Хронікі палітычных рэпрэсій у Беларусі за 29 жніўня
Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся сёння ў краіне.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Сёння ў Мінску пачаўся судовы працэс над былым прэс-сакратаром кампаніі «А1» Мікалаем Брэдзелевым. Яго падазраюць ва «злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі» і «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання». За кратамі палітвязень знаходзіцца ўжо дзявяты месяц.
Абвешчаны збор на адвакатаў Мікалаю Аўтуховічу. Дачка вязня піша, што сродкі з папярэдняга збору амаль вычарпаныя і ёй вельмі патрэбна дапамога. Суд ідзе цяпер штодня, таму адвакаты задзейнічаны пастаянна.
Вынесены чарговыя прысуды па «справе Зельцэра». 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму атрымаў 30-гадовы Сцяпан Талкачоў. Падставай стаў допіс у Інстаграме пасля смерці супрацоўніка КДБ. 3 гады калоніі і штраф у 3400 рублёў атрымаў Мікалай Галаўкоў. Яго абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады», «абразе Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».
У Гомельскі абласны суд накіравана справа «Рабочага руху», якую вёў КДБ. У ёй 10 фігурантаў, усе яны — былыя супрацоўнікі і супрацоўніцы «Гродна Азота», «Нафтана», БМЗ і «Беларускай чыгункі».

За кнігу з успамінамі германскага салдата ГУБАЗіК затрымаў мінчаніна Багдана Вераса. Хлопец калісьці купляў кнігу «Крывава-чырвоны снег. Запіскі кулямётчыка Вермахта» Ганса Кіншэрмана ў адной з мінскіх крам. «Запіскі...» не ўваходзяць у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але падобна, што хлопца могуць абвінаваціць у «рэабілітацыі нацызму».
Віцебскі палітвязень Андрэй Цімафееў адбыў 2 гады зняволення і выйшаў на свабоду. Яго асудзілі за «гвалт у дачыненні да службовай асобы» падчас аднаго з маршаў у Віцебску. Мужчына сядзеў у калоніі «Воўчыя норы».
У Жлобіне за ўдзел у пратэстах студэнту далі 2 гады калоніі. 21-гадовы Сяргей Ганічаў быў затрыманы ў траўні, яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».