Выкрадзенага польскага святара ў Данецку вызвалілі з палону баевікоў

Польскі святар Павел Вітэк, захоплены ўчора ў палон прарасійскімі сепаратыстамі, сёння быў вызвалены і знаходзіцца ў бяспечным месцы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Вайчахоўскі на сваім акаўнце ў Твітары.



baeviki.jpg

«Захоплены ў Данецку святар з’яўляецца свабодным, цэлым і здаровым. Знаходзіцца пад апекай польскіх дыпламатаў», — цытуе Вайчахоўскага УНІАН.

Раней сёння кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі пацвердзіў інфармацыю аб выкраданні святара, але не ўдакладняў, хто менавіта гэта зрабіў.

Па неафіцыйнай інфармацыі, святар знаходзіўся ў памяшканні СБУ ў Данецку, якую кантралююць сепаратысты, а яго самога затрымалі за тое, што ён нібыта быў без пашпарта ў цэнтры горада.

Святар, які знік у абед, 27 траўня, прыехаў ва Украіну з Казахстана, каб наведаць сваякоў і павінен быў удзельнічаць у набажэнстве за мір ва Украіне, якае штодня адбываецца на плошчы Канстытуцыі ў Данецку.