Схуднеў на 36 кг. Падборка навінаў ад палітвязняў

У спісе: Алесь Бяляцкі, Эдуард Бабарыка, Павел Вінаградаў, Анжаліка Борыс, Анджэй Пачобут і іншыя

palitvjazni_5.jpg


Павел Вінаградаў схуднеў у турме на 36 кг. Нядаўна ў палітвязня выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон удзень — яго прызналі «злосным парушальнікам рэжыму».
Эдуард Бабарыка застаецца ў СІЗА як мінімум да 14 верасня. Такое рашэнне прыняў суддзя па выніках разгляду скаргі на чарговае падаўжэнне тэрміну ўтрымання Эдуарда пад вартай. Скарга адхіленая. Ён у зняволенні ўжо больш за 26 месяцаў, справу дасюль не перадалі ў суд.
Анджэя Пачобута зноў перавялі на «Валадарку» ў Мінск. Неўзабаве пачнецца суд. Журналіст сядзіць у «шанхаі» — падвальным памяшканні. У ягонай камеры прыкладна на 25 «квадратаў» знаходзіцца каля 25 чалавек. Асабістага месца вельмі мала, улетку ў камерах горача. У Анджэя хворае сэрца, гарачыня пагаршае стан.
Аксану Каспяровіч, настаўніцу музычнай школы з Ліды, унеслі ў спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Анжаліка Борыс застаецца ў Гродна, яна пад падпіскай аб нявыездзе.
Алесь Бяляцкі, палітзняволены старшыня праваабарончага цэнтру «В*сна», утрымліваецца ў так званым «спецкалідоры» — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі. Цягам гэтага года Бяляцкага моцна абмяжоўваюць у ліставанні.
Мікіту Слепянку, адміністратару культурна-адукацыйнага тг-канала, сёння спаўняецца 22 гады. Палітвязень амаль зусім не атрымлівае лісты. Дзяўчына Мікіты распавяла, што ў апошнім лісце хлопец напісаў, што ўмовы ў яго пагоршыліся, ён захварэў, але лекаў няма. Маральны стан палітвязня досыць прыгнечаны. Ратуецца кнігамі, прасіў дасылаць яму ў лістах беларускія вершы.