Палітолаг Сяргей Марцалеў: «Цяперашні рэжым успрымае краіну як сваю ферму»

Лукашэнка адчувае пагрозу сваёй бяспецы, і менавіта гэтым можна растлумачыць яго агрэсіўныя выпады ў адрас замежных палітыкаў, лічыць Марцалеў.

Сяргей Марцалеў

Сяргей Марцалеў


«Свабодныя навіны плюс» пагаварылі з палітолагам Сяргеем Марцалевым пра тое, што азначаюць нядаўнія выпады Лукашэнкі ў адрас нямецкага канцлера Олафа Шольца і ўкраінскага кіраўніцтва.

Вось дзе сабака закапаны

— На Мінскім механічным заводзе імя С. І. Вавілава Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра «пацана Шольца», «нацыкаў» ва ўкраінскім кіраўніцтве і зноў... пра ядзерную зброю. Што справакавала такую рэакцыю?
— Ён не ўпершыню абражае высокапастаўленых замежных палітыкаў; робіць гэта часам зусім несвядома, не ўсведамляючы, што кажа: прывык — усё сыходзіць з рук. Праз зусім невялікі час тыя самыя людзі, якіх ён згадваў у непарламенцкіх выразах, зноў гатовыя з ім пра нешта размаўляць. Вось дзе сабака закапаны.
Да нямецкіх парламентарыяў, нямецкіх чыноўнікаў, нямецкіх абраных палітыкаў у Мінска стаўленне асаблівае. Не так даўно ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа: нібыта сённяшняя Германія яшчэ нешта павінна па грахах Другой сусветнай вайны. Хоць міжнародны суд ужо адбыўся і Германія — як кіраўніцтва, так і народ — ужо панесла адпаведнае пакаранне. Беларуская Феміда, якая знаходзіцца вельмі далёка ад правасуддзя, нічога новага дадаць не зможа. Хутчэй за ўсё, такая заўзятасць выклікана тым, што нямецкая пракуратура па прапанове беларускіх палітыкаў у эміграцыі пагадзілася ўжыць прынцып універсальнай юрысдыкцыі ў дачыненні да беларускага кіраўніка пасля падзей 2020 года. У такім выпадку яго асабістай бяспецы была б нанесена сур'ёзная шкода.
Што тычыцца выказванняў у адрас украінскіх палітыкаў, то, паводле версіі «БелТА», адзін з дэпутатаў Вярхоўнай Рады закрануў пытанне зноў жа асабістай бяспекі і паабяцаў расплату за ўсё, што зроблена Украіне, пачынаючы з лютага 2022 года. Ну і апошняе — павіншаваў украінцаў З Днём незалежнасці і ў той жа дзень падаў тэрыторыю Беларусі для ракетнага ўдару па Украіне. Як гэта назваць?
Калі нямецкія пракуроры публічна выказалі згоду заняцца справай беларускага кіраўніка, той заявіў, што нашчадкі нацыстаў не маюць ніякага права яго судзіць. Таму сённяшні выпад у бок нямецкага канцлера, у адрас украінскага дэпутата маюць адзін корань: ён адчувае пагрозу ўласнай бяспецы. Варта ўспомніць тут смерць Мілошавіча, які быў абвінавачаны на Гаагскім працэсе, або якую смерць прыняў Садам Хусейн, якім чынам загінуў лівійскі кіраўнік... прывід адплаты?


