За распальванне варажнечы ў адносінах да беларусаў судзяць прарасійскага актывіста
Суд адбываецца ў Вільні.
Прарасійскі актывіст Лаўрынас Рагельскіс паўстаў перад судом па абвінавачанні ў распальванні варожасці і апаганенні памятнага месца — так пракуратура ацаніла яго дзеянні ля амбасады Беларусі ў Літве.
Па даных справы, у кастрычніку 2020 г. Рагельскіс каля амбасады, на вул. Міндоўга ў Вільні, здымаў сябе і свае крыўлянні, рабіў відэа, на якім кпіў з групы людзей, і выклаў гэтае відэа ў сацыяльную сетку. Таксама падазраюць, што Рагельскіс кпіў з удзельнікаў акцыі пратэсту ля амбасады Беларусі і апаганіў мемарыял у памяць аб загінулых — партрэты загінулых ад рук рэжыму.
«Я па-літоўску не разумею, я не разумею абвінавачанні, я лепш разумею па-расійску, чым па-літоўску», — сказаў ён на паседжанні суда па-расійску, хоць са СМІ і іншымі людзьмі ў зале паседжання ён размаўляў па-літоўску. Рагельскіс заявіў у судзе, што з'яўляецца беларусам.
Суддзя Міраслаў Гвоздавіч выклікаў у залу перакладчыка. Суддзя абавязаў пракурора Мантаса Янушкявічуса перакласці абвінаваўчы акт, як прасіў абвінавачаны. «Ён павінен ведаць, у чым яго абвінавачваюць», — заўважыў суддзя. Пракурора такія дзеянні Рагельскіса здзівілі. «Ён выдатна валодае літоўскай, падчас расследавання ў пратаколах пазначана, што ён ведае літоўскую, перакладчыка ён не патрабаваў. Гэта маніпуляцыі», — сказаў пракурор.
Рагельскіс спачатку заявіў, што яму не ў той форме падалі дакументы, потым сказаў, што ў яго няма адваката. На паседжанне суда з ім прыйшла працаўніца Беларускай грамады Галіна Шымановіч. Суддзя дазволіў абвінавачанаму знайсці адваката і перанёс паседжанне на 26 верасня. Пасля заканчэння пасяджэння Рагельскіс зноў загаварыў па-літоўску.
У 2020 годзе ў Вільні ля амбасады Беларусі людзі пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў у суседняй краіне і гвалту ўладаў над жыхарамі краіны. 9 траўня 2022 года Рагельскіс быў затрыманы каля Антакальніскіх могілак за тое, што ён уступіў у слоўную сварку з Алегам Шураевым, які прыйшоў да могілак пратэставаць супраць вайны Расіі ва Украіне. Слоўная сварка перарасла ў канфлікт. Па словах прадстаўніка паліцыі Рамунаса Матоніса, затрыманы Рагельскіс перашкаджаў афіцыйнаму мерапрыемству ля могілак, не выконваў законныя патрабаванні паліцыі. Рагельскіса ў сваім дакладзе аб пагрозах нацбяспекі краіны згадваў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы. Паводле звестак выведкі, гэты чалавек «курыруе антызаходнія і прарасійскія артыкулы на платформе на літоўскай мове», паведамляе Ldiena.lt.