«Мог згарэць цэлы горад». Чаму палае Сіцылія

Беларусы, раскіданыя сёння па ўсім свеце, вымушаны прыстасоўвацца да нязвыклых культурных і кліматычных асаблівасцей. На Сіцыліі — бяда з пажарамі, якой мы сталі сведкамі. І пры чым тут мафія — распавядаем у матэрыяле. 

1_823.jpeg

Каля 8 гадзінаў змагаліся з пажарам

Мы жывем у невялікім гарадку Кастэльдача на паўночным узьбярэжжы Сіцыліі. Ён адносіцца да сталічнага муніцыпалітэту Палерма. Некалькі дзён таму па вяртаньні дадому здарыўся вялізны пажар, які пагражаў усяму навокал.

Каля 16 гадзінаў, перад тым як зайсьці ў дом, мы сталі сьведкамі густога дыму, які клубіўся недзе непадалёк. Зь іншага боку дому праходзіць нацыянальная аўтастрада, якая злучае Палерма і Катанію, галоўныя гарады Сіцыліі. На адным з бакоў мы заўважылі сьляды вагню, але ён быў на выгляд нестрашэнны, нібы як гарэла сьметніца ля цэнтральнага Мака ў Менску.

Таму вырашылі гатаваць вячэру і накрываць стол на тэрасе. Тым часам з кожнай вынесенай талеркай і кубкам даводзілася кідаць вокам у бок аўтастрады — што там. А там вагонь ужо відавочна стаў пажарам і перакінуўся на іншы бок трасы. Неабходна ўдакладніць, што той дзень быў азмрочаны яшчэ і моцным ветрам, які мае назву Сірока.

Пажар у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі

Пажар у Кастэльдачы. Фота: Павел Хадзінскі

Сірока — гарачы і вільготны вецер, які сыходзіць з пустынных раёнаў паўночнай Афрыкі і Сахары. Ягоныя цеплыня і інтэнсіўнасьць распальваюць полымя і пераносяць падпаленае лісьце або галіны і такім чынам лёгка ствараюць новыя агмені пажару. Акрамя таго, Сірока можа разьвіваць хуткасьць да 100 км/г, чым яшчэ больш ўскладняе тушэньне пажараў, таму што перашкаджае ўмяшаньню лятальных апаратаў. Наш вецер, як даведаліся пазьней, разганяўся да 80 км/г.

Наш дом адзін з апошніх на вуліцы, далей нізіна, узвышша і пагорак, па якім праходзіць аўтастрада. Я вырашыў прайсьці да канца пабудоваў і ацаніць сытуацыю. А яна досыць імкліва разьвівалася. Пажар ахапіў сабою пагорак і зьядаў дрэва за дрэвам. Глядзеў на вецер, які ляцеў з боку дарогі ў кірунку мора, і мне здавалася, што нашаму паселішчу не павінна нічога драматычнага пагражаць.

Дзеля перасьцярогі мы ўсё ж склалі пашпарты (галоўны скарб беларуса ў выгнаньні) і каштоўныя рэчы ў заплечнікі. А пажар разьвіваўся: узьніклі новыя месцы ўзгараньня насуперак руху ветру недзе ў глыбіні гораду, а таксама па руху — ужо блізка да нашага ўзвышша.

Пажар у Кастэльдачы

Пажар у Кастэльдачы

Нашая вуліца знаходзіцца прыблізна на 40 мэтраў вышэй за ўзровень мора, далей новы вялікі схіл і апошняя вуліца, якая прылягае непасрэдна да вады. Калі я ў наступны раз пайшоў у выведку да канца дамоў, я ўбачыў страшэннае відовішча. Агонь ужо жэр дрэва і траву акурат пад апошнім домам, вышыня полымя была вышэйшая за дрэвы, і таму стала па-сапраўднаму сьпякотна.

Удалечыні ў кірунку мора таксама гарэла зямля. З боку, які быў бачны нам, працавала пажарная машына. Як потым даведаліся, агулам іх было 7.

