На Мадагаскары ідзе эпідэмія лёгачнай чумы
Эпідэмія небяспечнай лёгачнай формы чумы распаўсюджваецца па тэрыторыі Мадагаскара. Міністэрства аховы здароўя краіны паведаміла, што па стане на 7 кастрычніка налічвалася 343 захварэлых, 42 чалавекі з іх памерлі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ацаніла рызыку распаўсюджванне хваробы ўнутры краіны як высокую, а рызыка пераносу яе за межы выспы пакуль разглядаецца як нізкая.
Як лёгачная, так і бубонная форма чумы выклікаюцца бактэрыяй Yersinia pestis. Калі бубонная чума перадаецца ад чалавека да чалавека, як правіла, праз укусы блох, то лёгачная здольная перадавацца паветрана-кропельным шляхам (пры размове, кашлі, чханні) ці праз прадметы. Ад лёгачнай чумы не абараняюць вакцыны, накіраваныя супраць бубоннай чумы. Абедзве формы чумы добра вылечваюцца пры ўмове своечасовага прыёму антыбіётыкаў, але без выкарыстання антыбіётыкаў лёгачная чума ў 100% выпадкаў заканчваецца смерцю хворага.
Першы вядомы хворы на Мадагаскары жыў у аддаленай частцы краіны. Ён адчуў сімптомы хваробы, якую палічыў малярыяй, і адправіўся на аўтобусе ў сталіцу. Па дарозе ён памёр 27 жніўня. Па шляху яго следавання пачаліся выпадкі захворвання чумой. Неўзабаве яны былі адзначаны і ў сталіцы выспы — Антананарыву. Зараз у горадзе зачынены школы і адменены грамадскія мерапрыемствы. Лёгачная чума адзначана ў 10 з 22 абласцей Мадагаскара і ў 20 з 114 акругаў.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя даведалася пра эпідэмію 23 верасня пасля першай смерці ў сталічнай бальніцы. Зараз эпідэміёлагі спрабуюць устанавіць лёс трэнера па баскетболе з Сейшэльскіх выспаў, які прыехаў на турнір у Мадагаскар, заразіўся чумой і хутка памёр. Па розных паведамленнях, гэта адбылося або яшчэ ў Антананарыву ці ўжо на Сэйшэлах. 6 кастрычніка СААЗ паставіла 1,2 мільёна доз антыбіётыкаў на Мадагаскар і вылучыла 1,5 мільёна долараў ЗША для барацьбы з эпідэміяй.
Паводле Science Pro