Настаўніца стужкай у валасах «выказвала палітычны настрой»
Настаўніцу з Бабруйска ўсё ж аштрафавалі за сінюю і жоўтую стужкі ў валасах. Суд вырашыў, што жанчына «выказвала палітычны настрой да таго, што адбываецца ва Украіне».
Суд у Бабруйску вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 27 Ларысы Секержыцкай, якая абвінавачвалася ў «парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства», паведамляюць праваабаронцы.
Яе затрымалі 4 сакавіка наўпрост у школе. Падстава — у яе прычосцы прысутнічала жоўта-сіняя стужачка.
Суд пастанавіў, што стужкі ў валасы настаўніца павязала не для прыгажосці, а для «выказвання свайго грамадска-палітычнага настрою ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне». Тым самым педагог «спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу грамадзян» і «прыняла актыўны ўдзел у правядзенні масавага мерапрыемства ў выглядзе пікетавання».
Як вынік — штраф у 70 базавых велічынь (2240 рублёў).