Мы схапілі рэчы і пабеглі ўздоўж вуліцы да іншага маста праз аўтастраду, каб трапіць у цэнтар гораду, які знаходзіцца вышэй за галоўную вагнёвую пагрозу.

Тым часам гарадзкая адміністрацыя выпусьціла заяву: «Паліцэйскія сілы ўжо некалькі гадзінаў працуюць, каб паспрабаваць утаймаваць і патушыць вялікі пажар, які закранае наш горад, і было б пажадана пакінуць дарогі свабоднымі, каб выратавальныя апэрацыі былі хуткімі і эфектыўнымі, а таксама проста па прычыне бясьпекі. Будзьце асьцярожныя. Дзякуй».

Пажар у Кастэльдачы

Пажар у Кастэльдачы

Мэра абралі ў траўні гэтага году на новы тэрмін з вынікам у 67% галасоў, і нягледзячы на гэта, калі небясьпека навісла над лічы кожным, выконваць распараджэньні памкнуліся далёка ня ўсе. Вуліцы былі перапоўненыя машынамі, якія паўзьлі, як павозкі: разьехацца па вельмі вузкіх вуліцах ня проста.

Нам пашанцавала, мы знайшлі дзе ночыць у сяброў у тым жа горадзе, а перад тым вярнуліся паглядзець на наступствы. Фантастычным чынам агонь атрымалася спыніць за мэтраў 5-10 ад апошняга дома нашай вуліцы. Калі б страшэнны вецер у 80 км/г дзьмуў крыху інакш, відавочна ўсё б пераўтварылася ў попел. Як даведаліся на наступны дзень, была арганізаваная эвакуацыя часткі насельніцтва.

Пажар у Кастэльдачы. Адзін з пашкоджаных дамоў

Пажар у Кастэльдачы. Адзін з пашкоджаных дамоў

Відавочцы дзеяньняў адмысловых ворганаў сказалі, што быў затрыманы чалавек, які арганізаваў падпал. Раніцай мы выпілі каву разам з мэрам Кастэльдачы ў адной і той жа кавярні і пайшлі выконваць свае грамадзкія і палітычныя абавязкі.

Чаму пажары – страшэнная бяда Сіцыліі

Сіцылія дасягнула нацыянальнага рэкорду з выгарэлымі 87 тысячамі гектараў зямлі. У дзяржаўных ворганаў не выклікае сумненьняў тое, што большасьць пажараў, якія адбыліся на выспе, ня ўзьніклі натуральным шляхам. Усталявана, што 77% пажараў, зафіксаваных у пэрыяд з 2010 па 2020 год, насілі злачынны характар.

Прычынаў, якія штурхаюць падпальшчыкаў на гэта, шмат. Згодна з тым, што было запісана ў афіцыйных плянах прадухіленьня лясных пажараў рэгіёну, у Сіцыліі была створаная сапраўдная «пажарная індустрыя»: падпальшчыкі, якія, карыстаючыся высокай тэмпературай, падпальваюць лес, ствараюць такім чынам новыя працоўныя месцы.

Фактычна, калі значная частка расьліннасьці, дамоў і гектараў зямлі будзе зьнішчаная, для назіраньня, тушэньня і наступнай рэканструкцыі будуць нанятыя новыя кадры.

Вельмі часта пажары зьяўляюцца «вынікам пратэсту» з-за ненаёму працоўных для добраўпарадкаваньня ўжо зьнішчаных пажарамі тэрыторыяў або ў адплату за закрыцьцё будоўляў. Акрамя таго, сярод прычынаў, якія прыводзяць да распальваньня пажараў — зьнішчэньне лясоў для стварэньня новых пашаў або пераўтварэньня сельскай мясцовасьці ў раёны забудовы.

incendio_incendi_rischio_incendi.jpg

Цень мафіі

Ня выключаны і цень мафіі, якая для працягу бізнэсу, зьвязанага з утылізацыяй таксічных адкідаў, стварае новыя сховішчы. Шматлікія кланы аддаюць перавагу захоўванню адкідаў у старых хлявах, каб затым спаліць іх, а ёсьць і тыя, хто выкарыстоўвае спэцыяльныя сховішчы, дзе ўзьнікаюць пажары праз празьмернасьці або зьмешваньне адкідаў, схільных да ўзгараньня.

