Ля амбасады РБ у Вільні трэці год трывае «Вахта Свету». За спробу яе знішчыць судзяць літоўскага ябацьку

У кастрычніку 2020 года пралукашэнкаўскі і прарасійскі блогер Лаўрынас Рагельскіс спрабаваў знішчыць «Вахту Свету» — мемарыял у гонар ахвяр беларускага рэжыму, які размешчаны каля будынка амбасады РБ у Вільні. За гэта яго цяпер судзяць паводле артыкулаў аб распальванні варожасці і апаганьванні месца памяці. Аднак адметнасць гэтай гісторыі ў іншым.

Вахта свету ля амбасады РБ у Вільні

Вахта свету ля амбасады РБ у Вільні


Адметнасць — уласна, у тым, што «Вахта Свету» дагэтуль існуе. Як яскравая праява еднасці і салідарнасці беларусаў на чужыне.

Ад жніўня 2020-га і дагэтуль

Мемарыял ахвярам лукашэнкаўскага рэжыму з’явіўся ў літоўскай сталіцы ў жніўні 2020 года — праз колькі дзён пасля выбараў, калі падчас пратэстаў былі забітыя Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў і іншыя беларусы, што негвалтоўна выступілі супраць улады.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары спачатку кожны дзень прыходзілі да амбасады РБ, проста каб правесці акцыю супраць гвалту рэжыма, ускласці кветкі і запаліць знічкі ў памяць ахвяр пратэстаў. З цягам часу гэтая стыхійная ініцыятыва развілася і аформілася ў арганізаваны, структураваны рух. Каардынацыйную функцыю ўзяла на сябе «Д*памога» — грамадскае аб’яднанне, якое займаецца падтрымкай беларускіх эмігрантаў у Літве.
Супрацоўнікі амбасады напачатку спрабавалі супрацьдзейнічаць актыўнасці беларусаў. Як успамінае заснавальніца і дырэктарка «Д*памогі» Наталля Калегава, яны «збіралі і выкідалі кветкі і свечкі, але мы працягвалі іх прыносіць, усталёўвалі стэнды, распавядалі мясцовым жыхарам, што адбываецца ў Беларусі».
— Некаторы час мы знаходзіліся ў стане супрацьстаяння з пасольствам, — распавяла «НЧ» Калегава. — У выніку жыхары Вільні, якія ўсё гэта бачылі, звярнуліся наўпрост да мэра, заявіўшы, што гэта немагчыма трываць. У верасні ўжо мэр звярнуўся да беларускага амбасадара Бараноўскага ў фэйсбуку, падкрэсліўшы, што грамадзяне Літвы салідарныя з народам Беларусі ў яго барацьбе за дэмакратыю. Таксама ён адзначыў, што тратуар каля амбасады з'яўляецца ўласнасцю горада, і акцыі беларусаў не парушаюць нічые правы.
Пасля гэтага амбасада супакоілася і больш не перашкаджае беларусам. Хіба што час ад часу «супрацоўнікі здымаюць удзельнікаў вахты на камеру — відэа потым перасылаюць зразумела куды».
— Мы кожны дзень выходзім сюды, усталявалі партрэты ахвяр рэжыму. Адкрылі рахунак у банку, на які збіраюцца сродкі на функцыянаванне мемарыяла. Стварылі графік дзяжурстваў, згодна з ім валанцёры прыходзяць штовечар і даглядаюць за месцам памяці, падтрымліваюць там парадак, — адзначыла кіраўніца «Д*памогі».

Пазначаны як «вата»

Пра 46-гадовага Лаўрынаса Рагельскіса часам пішуць беларускія медыя. Мужчына з’яўляецца блогерам і актывістам, падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і «рускі свет». Падчас падзей 2020 года ён апантана пляжыў беларускія пратэсты і ўсяляк ухваляў лукашызм, быў у фаворы ў дзяржаўных прапагандыстаў.

