Make socialism great again!

Дональлд Трамп, якога дасталі журналісты, сёння можа трошкі расслабіцца. Прэса ЗША пераключыла ўвагу на 28-гадовую сацыялістку Александрыю Акасіа-Картэз (Alexandria Ocasio-Cortez), якая сенсацыйна перамагла на праймерыз дэмакратаў у Нью-Ёрку.

nationalobserver.com

nationalobserver.com

У прынцыпе, чагосьці падобнага рана ці позна трэба было чакаць. Першы званочак прагучаў у 2016-м, калі сенатар Берні Сандэрс (ён называе сябе дэмакратычным сацыялістам), ледзь не выйграў у Хілары Клінтан намінацыю у кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі. Увесну чыкагскі ўніверсітэт апублікаваў скандальны рапарт аб палітычных забабонах амерыканцаў ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў. Толькі 35 працэнтаў рэспандэнтаў трымаліся думкі, што вольны рынак можа вырашыць усе эканамічныя праблемы. У той жа час 62 працэнты выступалі за моцны урад, які актыўна ўмешваецца ў пытанні гаспадаркі. Яшчэ больш ўразіла публіку стаўленне маладых амерыканцаў да палітычных мадэляў. 45 працэнтаў заявілі, што не супраць пераходу ЗША на прынцыпы сацыялізму.
Малюнак, на першы погляд, вельмі экстравагантны, калі ўзгадаць, што сацыялістычная думка ў Штатах дастаткова маргіналізаваная. Сацыялісты звычайна працуюць пад дахам ліберальнай Дэмакратычнай партыі. Незвычайныя вынікі апытання растлумачылі шэрагам прычынаў. Па-першае пасля калапсу СССР слова «сацыялізм» выклікае ў амерыканцаў канатацыю не з ГУЛАГам, а з краінамі Скандынавіі, дзе намагаюцца будаваць сацыяльна-арыентаваную сістэму. Па-другое, за акіянам дасюль не забыліся на крызіс 2007-2008 гадоў. Шок, выкліканы тым крызісам, падарваў абсалютную веру амерыканцаў у вольны рынак.
Пакуль палітолагі спрачаліся, вучэнне сацыялізму працягвала авалодваць масамі. І вось свежая дэманстрацыя трэнду. 24 чэрвеня Александрыя Акасіа-Картэз, сябра групоўкі «Дэмакратычныя сацыялісты Амерыкі» (DSA) сенсацыйна перамагла на праймерыз кандыдата ад Дэмпартыі на выбарах у Кангрэс на адным з участкаў Нью-Ёрка. Прычым у якасьці канкурэнта Александрыі выступаў Джо Кроўлі — дасведчаны палітык. Бюджэт кампаніі Александрыі складаў толькі 1 (!) працэнт ад сумы, якую меў выбарчы штаб Кроўлі. Шэраг вядомых палітыкаў, і нават губернатары выступалі ў падтрымку Кроўлі. Тым не менш, 57 працэнтаў удзельнікаў праймерыз галасавалі за Александрыю, якая, дарэчы, прапанавала вельмі радыкальную праграму — бясплатная медыцына і адукацыя ў каледжах, гарантыя на працу, жорсткі кантроль над продажам зброі і гэтак далей.
Сенсацыю ўзмацняе біаграфія пераможцы. Александрыя нарадзілася ў 1989 годзе ў вельмі беднай сям’і. Пасля смерці бацькі яе маці, якая ўвогуле імігравала з Пуэрта-Рыка, вымушана была працаваць прыбіральніцай. Уся сям’я жыла ў аднапакаёвай кватэры. Тым не менш, Акасіа-Картэз добра вучылася і ў выніку здолела скончыць Бостанскі ўніверсітэт. Цікава, што, будучы сацыялісткай, Александрыя не хавае, што яна заўзятая каталічка.
На наступны дзень пасля перамогі дзяўчына прачнулася ў якасці нацыянальнага медыягероя. Яе трыўмф віталі шматлікія палітыкі. Газеты пішуць, што яна інспіруе дух амерыканскай дэмакратыі. Вядучыя палітычныя шоў мараць атрымаць яе ў якасці госця. Узмацніліся і шэрагі DSA, у якую толькі за адзін дзень уступіла тысяча чалавек.