На Сіцыліі мафія можа выкарыстоўваць пажары для ажыцьцяўленьня цёмных зьдзелак і вельмі часта для застрашваньня кампаніяў, якія не жадаюць дзяліцца грашыма дзеля абароны або якія адмаўляюцца ад дапамогі «Коза Ностры» з мэтай адмываньня брудных грошай.

Паводле дасьледаваньняў экспэртаў, ёсьць чатыры катэгорыі людзей, якія падпальваюць Сіцылію. Першы — вандал, звычайна малады чалавек ва ўзросьце каля 16 гадоў, які, аб'яднаўшыся ў гурт з такімі ж самымі, падпальвае сады, школы і паркі. Іншыя злачынцы падпальваюць з помсты ці адплаты, зьнішчаючы такім чынам лес ці машыны. Нарэшце, ёсьць тыя, хто выклікае пажар, каб атрымаць прыбытак. Звычайна гэта асуджаная асоба, якая самастойна або па даручэньні распальвае вогнішча, каб атрымаць зямлю для выпасу або апрацоўкі, або для будаўніцтва. Апошняя катэгорыя падпальніка — асоба, якая робіць гэта дзеля помсты, зьвязанай з распаўсюдам наркотыкаў.

Яны спальваюць лясы і цытрусавыя гаі, каб ператварыць іх у пашы для сваіх статкаў. Падпальваюць, каб атрымаць бясплатную зямлю і пераканаць гаспадара без судзімасьці падаць заяву на атрыманьне эўрапейскіх сродкаў на сельскую гаспадарку і жывёлагадоўлю. Ёсьць шмат фэрмераў, якія здаюцца і вырашаюць аддаць сваю маёмасьць злачынцам, каб пазбавіцца ад пастаяннага пашкоджаньня пажарамі.

У адказ на гэтую адвечную праблему дзейны ўрад Джорджы Мэлоні гатовы прыняць новыя жорсткія меры. Афіцыйныя асобы заяўлялі, што абыходзіцца з тымі, хто падпальвае Італію, будуць больш сур’ёзна.

Пажар у Кастэльдачы. Выпалены ўзгорак на наступную раніцу. Фота: Павел Хадзінскі

Пажар у Кастэльдачы. Выпалены ўзгорак на наступную раніцу. Фота: Павел Хадзінскі

Яшчэ адна магчымая прычына — паляваньне. На некаторых участках, у густанаселеных і цяжкадасяжных раёнах, дзе знаходзіцца жывёла, дастаткова падпаліць і ліквідаваць сховішча гэтых жывёлаў, каб паляўнічыя маглі арганізаваць паляваньне ў лёгкадасяжных месцах.

Паводле афіцыйных зьвестак, з 1 студзеня па 27 ліпеня толькі на Сіцыліі згарэла 41 тысяча гектараў лесу.

Наш пажар у Кастэльдачы прывёў да часовага спыну руху транспарту па галоўнай аўстастрадзе, адмене чыгуначнага руху, а таксама скасаваньня некаторых рэйсаў у Палерма. Нават нацыянальная медыякампанія RAI зрабіла сюжэт.

А на наступны дзень была залева і блішчэлі маланкі.

Пажар у Кастэльдачы. Полымя спынілі за 5-10 мэтраў ад першага дому нашай вуліцы. Фота: Павел Хадзінскі

Пажар у Кастэльдачы. Полымя спынілі за 5-10 мэтраў ад першага дому нашай вуліцы. Фота: Павел Хадзінскі