На пасаду прэзідэнта Алжыра абралі Брэжнева
16 красавіка ў Алжыры адбыліся выбары прэзідэнта. Пераможцам сярод шасці кандыдатаў стаў цяперашні прэзідэнт Абдэльазіз Бутэфліка. 81,53% — c такім вынікам дзеючы 77-гадовы кіраўнік алжырскай дзяржавы перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў.
Сістэма падліку галасоў у краіне яўна не ідэальная. Праўда, Алжыр за гэта асабліва не крытыкуюць, памятаючы, як ў 80-я гады да ўлады праз вольныя выбары ледзь не прайшлі радыкальныя ісламісты. Цікава, што пра фальсіфікацыі адкрыта піша ўся мясцовая прэса.
Таму, не маючы шансаў на перамогу, апазіцыя падзялілася: першыя падтрымлівалі апазіцыйных кандыдатаў, другія заклікалі да байкоту, а трэція намагаліся давесці, што выбары фальсіфікаваныя. Увогуле,
выбары можна разглядаць як невялікі поспех праціўнікаў рэжыму. Яўка склала ўсяго 51 працэнт (на папярэдніх выбарах у 2009-м было 74 працэнты). Іншымі словамі, сістэма аўтарытарнай дэмакратыі шмат
каму надакучыла, і перш за ўсё моладзі. Між тым, галоўны кандыдат ад апазіцыі заявіў, што яго падтрымалі 60 працэнтаў выбаршчыкаў і абвясціў на пятніцу мабілізацыю.
Праўда, пакуль ўсе СМІ пішуць, што на вуліцах можна пабачыць выключна прыхільнікаў Абдэльазіза. Яшчэ ўчора, як толькі зачынілі ўчасткі, яны кінулія святкаваць перамогу гаранта (дарэчы, гэта будзе яго
чацвёрты тэрмін, а пры ўладзе Бутэфліка знаходзіцца з 1999 года). Пра тое, што свеціць Алжыру пры новым (старым) прэзідэнце, распавёў знавец Алжыру кіяўлянін Алег Шчавінскі, які жыў
і навучаўся ў Алжыры:
“Мяркую, што новая балаціроўка звязаная з нейкімі супярэчнасцямі ў атачэнні прэзідэнта: раней ён казаў, што больш ісці на пасаду прэзідэнта не жадае. Як вядома, у прэзідэнта цяжкая форма
раку, а ўвесну яго прыйшлося шпіталізаваць у адну з парыжскіх лякарняў пасля мікраінсульту. Хутчэй за ўсё, так і не дасягнуты кампраміс наконт пераемніка. Кажуць, тут сутыкнуліся інтарэсы
кланаў з Уходу і Захаду, вайсковага лобі і чальцоў сям’і Бутефліка.
Пра гэта, натуральна, ніхто адкрыта не кажа. Бутэфліка піярылі як гаранта міра і стабільнасці. Праўда, якая стабільнасць можа быць, калі яму ўжо 77 гадоў, і ён яўна хворы? Усяго на працягу
кампаніі ён пару разоў з’явіўся на экране. Бутэфілька нават ніводнага разу не сустрэўся з выбаршчыкамі. Нядзіўна, што прэса кажа пра тое, што кіраваць Алжырам будзе
“фантом” або “позні Брэжнеў”. Як доўга гэта працягнецца і што будзе далей з Алжырам — гэта пакуль спрагназаваць ніхто дакладна не
здольны”.