Аднак куды цікавей тое, што гераіня сюжэту ўзняла інтарэс да іншых прадстаўнікоў так званага прагрэсіўнага крыла Дэмпартыі. Брытанская The Guardian у якасці прыкладу ўзгадвае Коры Баш, супрацоўніцу шпіталя з штату Місуры, якая таксама вырашыла балатавацца ў мясцовы кангрэс. Паколькі кампанія патрабуе грошаў Коры стварыла адпаведны фонд, куды ў сярэднім ахвяравалі 9 долараў штодня. Мінорная калькуляцыя зразумелая з улікам таго, што ў перамогу шараговага медыка ніхто не верыў. Сітуацыя чароўным чынам змянілася пасля навіны аб перамозе Акасіі-Картэз. Толькі за тры гадзіны на рахунак прыйшло 2 тысячы долараў. «Як толькі Алекс перамагла, усё змянілася», — кажа Коры Баш.
Гісторыя з Баш — не выключэнне. Па падліках часопіса Politico, «землятрус Алекс» (так жартам называюць перамогу Акасіа-Картэз) можа паўтарыцца к мінімум яшчэ на пяці праймерыз дэмакратаў, у якіх таксама ўдзельнічаюць левыя. Прагназуюць, што поспех Акасіа-Картэз можа радыкалізаваць дэмакратаў, якія цяпер стаяць на больш-менш памераных пазіцыях. Прынамсі, шмат з іх падзяляюць ідэі левай фракцыі наконт даступнай медыцыны або праграму падтрымкі адзінокіх маці.
Некаторыя палітолагі нават лічаць, што феномен Акасіа-Картэз у выніку можа цалкам змяніць профіль партыі. Кшталту таго, што адбылося ў 1960-я гады ў часы Джона Кенэдзі і Лінды Джонсана. Тады Дэмпартыя, якая раней выступала абаронцам расавых парадкаў, нечакана ператварылася ў партыю, больш ліберальную за рэспубліканцаў. Акрамя таго, перад вачыма поспех так званай. The Tea Party (англ. Чайная партыя) — невялікага кансерватыўнага клубу ўнутры рэспубліканцаў, які, па-сутнасці, стварыў атмасферу для з’яўлення Дональда Трампа.
Спрыяе ідэалагічнай перазагрузцы дэмакратаў і ўнутраны партыйны крызіс. Пасля канфузу Хілары Клінтан на выбарах 2016-га дэмакраты дасюль не здольныя аб’яднацца вакол нейкай канкрэтнай праграмы або фігуры, што можа кінуць выклік Трампу на выбарах 2020-га. Мусіруюцца нават плёткі пра вяртанне ў вялікую палітыку Барака Абамы. Між тым сацыяльная рыторыка Акасіа-Картэз і яе аднадумцаў, як прызнае прэса, можа перацягнуць на бок Дэмпартыі частку рэспубліканскага электарату.
Праўда, поспех Акасіа-Картэз стварыў ёй не толькі масу сімпатызантаў, аднак і хеўру ворагаў. Перш за ўсё гэта істэблішмент самой Дэмпартыі. Так адзін з лідараў дэмакратычнай фракцыі ў Кангрэсе заявіла, што перамога Акасіа-Картэз — усяго толькі «лакальны выпадак», які не мае нацыянальнага вымярэння. Пачалі пляжыць сацыялістку і правыя медыя, якія лабіруюць на выбарах у кангрэс свайго кандыдата. Ёй робяць імідж вулічнага папуліста, які абсалютна не пасуе крытэрам адказнага палітыка. З’явіўся і першы кампрамат. Напрыклад, пра кантакты DSA і венесуэльскіх уладаў.
Ці сапраўды Акасіа-Картэз зменіць профіль Дэмпартыі і, як вынік, палітычны пейзаж Штатаў? Каб ставіць такое пытанне ўсур’ёз, спачатку трэба дачакацаа вынікаў выбараў у Кангрэс, якія пройдуць 6 лістапада. Супернікам сацыялісткі будзе прадстаўнік рэспубліканцаў, прафесар эканомікі Энтані Папас. Аднак пакуль шансаў ў Акасіа-Картэз больш. У тым ліку таму, што ў выпадку перамогі яна будзе самай маладой жанчынай-дэпутатам у гісторыі Штатаў. А з улікам таго, што ў наступным годзе краіна адзначае сто гадоў надання амерыканкам выбарчага права, прэса відавочна будзе на баку кандыдата ад дэмакратаў.