І зноў-такі, развагі пра фашызм, пра нацыстаў досыць камічныя, улічваючы той факт, што аж да 2020 года адносіны РБ з украінскім кіраўніцтвам складваліся проста цудоўна. Не буду паўтараць тэзіс пра тое, колькі гаруча-змазачных матэрыялаў Беларусь прадала Украіне. А гэта ж тавары падвойнага прызначэння: бензінам, саляркай запраўлялі у тым ліку ваенную тэхніку ва Украіне. Улічваючы «напружанасць» у адносінах Масквы і Кіева мінімум з 2014 года, Лукашэнка досыць дзіўна паводзіў сябе ў адносінах да галоўнага саюзніка, якім ён называе Крэмль. Больш за тое, тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай рос, а Лукашэнка называў Зяленскага па-панібрацку Валодзем.
Мы часта бачым, як украінскія салдаты з супрацьтанкавых ракетных комплексаў «Стугна» знішчаюць расійскія танкі. Давайце ўспомнім, што такое «Стугна». Гэта сумесная распрацоўка беларускіх і ўкраінскіх спецыялістаў, толькі ў экспартным варыянце яна мае назву «Скіф». На зброі ўсталяваная оптыка беларускага прадпрыемства «Пеленг», усё астатняе — украінскай вытворчасці. Пазней украінцы замянілі беларускую оптыку сваёй, назвалі СТРК «Стугна» і паставілі яго на ўзбраенне свайго войска. Хоць і экспартны варыянт «Скіф» таксама, я ўпэўнены, ёсць на ўзбраенні ўкраінскай арміі.
Украінскі бронеаўтамабіль «Варта» зроблены на шасі беларускага «МАЗа», ды і самі «МАЗы» выкарыстоўваюцца Узброенымі сіламі Украіны: здаецца, іх там нават больш, чым «КрАЗаў».
Гэта значыць, Мінск шчодра ўзбройваў тых, каго цяпер называе «нацыстамі».

«Чапляе, што яго не паказваюць прэзідэнтам, роўным Пуціну»


— Лукашэнка ведае пра «іншы пункт гледжання прэзідэнта Расіі» на незалежнасць Беларусі, адрозны ад таго, пра які выказаўся канцлер Германіі Шольц. Дык як жа ў Крамлі ставяцца да незалежнасці Беларусі, калі меркаваць не па словах, а па справах?
— Не можа быць іншага пункту гледжання на незалежнасць Беларусі (думаю, Мінск выдатна разумее, чаго дамагаецца Крэмль, ладзячы танцы з бубнам па далейшай інтэграцыі «саюзнай дзяржавы»). Вядома, цяперашні рэжым не з'яўляецца абаронцам ні незалежнасці, ні суверэнітэту: ён успрымае краіну як прыватную ўласнасць, як сваю ферму. У гэтым дачыненні аддаваць скіпетр Пуціну жадання няма. Вось і ўся матывацыя.
Безумоўна, Лукашэнка ведае, што Шольц сказаў праўду, ніякі гэта не фэйк. Шольц сур'ёзны палітык, яму не з рукі прыдумляць казкі пра белага бычка, як маргінальнаму палітыку-папулісту. Чапляе, што яго паказваюць не прэзідэнтам, роўным Пуціну (гэта значыць, кіраўніком незалежнай краіны), а васалам падпарадкаванай Пуціну тэрыторыі. 

Хто ж дасць некалькі боегаловак?

«Вайна скончыцца хутка, а адказваць камусьці давядзецца. І ўжо не толькі маральна адказваць. Трэба на кагосьці адказнасць перакласці. Вось яны ўсім светам спрабуюць гэта зваліць на Лукашэнку і Пуціна. Не атрымаецца», — заявіў Лукашэнка. Што зашыфравана ў гэтым спічы?
— Ён сам падняў пытанне аб тым, што хутка вайна скончыцца і камусьці давядзецца адказваць. Мы вяртаемся да пачатку размовы — да пытання пра асабістую бяспеку. Аказваецца, за развязванне вайны адказваць будзе нехта іншы, хоць і робіцца агаворка, каго менавіта вінаватымі хочуць зрабіць. Нервуецца, што давядзецца адказваць, і спрабуе пагражаць у адказ.


