Памятаеце настаўніцу, якую аштрафавалі за жоўта-блакітную стужку ў валасах? Яе звольнілі

У настаўніцы гісторыі з Бабруйску Ларысы Секержыцкай 17 гадоў стажу. Аб сваім звальненні са школы жанчына паведаміла ў фэйсбуку.

302286129_5288319467952355_7309855762632089572_n.jpg

Ларыса Секержыцкая распавяла, што з ёй не працягнулі кантракт, спасылаючыся на тое, што прыйшлі дакументы з пастановай суда «па маёй адміністрацыйнай справе (жоўта-блакітныя стужкі ў валасах)».

«Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо паводле закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымоўваць сям'ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік — я шукаю працу», — напісала настаўніца.

«Мая спецыялізацыя: гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя і грамадазнаўства. Заняткі магу праводзіць анлайн на беларускай і рускай мовах, дапамагу падцягнуць веды, больш грунтоўна падрыхтавацца да экзамену, цт. Буду ўдзячна за рэпаст. Веру ў моц пяці поціскаў рукі», — дадала педагог.

У сакавіку суд у Бабруйску вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе Ларысы Секержыцкай, настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 27, якая абвінавачвалася ў «парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства».Жанчыну затрымалі 4 сакавіка наўпрост у школе. Падстава — у яе прычосцы прысутнічала жоўта-сіняя стужачка.
Суд пастанавіў, што стужкі ў валасы настаўніца павязала не для прыгажосці, а для «выказвання свайго грамадска-палітычнага настрою ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне». Тым самым педагог «спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу грамадзян» і «прыняла актыўны ўдзел у правядзенні масавага мерапрыемства ў выглядзе пікетавання».
Як вынік — штраф у 70 базавых велічынь (2240 рублёў).