На прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне амаль не парушаліся правы журналістаў

Пад час прэзідэнцкіх выбараў 25 мая на выбарчых участках ва Украіне зафіксавалі толькі сем выпадкаў парушэнняў свабоды слова, што значна менш, чым падчас парламенцкіх выбараў 2012 года (18 выпадкаў). Такія дадзеныя маніторынгу Інстытута масавай інфармацыі паведаміла рэгіянальны прадстаўнік ІМІ ў Днепрапятроўску Зоя Красоўская.



press.jpg

Паводле яе звестак, у прыватнасці, былі зафіксаваныя па два выпадкі парушэнняў у Мікалаеве і ў Днепрапятроўску і па адным ў Львове, Сумах і на Закарпацці.

«У Днепрапятроўску адбыліся два з сямі, зафіксаваных па Украіне, выпадкі парушэння правоў журналістаў падчас выбараў. На думку экспертаў ІМІ, яны не з'яўляюцца страшнымі: журналіст «Кропкі Апоры» патрапіў на ўчастак толькі як назіральнік, а стрымер канала «112» Антон Салюк, нягледзячы на тое, што на яго «наляцела» старшыня камісіі, змог ўдала правесці прамое ўключэнне», — адзначыла Красоўская.

Акрамя таго, па яе звестках, у дзень выбараў ва Украіне таксама было зафіксавана сур’ёзнае парушэнне свабоды слова, не звязанае непасрэдна з выбарчым працэсам. 25 мая ў Луганскай вобласці сепаратысты ўзялі ў закладнікі двух журналістаў — Вячаслава Бандарэнку і Максіма Асоўскага, якіх затрымалі на блокпосце ў горадзе Шчасце пад Луганскам.

На думку выканаўчага дырэктара ІМІ Аксаны Раманюк, колькасць парушэнняў свабоды слова ў дзень выбараў была звязана хутчэй з нізкім узроўнем ведаў законаў ўдзельнікамі выбарчага працэсу, і можа сведчыць аб адсутнасці сур’ёзных намераў фальсіфікаваць галасаванне або схаваць інфармацыю ад грамадства.

Нагадаем, па дадзеных Інстытута масавай інфармацыі, у красавіку зафіксаваны максімум выпадкаў парушэнняў правоў работнікаў СМІ за апошнія сем гадоў. Гаворка ідзе пераважна аб парушэннях, якія былі зафіксаваныя на Усходзе Украіны, а таксама ў Крыме.

Тиждень.ua