Лаурынас Рагельскіс, фота Delfi

Лаурынас Рагельскіс, фота Delfi

Калі пачалася вайна ва Украіне, літоўскія журналісты выкрылі Рагельскіса як распаўсюдніка наратываў крамлёўскай прапаганды. Як распавядаў нацыянальны вяшчальнік LRT, блогер належаў да сеткі асобаў, якія ў складзе 105 груп на розных пляцоўках і ў сацсетках ладзілі дыстрыбуцыю прапуцінскага кантэнту.
Сутнасна Рагельскіс — тыповы гарадскі вар’ят, у яго тэлеграм-канале крыху больш за дзве тысячы падпісчыкаў. Допісы там вытрыманыя ў класічным стылі крамлёўскага залюстроўя: Літвой кіруе русафобская «хунта», якой кіруе Вашынгтон, у Расіі і Беларусі цудоўнае і справядлівае жыццё, у вайне вінаватыя англасаксы.
Нядаўна ў жыцці блогера адбыліся дзве непрыемнасці. Па-першае, ютуб выдаліў яго канал з прамаскоўскім кантэнтам. Канал меў каля 150 падпісчыкаў. Па-другое, невядомыя спалілі аўтамабіль яго жонкі Інгрыды Рагельскене. Жанчына, якая з’яўляецца супрацоўніцай аднаго з віленскіх тэатраў, напісала з гэтай нагоды ў фэйсбуку: «Гэтай ноччу я засталася жывая. Выпадковасць — жывая, не згарэла і мая сям'я. <…> Узнікае пытанне: за што? Элементарна, гэта класічны спосаб у Літве і ў блізкім замежжы — агнём караць усіх, пазначаных як «вата».
З беларускай дыяспарай у спадара Рагельскіса напружаныя адносіны з лета 2020-га. Тады ён спраўна наведваў акцыі салідарнасці беларусаў, адкуль вёў здзеклівыя стрымы, крыўляўся, чапляўся да ўдзельнікаў і ўсяляк іх правакаваў.
У кастрычніку наўпрост падчас мітынга ён спрабаваў разбурыць і «Вахту Свету». Сабраў кветкі і фотаздымкі і выкінуў у сметніцу. За гэта ў дачыненні да адыёзнага блогера завялі справу.
Суд распачаўся амаль праз два гады — у жніўні мінулага года. Слуханні працягваюцца дагэтуль. Зараз працягваецца допыт сведак. Сярод іх — старшыня Літоўскай габрэйскай абшчыны Фаіна Куклянскі, бо ў праявах антысемітызму актывіста таксама вінавацяць.
Як паведамляў партал delfi.lt, на першым судовым пасяджэнні Рагельскіс назваўся беларусам і запатрабаваў перакладчыка на рускую. Заявіў: «Я па-літоўску не разумею, я не разумею абвінавачання, я лепш разумею па-расійску, чым па-літоўску». Пасля гэтага перакладчыка яму прадаставілі.

55 партрэтаў тых, хто змагаўся за лепшую будучыню Беларусі

Наўрад ці абвінавачанаму пагражае суровае пакаранне. У Літве, як і ўвогуле ў Еўрасаюзе, досыць ліберальныя законы, што тычыцца чалавечай свабоды. Гэта не ўлюбёная віленскім ябацькам лукашэнкаўская Беларусь, дзе можна «прысесці» на год-два за пару лайкаў у сацсетках. Дый увогуле няважна, па вялікім рахунку, чым скончыцца справа гэтага фрыка-правакатара.
Важна — што «Вахта Свету» працягваецца. Цяпер там ужо 55 партрэтаў ахвяр беларускай дыктатуры. Сярод іх — палітыкі і бізнесоўцы, зніклыя напрыканцы 90-х, Генадзь Карпенка, які памёр пры загадкавых абставінах, журналіст Дзмітрый Завадскі. Сярод іх — загінулыя ва Украіне яшчэ да пoўнамаштабнай вайны журналіст Павел Шарамет і актывіст Майдана Міхаіл Жызнеўскі. І, канечне, загінулыя пасля выбараў 2020-га. Аляксандр Тарайкоўскі, Мікіта Крыўцоў, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка, Вітольд Ашурак і іншыя… А таксама — два дзясяткі беларускіх добраахвотнікаў, забітых у баях за свабоду Украіны.

Вахта свету ля амбасады РБ у Вільні

Вахта свету ля амбасады РБ у Вільні

Беларусы Літвы захоўваюць памяць пра сваіх трагічна загінулых землякоў, у штодзённым рэжыме несучы «Вахту Свету» і ўжо амаль тры гады дбаючы пра яе годны стан.
Нядаўна на месцы памяці здарыўся чарговы інцыдэнт. 20 красавіка медыя паведамілі, што ўначы невядомы закінуў адну з лампадак на тэрыторыю амбасады, праз што адбылося невялікае ўзгаранне. Паліцыя Вільні праводзіць праверку. Удзельнікі вахты лічаць гэты выпадак чарговай правакацыяй супраць ініцыятывы, якая будзе працягвацца надалей нягледзячы на любыя захады прыхільнікаў Лукашэнкі і Пуціна.