Невядомы галадамор

У Казахстане ўзгадалі пра свой масавы голад напачатку 1930-х гадоў, ахвярамі якога сталі больш за два мільёны чалавек.

437822.jpg

Пра той голад было вядома з канца 1980-х гадоў. Яшчэ пры Вярхоўным савеце Казахстанскай ССР працавала камісія, якая павінна была даследаваць гэтую раней забароненую тэму. Згодна з вынікамі яе працы, у 1931–1933 гадах у Казахстане меў месца масавы голад, выкліканы афіцыйнай палітыкай раскулачвання і калектывізацыі. Быў і дадатковы лакальны фактар: казахі цалкам залежалі ад худобы, якую амаль усю рэквізавалі бальшавікі. У выніку ахвярамі голаду сталі каля 2 мільёнаў 200 тысяч чалавек. З іх казахаў — 1 мільён 750 тысяч. Лічбы жудасныя, асабліва калі прыгадаць, што, згодна з перапісам 1929-га, у рэспубліцы пражывалі каля 6 мільёнаў чалавек.

Агучаная камісіяй колькасць ахвяраў лічыцца самай мінімальнай. Пазней гучалі версіі пра тое, што напачатку 1930-х памёр ледзь не кожны другі этнічны казах. Нягледзячы на такія маштабы голаду, асабліва гэтую тэму ў Казахстане не ўздымалі, хаця ў трох гарадах (Алматы, Нурсултан і Паўлаград) усталяваныя помнікі ахвярам голаду пачатку 1930-х гадоў.

Сапраўдны масавы інтарэс да «Қазақстандағы аштық» (так афіцыйна называюць тую трагедыю) пачаўся прыкладна месяц таму пасля прэм’еры дакументальны фільму «Зулмат. Генацыд у Казахстане» (рэжысёр Жанбалат Мамай). У фільме былі агучаныя новыя шакавальныя факты. Напрыклад, згодна з рапартам міліцыі ад 1933 года аднаго з раёнаў Карагандзінскай вобласці, у аулах людзі ў пошуках ежы выкопвалі з магіл тых людзей, якія паміралі ад воспы, з разлікам, што нябожчыкі маюць больш тлушчу, чым людзі, якія памерлі ад голаду.

Узгадваецца ў фільме і малавядомае антысавецкае паўстанне. Яго ўдзельнікі — недзе паўтара мільёны казахаў — намагаліся збегчы з рэгіёнаў, што былі ахопленыя голадам. Паўстанне было задушанае сіламі рэгулярнай савецкай арміі ў 1931 годзе, а для яго падаўлення выкарыстоўвалі і ваенную авіяцыю.

Другі чыннік, які садзейнічаў папулярнасці стужкі, — радыкальныя высновы. Аўтар фільма лічыць, што голад быў генацыдам бальшавікоў супраць казахскага народа. На гэтай глебе ахвяраў голаду Жанбалат Мамай параўноўвае з ахвярамі Халакосту. У яго таксама ёсць прэтэнзіі да Расіі, якая, як спадкаемца СССР, павінна прызнаць адказнасць за трагічныя падзеі.

Такая выснова выклікала шмат дэбатаў. Частка казахаў падтрымлівае Мамая, які, маўляў, нарэшце сказаў тое, што даўно трэба было сказаць. Аднак хапае і крытыкаў, перш за ўсё, сярод гісторыкаў. Іх асноўная прэтэнзія тычыцца правамернасці ўжывання слова «генацыд». Як адзначае нямецкі прафесар Роберт Кіндлер, «для ўзвядзення ў статус генацыду патрабуецца намер знішчыць, адзнака таго, што канкрэтная група насельніцтва сапраўды павінна быць знішчана. А тут гэтага няма». Акрамя таго вядома, што ў арганізацыі голаду ўладам дапамагалі так званыя «бельсендзі» — так называлі казахаў з партнаменклатуры, якія падтрымлівалі мерапрыемствы савецкай улады.

Найбольш істэрычна на фільм Мамая адрэагавалі патрыятычныя СМІ Расіі. Там нават паспрабавалі перакласці віну за той голад на асаблівасці казахскай гаспадаркі. Увага звярталася на тое, што казахі не назапашвалі сена на зіму ды пакідалі худобу пад адкрытым небам. У выпадку, калі здараўся снегапад, затым рэзкая адліга і зноў мароз, жывёлы не маглі здабываць сабе ежу з-пад лёду і масава гінулі. Услед за імі з-за недахопу прадуктаў ад голаду гінулі і людзі. Такі лакальны галадамор у казахскіх стэпах здараўся раз на 8–10 гадоў, і ў тым ліку адбыўся ў пачатку 1930-х.

Увогуле, прамаскоўская партыя разглядае фільм Мамая як спробу імпарту ў Казахстан украінскага Майдана. Галадамор, як вядома, з’яўляецца важнай ідэалагемай украінскага нацыянал-дэмакратычнага руху. У гэтым плане гучыць панічны енк, што ўладная эліта Казахстана здрадзіла Маскве. У якасці дадатковага доказу ўзгадваюць і тое, што цяпер на казахскіх грошах не будзе надпісаў па-руску.

Кіраўніцтва Казахстана пакуль адмаўляецца даваць свае ацэнкі «Зулмат. Генацыд у Казахстане». Аднак той факт, што першы паказ фільма прайшоў у прэстыжным сталічным кінатэатры і яго асвятлалі ўсе вядучыя СМІ, кажа: казахскія ўлады непасрэдна датычныя як мінімум да папулярызацыі стужкі.

Як вынік, частка мясцовай апазіцыі зноў пачала казаць пра намер улады анімаваць нацыяналістычны рух для стварэння штучнага напружання ў грамадстве. За кошт гэтага кіраўнік дзяржавы зноў зможа выступаць у ролі медыятара і гаранта міжнацыянальнага міру. Па-другое, культурна-гістарычная праблематыка адцягвае народ ад рэальных сацыяльных праблем.

Другая частка апазіцыі лі­чыць, што ўлада, дазваляючы дэманстрацыю фільма, наадварот, намагаецца кантраляваць працэс у гэтай сферы. Казахскія гісторыкі не раз казалі, што ў іх дастаткова даследаванняў пра масавы голад, каб ужо зараз узняць пытанне пра яго палітычную ацэнку, аднак улады краіны працягваюць дзейнічаць з аглядкай на Расію.

Цяжка сказаць, якая з гэтых версія правільная. Аднак відавочна, што кіраўніцтва Казахстана вымушана шукаць новыя хады, і яўна не праз добрае жыццё. Паколькі крызіс працягваецца, ад Нурсултана варта чакаць новых інфанагодаў.