Набажэнства па-казахску
Ідэя праваслаўнай царквы Казахстана праводзіць набажэнствы на казахскай мове выклікала шырокую грамадскую дыскусію наконт таго, якому Богу павінен маліцца казах.
Ідэя праваслаўнай царквы Казахстана праводзіць набажэнствы на казахскай мове выклікала шырокую грамадскую дыскусію наконт таго, якому Богу павінен маліцца казах.
«Сёння ў Праваслаўнай царкве Казахстана вырашаецца пытанне пра ўжыванне казахскай мовы ў набажэнстве», — паведаміў на днях мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр
падчас «прамой лініі» з чытачамі газеты «Вячэрні Алма-Аты». — У недалёкай будучыні ў храмах, дзе моляцца вернікі, для якіх роднай мовай з'яўляецца
казахская, цалкам магчыма, будуць набажэнствы на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і літаратурнай казахскай».
Па словах Яўгена Іванова, кіраўніка прэс-службы епархіяльнага кіравання мітрапаліцкай акругі Казахстана, «казахізацыя» праваслаўя — гэта адэкватная рэакцыя на наяўнасць
праваслаўных казахаў. «Ёсць казахскія сем'і, дзе праваслаўе — гэта традыцыйная рэлігія», — кажа святар. Пры гэтым ён намякнуў, што пераход вернікаў на казахскую
мову замовіў сам Нурсултан Назарбаеў. «Мы, Праваслаўная царква Казахстана, павінны, сыходзячы з волі прэзідэнта, таксама ісці ў нагу з часам і ўжываць казахскую мову», —
дадаў Яўген Іваноў.
Заява Іванова стала бомбай. Фішка ў тым, што праваслаўе не з'яўляецца традыцыйнай рэлігіяй казахаў. У рамках арабскай экспансіі тубыльцы прынялі іслам. Праваслаўе з'явілася ў Казахстане толькі з
пачаткам рускай каланізацыі ў XVIII стагоддзі, галоўным чынам на поўначы. У 1871 годзе была створаная Туркестанская епархія, якую ўзначаліў іерарх Сафоній (Сакольскі).Таксама ў Сяміпалацінску
дзейнічала спецыяльная «кіргізская місія», якая спрабавала прывесці да праваслаўя мясцовых жыхароў.
У любым выпадку, праваслаўе з'яўляецца пераважна рэлігіяй этнічных рускіх. Яны складаюць абсалютную большасць 5-мільённай праваслаўнай грамады Казахстана.
Таму ідэю набажэнстваў у праваслаўнай царкве на казахскай мове шмат хто тлумачыць як замах на нацыянальную традыцыю. Так, намеснік галоўнага муфтыя Казахстана лічыць, што прадстаўнікам іншых рэлігій,
акрамя ісламу, не варта праводзіць у Казахстане набажэнствы на казахскай мове. Гэта думка папулярная сярод часткі нацыянальнай інтэлігенцыі. Так, карыстальнік Бек-батыр на форуме сайту казахскай
службы «Радыё Свабода» адзначае: «Нашы дзяды пісалі на арабскай мове, ведалі яе, затым нас перавялі на лацінку і потым на кірыліцу. Трэба трымацца далей ад
маскалёў».
Іншыя лічаць, што такі крок, наадварот, пашырыць сферу ўжывання казахскай мовы, што, у сваю чаргу, вельмі добра. Напрыклад, старшыня Саюза мусульман Казахстана Мурат Целібекаў мяркуе, што ў
праваслаўным набажэнстве на казахскай мове «няма нічога дрэннага».
Аднак не ўсё так проста з тэзісам пра тое, што нацыянальнай альтэрнатывай праваслаўнай экспансіі з'яўляецца іслам. Прынамсі ў яго цяперашнім варыянце.
Гісторык Галым Асланаў піша: «Не сакрэт, што вялікую частку казахаў раздражняе тое, што ў гарадах Казахстана з мегафонаў мінарэтаў пяць разоў на дзень гучыць арабская мова. Хай і яны вядуць
набажэнствы на казахскай мове і атрымаюць на гэта фетфу ў Медзіне».
Адразу ажывіліся прыхільнікі паганскага культу, які быў папулярны сярод казахаў да прыходу арабаў, — тэнгрыянства (ад тэнгры — бог).
Толькі ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя залатаардынскі хан Берке (брат Батыя, які верыў у тэнгры) афіцыйна прыняў іслам. У 1312 годзе ўлада ў Залатой Ардзе перайшла да хана Узбека, які абвясціў іслам
дзяржаўнай рэлігіяй. Прыхільнікі тэнгрыянства выступілі супраць. Яны былі забітыя або збеглі на Русь.
«Казах з казахам размаўляйце на казахскай мове». Шыльда ў санаторыі ў Алма-Аце
Па-сапраўднаму ісламу адкрылася дарога ў Стэп толькі ў XVIII стагоддзі, пасля ўваходжання Казахстана ў склад Расіі (1731 г.). Імперыя жадала мець у сваім падданстве не качэўнікаў, а аселых пастухоў.
Быў распрацаваны грандыёзны план прымусовага пераводу казахаў ад качавога ладу жыцця да аселасці. З гэтай мэтай у Стэп, па адмысловым указе імператрыцы Кацярыны ІІ, былі пасланы сотні татарскіх
мулаў, якія былі на службе ў Расійскай Імперыі. Разлік быў просты—іслам дыктуе аселы лад жыцця. Ісламізацыя суправаджалася знішчэннем традыцыйнай тэнгрыянскай культуры.
Але нягледзячы на ўсё гэта нават у сярэдзіне XIX стагоддзя іслам асцярожна знаходзіў прызнанне ў Стэпу. Іслам стаў казахскай рэлігіяй толькі ў ХХ стагоддзі, аднак палеміка, як бачым,
працягваецца.
У апошнія гады з'явіўся рух за так званы «казахскі іслам» ці «ясаўізм». Разглядаючы артадаксальны іслам як форму арабскага шавінізму і экспансіянізму, паслядоўнікі
новага руху спрабуюць укараніць паняцце «казахскага ісламу», які ўбірае ў сябе і асноўныя догмы арабскага ісламу, і традыцыйныя вераванні казахаў.
Праціўнікі гэтай канцэпцыі вінавацяць яе прыхільнікаў у «шматбожжы». Адзін з іх адзначае: «Што дрэннага ў тым, каб мы ведалі арабскую мову? Гэта адна з сусветных моваў, на
ёй размаўляе ўвесь Блізкі Усход, Паўночная Афрыка. Давайце пачнём паступовы пераход на арабскі шрыфт, мы будзем бліжэй да братоў па рэлігіі, будзем вывучаць арабскую мову, гэта ўзбагаціць наш
свет».
Вось такая дыскусія.
Самае цікавае, што праваслаўныя вельмі насцярожана паставіліся да таго, што царкоўнае казанне будзе гучаць на казахскай мове. На іх думку, прыход у храм мовы тутэйшых жыхароў азначае паступовую
падрыхтоўку да стварэння казахскай аўтакефаліі. Аднак супрацьстаяць працэсам ні яны, ні святары не здольныя. На ўсё, як кажуць, воля прэзідэнта!