З экстрэмістаў у эліты. Непрадказальныя шляхі нямецкіх хунвейбінаў
Роўна 50 гадоў таму, у чэрвені 1973-га, у ФРГ быў заснаваны Камуністычны Саюз Заходняй Германіі (KBW), які, як ні парадаксальна, увайшоў у гісторыю таксама як сапраўдная кадравая кузня нямецкай эліты.
Ёрг Бабероўскі, прафесар гісторыі Усходняй Еўропы ва Універсітэце імя Гумбальта ў Берліне; Райнхард Бутыкофер, экс-старшыня Партыі Зялёных; Георг Дафнер, старшыня рады дырэктараў Röchling SE & Co. KG (адзін з сусветных лідараў у галіне перапрацоўкі пластмас); Ральф Фюкс, былы дырэктар Фонду Генрыха Бэля; Ула Шміт (сябра партыі эсдэкаў), былы федэральны міністр аховы здароўя і яшчэ шмат іншых персанажаў з нямецкага бамонду.
У біяграфіі ўсіх гэтых асоб ёсць агульны пункт — у 70-я гады яны былі сябрамі «Камуністычнага Саюза Заходняй Германіі». Прычым, арганізацыі вельмі радыкальнай, пра што гаворыць хаця б адзін прыклад. У 1975 годзе актывістка KBW Хельга Розенбаўм была абраная ў муніцыпальную раду Гейдэльберга. На першай жа сесіі яна адмовілася прымаць дэпутацкую прысягу аб прыхільнасці да «асноўнага свабоднага дэмакратычнага парадку», за што яе натуральна выключылі з гарсавету.
«Камуністычны Саюз Заходняй Германіі» ўзнік у чэрвені 1973 года на базе зліцця шэрагу марксісцка-ленінскіх універсітэцкіх гурткоў. Там жа была прынятая рэвалюцыйная праграма, прэамбула якой пачыналася словамі: «Пралетарская сусветная рэвалюцыя стала рэальнасцю».
Наогул на пачатак 70-х у ФРГ ужо дзейнічалі групы, якія сімпатызавалі эксперыментам старшыні Мао. Аднак KBW адразу стала флагманам у дадзеным сектары за кошт вельмі актыўнай працы. Неўзабаве арганізацыя атрымала значны ўплыў на вучняў і студэнтаў. У выніку быць мааістам сярод нямецкай моладзі раптам стала вельмі модна. У шэрагі KBW уступалі нават прадстаўнікі эліты. Напрыклад, сын генпракурора ФРГ.
Пры гэтым дзеці багатых бацькоў не толькі ўставалі пад чырвоныя сцягі, але і ахвяравалі ў фонд арганізацыі салідныя сумы (напрыклад, па статуце актывісту належала аддаць пэўны працэнт з атрыманай спадчыны). Таму з партыйнай структурай у Саюза было ўсё «зер зер гут». Працавалі партыйныя офісы ў Франкфурце, Берліне, Брэмене і Гамбургу, мелася ўласная друкарня, выдавецтва і нават сетка кнігарняў. Нарэшце, адзін з сімпатыкаў з панскага пляча падарыў KBW цэлы парк лімузінаў!
Працавалі мааісты і з медыя. З ліпеня 1973 года пачаў штотыдзень выходзіць цэнтральны орган «Камуністычная народная газета». На піку яе наклад складаў 20 000 экзэмпляраў. Газету прадавалі шараговыя сябры на дэманстрацыях і на вуліцах. Аднак прыярытэтам быў продаж газеты на ўваходзе ў казармы ці ваенныя гарадкі. Справа ў тым, што мааісты марылі арганізаваць нешта накшталт прагрэсіўнага ваеннага путчу.
У выніку моцнай фокуснай агітацыі неўзабаве да KBW далучылася дастаткова шмат жаўнераў, якія любілі хадзіць на дэманстрацыі ў вайсковай форме, што часта палохала ўладу і бюргераў. Салдацкія гурткі KBW патрабавалі такое ж харчаванне для салдат і афіцэраў, захаванне ранейшай заработнай платы, абранне афіцэраў народнымі сходамі і ў перспектыве замену Бундэсвера «народным апалчэннем». Цікава што Мінабароны ФРГ талерантна ставілася да мааістаў. Выданні і ўлёткі KBW спакойна ляжалі ў ваенных аўдыторыях і сталовых Бундэсвера. Іх прысутнасць проста цярпелі ці не заўважалі.
Свайго найбольшага ліку чальцоў (каля 2600) KBW дасягнула ў 1976 годзе. Акрамя таго працавалі афіляваныя арганізацыі, кшталту секцыі моладзі, руху за адмену забароны па прафесіі, ініцыятывы за легалізацыю абортаў і г.д. 1976-ы стаў таксама годам кульмінацыі руху.
Ужо праз пару гадоў арганізацыя ўваходзіць у паласу моцнага крызісу з-за шэрагу відавочных прычын — перагляду спадчыны Мао ў КНР, росту аўтарытарызма ўнутры арганізацыі аж да таго, што забараняліся інтымныя адносіны з апалітычнымі партнёрамі. Нельга забываць і пра тое, што ў гэты час урад ФРГ, напужаны феноменам левага тэрарызму, намагаўся маргіналізаваць і крыміналізаваць левы радыкальны фланг.
Усё гэта выклікала паступовы масавы пераход многіх актывістаў да прагматычна адаптаванай рэальнай палітыкі. Тым больш, што ў гэты час на нямецкую палітычную сцэну выходзіць партыя Зялёных, дзе экс-мааісты зрабілі фантастычныя кар'ерныя ліфты.
Зрэшты, у Зялёныя тады ўступалі многія, але кар'еру зрабілі як правіла былыя левакі. Атрымліваецца, што інтэграцыя былых экстрэмістаў у вялікую палітыку не была выпадковасцю. Няма сумневу, што ім неяк дапамагаў досвед, атрыманы ў часы сяброўства ў KBW. Так, мааісты заўжды рабілі стаўку на працу з нізавымі сацыяльнымі пратэстамі, падтрымлівалі будзь якія ініцыятывы грамадзян, разглядаючы гэта як працу па паслабленні ўрадавага апарата і падрыхтоўкі «народных мас» да рэвалюцыі. Так ці інакш, гэта вучыла аператыўная рэагаваць на запыты грамадства, працаваць з людзьмі — моцны інструмент для перспектыўнага палітыка.
Яшчэ адно пытанне — што прынеслі з сабою ў нямецкую эліту былыя сябры KBW? На гэты конт існуе шмат спрэчак, аднак па адным пункце сярод палітолагаў ёсць адназначны кансэнсус. У пытаннях міжнароднай палітыкі KBW прытрымлівалася пазіцыі антыгегеманізму і ў тым ліку моцна крытыкаваў СССР за імперскія забабоны, напрыклад, у Афганістане. Шмат у чым дзякуючы прыходу ва ўладныя інстытуты экс-мааістаў падобныя антысавецкія, а пасля антыпуцінскія погляды з часам сталі атрыбутам цяперашняй нямецкай эліты.