Я кажу пра блеф наконт ядзернай зброі. Пуцін чалавек нерацыянальны, ён дазваляе сабе такія жэсты, якія здольныя лёгка прывесці свет да Трэцяй сусветнай вайны, але кола, якое прымае рашэнні ў Крамлі, трохі шырэйшае. Я сумняюся, што там вырашаць даць Мінску права распараджацца тактычнай ядзернай зброяй: саюзнічак непрадказальны, некіруемы. Сёння ён называе Пуціна так, а заўтра, атрымаўшы зброю адплаты, можа і змяніць сваё меркаванне на 180 градусаў. Не думаю, што ў Маскве знойдуцца адчайныя людзі, якія дадуць яму некалькі боегаловак.
І я сумняюся, шчыра кажучы, што старыя савецкія штурмавыя бамбардзіроўшчыкі Су-24 можна пераабсталяваць для нясення ядзернай зброі. Знішчальнікі Су-30, якія Беларусь закупляла апошнім часам, можна прыстасаваць для нясення ракет з тактычнымі ядзернымі боегалоўкамі, але наконт Су-24 — не ўпэўнены.
Я ўжо не кажу пра тое, што атрыманне ядзернай зброі — прамое парушэнне Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, да якой далучылася Рэспубліка Беларусь, ёсць парушэнні і шэрагу іншых міжнародных дамоў і абавязацельстваў. Плюс да ўсяго, не так проста ўступіць у «ядзерны клуб», для гэтага недастаткова проста валодаць ядзернай зброяй. Некалькі краін у 1990-х былі на парозе атрымання ядзернай зброі, але калектыўны ціск (і палітычны, і эканамічны) прывёў да таго, што і ПАР, і Японія адмовіліся ад планаў мець яе ў сваёй уласнасці. А потым, паглядзіце, якія наступствы адчувае Іран за спробу распрацаваць ядзерную зброю — у рэсурсным, эканамічным плане куды больш магутная краіна, чым Беларусь. Таму беспрэцэдэнтныя меры ціску, калі б Лукашэнка стаў пагражаць чужой ядзернай зброяй, сапраўды сталі б беспрэцэдэнтнымі.

Беларусь на шэрых схемах можа зарабляць больш

«Мы вось, здаецца, столькі перажылі з 2020 года, столькі нацярпеліся. Гэта толькі пачатак. Самае цяжкае наперадзе. Нам трэба завесціся цяпер, выкарыстоўваць момант, заняць нішы і зрабіць усё, каб працавала эканоміка і не было вайны. Вось што вельмі важна зараз. Гэта мая задача, мая мэта. Бачу, што паволі мы яе дасягаем», — сказаў Лукашэнка. Як ён прымушае працаваць эканоміку?
— Эканамічныя санкцыі супраць Расіі даюць магчымасць Беларусі павялічваць аб'ёмы таго, што мы называем «шэрым афшорам», даюць магчымасці для кантрабанднага рээкспарту ў Расію тэхналогій з Захаду, доступ да якіх пакуль яшчэ захоўваецца. І зразумела, гаворка ідзе пра імпартныя тавары: Беларусь можа быць пасрэднікам, якім яна і была з 2014 года, толькі цяпер аб'ёмы страт значна большыя, такім чынам, і на гэтым можна зарабляць больш.
Пачнём з такой бытавой дробязі, як пазбаўленне расійцаў права заводзіць банкаўскія рахункі і карыстацца сістэмамі «Visa» і «Master Card» — гэта прывяло да так званага «шопінгавага турызму» ў Беларусь, калі, акрамя наведвання крам брэндаў, якія сышлі з Расіі, расійцам прапануюць завесці свае рахункі ў беларускіх банках і атрымаць карты і «Visa», і «Master Card». Гэта толькі самая верхняя частка айсберга. І Беларусь будзе на шэрых паўкрымінальных схемах зарабляць на вялікім усходнім суседзе далей.


Па вялікім рахунку, Беларусь і сама страціла праз санкцыі, уведзеныя за пасадку «Ryanair», досыць шмат: падобна, краіну чакаюць праблемы і з абслугоўваннем імпартных самалётаў, і з выпускам высокатэхналагічнага абсталявання.
Пасля 2020 года працягваецца рэлакацыя беларускага бізнесу — перш за ўсё ў краіны Еўрапейскага Саюза. Лягчэй за ўсё пераязджаюць прадпрыемствы з ІТ-сектара. Так што час развітацца з ганарлівым найменнем, якім чыноўнікі ўзнагароджвалі нашу краіну і саміх сябе, — «ІТ-краіна».
З'язджаюць не толькі праграмісты, але і сярэдні бізнес. Прычым не толькі прыхільнікі пратэстаў, як сцвярджае прапаганда. Проста яны куплялі і тэхналогіі, і сыравіну для свайго бізнесу ў заходніх партнёраў, а праз уведзеныя санкцыі цяпер гэтага рабіць не могуць, вось і пераносяць бізнес у краіны Еўрасаюза, якія знаходзяцца бліжэй, — у прыватнасці, у Польшчу.