выключыла са сваіх шэрагаў арганізацыю ў Манхейме. Прычына была ў тым, што ў Манхейме ў буршы прынялі юнака кітайскага паходжання (дарэчы, ён паспеў паслужыць у Бундэсверы).
Інцыдэнт стаў падставай агульнанацыянальнай дыскусіі. Буршаў абвінавачваюць у расізме.
Самі буршы пакуль робяць выгляд, што нічога асаблівага не здарылася. На сайце Deutsche Burschenschaft нападкі на аб’яднанне характарызуюць як «эмацыйную дыскусію». Пры гэтым робіцца спасылка на тое, што ўсё было адпаведна статуту ад 1815 года: пры выключэнні секцыі з Манхейму лідары буршаў кіраваліся пунктам, які дазваляе прыймаць у арганізацыю выключна немцаў. Асобы, якія не маюць еўрапейскага паходжання, згодна дакументу, «не з’яўляюцца прыналежнымі да нямецкага народа».
Спасылка на дакумент, прыдуманы ў часы нацыянальнай барацьбы нямецкага народа, палка з двума канцамі. Пункт супярэчыць прынятаму ў 2000 годзе закону аб грамадзянстве. У тым годзе ўрад эсдэкаў і Зялёных пастанавіў, каб прыналежнасць да нямецкай нацыі вызначалася не па прынцыпу крыві, а па прынцыпу месца нараджэння.
Такім чынам, у апанентаў буршаў з’явілася прававая падстава патрабаваць забароны карпарацыі. Варта згадаць, што ў 2007 годзе партыя Левыя ўжо патрабавала ад ураду забароны буршаў. Тады ўрад не знайшоў для гэтага падстаў. Цяпер Левыя, хутчэй за ўсё, зноў будуць патрабаваць забароны. «Нямецкія буршэншафты праявілі сябе як частка аўтарытарнай, нацыяналістычнай, структурнай кансерватыўнай традыцыі», — ужо заявіла Петра Рэнер, эксперт Левых па ўнутранай палітыцы. Яшчэ адзін матыў для Левых, каб атакаваць буршаў, — кампанія ў нямецкай прэсе. Левых вінавацяць у антысемітызме з-за нядаўняй рэзалюцыі супраць Ізраілю. Заклік забараніць буршаў, якія сімпатызуюць правым, можа палепшыць антыфашысцкае рэнаме партыі.