Сёння пачалі судзіць прэс-сакратара «А1»
У Мінску пачаўся суд над прэс-сакратаром «А1», палітвязнем Мікалаем Брэдзелевым.
Сёння, 29 жніўня, у Мінскім гарадскім судзе пачалі судзіць 35-гадовага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі «A1» Мікалая Брэдзелева.
Мікалая абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання).
Адметна, што яго судзяць па змененым артыкуле: у рэдакцыі ад 26 траўня 2021 года гэтая фармулёўка адсутнічае, цяпер — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці або дзейнасці, накіраванай на рэабілітацыю нацызму», нагадваюць праваабаронцы.
За кратамі Мікалая ўтрымліваюць ужо дзявяты месяц — яго затрымалі 10 снежня мінулага года. Вядома, што сілавікі яго збівалі. Спачатку кіраўніку ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі «A1» прысудзілі 15 сутак арышту, аднак пазней на волю так і не выпусцілі.
Пасля затрымання на праўладных каналах з’явілася брыдкае «пакаяльнае відэа» з Мікалаем. Там паведамлялася, што Мікалай падпісаны на каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Таксама ён агучыў суму свайго заробку і згадаў, нібыта «зліваў» блогеру Антону Матольку нейкую інфармацыю, звязаную са сваёй прафесійнай дзейнасцю». Кіраўніцтва «А1» і амбасада Аўстрыі асудзілі затрыманне Мікалая Брэдзелева. Зрэшты, праз нейкі час з сайта «А1» заява наконт арышту Мікалая Брэдзелева знікла.