Экс-міністр эканомікі Грузіі стаў дарадцам Парашэнкі

Грузінскі прадпрымальнік і палітык Каха Бендукідзэ пацвердзіў інфармацыю аб сваім прызначэнні дарадцам лідэра прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне Пятра Парашэнкі.



benukidze.jpg

Бендукідзэ паведаміў аб тым, што ён ужо прыняў удзел у першым пасяджэнні савета кансультантаў, у які, акрамя яго, уваходзяць два канадскіх і два амерыканскіх дарадцы, паведамляе грузінскае выданне Грузія-Онлайн.

«Дадзены савет будзе збірацца раз на месяц і на ім будуць абмяркоўвацца надзённыя пытанні ўкраінскай эканомікі. Украіна сёння знаходзіцца ў цяжкім становішчы, гэта вынік шматгадовага нічога не роблення. Я звяртаюся да кожнага грамадзяніна Грузіі з просьбай максімальна падтрымаць Украіну, хто чым можа. Калі я змагу чымсьці дапамагчы Украіне, я, вядома, буду вельмі рады», — заявіў Каха Бендукідзэ.

Каха Бендукідзэ працаваў ва ўрадзе Грузіі міністрам па эканамічных рэформах і міністрам эканомікі ў 2004-2008 гадах. За гэты час Грузія ўвайшла ў першую дваццатку краін свету па лёгкасці вядзення бізнесу.