Непатрэбныя землякі
З-за падзей у Жанаазене Казахстан прыпыняе праграму па перасяленню аралманаў — этнічных казахаў замежжа — на гістарычную радзіму.
Вяртанне казахаў на радзіму пачалося ў 1991 годзе. Асноўная маса казахаў прыбывала з Манголіі, Ірана, Узбекістана і Кітая. Увогуле, па падліках гісторыкаў, у розныя часы туды перасялілася некалькі
мільёнаў казахаў. Спачатку працэс ішоў стыхійна, але вельмі хутка ўрад узяў перасяленне на кантроль. Аралманы сталі разглядацца як важная частка дэмаграфічнай і эканамічнай палітыкі незалежнага
Казахстану.
Планавалася, што за кошт аралманаў можна будзе ліквідаваць нацыянальны дысбаланс у паўночных рэгіёнах краіны, дзе ў гарадах жывуць пераважны рускамоўныя, сярод якіх на пачатку 1990-х гадоў хапала
сепаратыстаў. Па-другое, ва ўрадзе спадзяваліся, што фактар аралманаў пазітыўна адаб’ецца на развіцці сельскай гаспадаркі краіны.
Пазней была прынята праграма на 2009–2011 гады «Нурлы кош» («Светлая вандроўка»), якая ставіла сваёй задачай рацыянальнае рассяленне этнічных імігрантаў і
спрыянне ўлады ў іх уладкаванні. На 2011–2014 гады была ўсталявана штогадовая квота на прыезд дзесяці тысяч сем’яў. Па адмысловым распараджэнні прэзідэнта Назарбаева, у 2011 годзе
квота была павялічана ўдвая. Таксама на будаўніцтва спецыяльных пасёлкаў для перасяленцаў былі выдзеленыя грошы, якія папросту аселі ў кішэнях чыноўнікаў. Па афіцыйных дадзеных, праграма
«Нурлы кош» выканана толькі на 30 працэнтаў.
Выявіліся і іншыя праблемы. У аснове сваёй аралманы — гэта нізкакваліфікаваныя працаўнікі, якія могуць займацца хіба што цяжкай фізічнай працай. Адпаведна, у індустрыяльных паўночных цэнтрах
месца ім не знайшлося, не кажучы пра тое, што тубыльцы сустрэлі гасцей па прынцыпу «панаехалі тут».
Нягледзячы на ўсе бонусы ўлады, аралманы аддаюць перавагу таму, каб сяліцца на поўдні краіны. Працэс гэты, па прызнанні міграцыйных улад, стаў некіраваны. Міграцыя аралманаў прывяла да актуалізацыі
зямельнага пытання. Рэпатрыянтам патрэбна зямля пад хаты, а мясцовая адміністрацыя неахвотна ідзе на тое, каб даваць участкі. Наступствам гэтага сталі самавольныя захопы і праблемы з паліцыяй.
Акрамя таго, у сельскай мясцовасці беспрацоўе папросту зашкальвае. Так што навічкам заставалася разлічваць толькі на ролю парабкаў. Таму яны пачалі фармаваць працоўныя брыгады, які вахтавым метадам
працуюць на здабычы карысных выкапняў. Такія брыгады аказваюцца фундаментам для стварэння незалежных прафсаюзаў.
Прыкладна пару гадоў таму ўлады зразумелі памылковасць такой палітыкі. Першым «адзначыўся» кіраўнік дзяржавы. Улетку 2010 года падчас паездкі ў мястэчка Кызылагаш, дзе пражывае шмат
рэпатрыянтаў, Назарбаеў заявіў, што «аралманы яшчэ недастаткова папрацавалі для краіны» і «няма іх ніякай заслугі ў развіцці эканомікі краіны».
Аднак галоўную пагрозу, якую нясуць аралманы, улады зразумелі пазней. Аказалася, што ім абсалютна не вядомы страх перад уладай. Калектыўны прынцып арганізацыі іх грамад фармуе ў аралманаў моцнае
пачуццё салідарнасці. Нарэшце, камуны аралманаў больш рэлігійныя, і падкупіць індывідуальна іх сяброў, каб разваліць калектыўны пратэст, вельмі цяжка.
Яшчэ задоўга да падзей у Жанаазене ўлады пачалі адчуваць у прыезджых пагрозу. Так, пад Алма-Атой двойчы адбываліся сутыкненні з паліцыяй, якія арганізавалі аралманы. У ліпені 2006-га і ў 2010 годзе
мелі месца беспарадкі, бо аралманы спрабавалі захапіць пустуючыя землі пад будаўніцтва сваіх дамоў.
Пасля грымнуў Жанаазен, у якім таксама не абышлося без рэпатрыянтаў. 26 працэнтаў звольненых за страйк нафтавікоў аказаліся аралманамі. Падчас канфлікту зяць прэзідэнта Цімур Кулібаев, што звязаны з
кампаніяй, на якой адбыўся страйк, заявіў: «Цяпер у Жанаазен аралманы з Туркменістана і Узбекістана пераязджаюць цэлымі вёскамі». На думку Кулібаева, «даўным-даўно трэба
было абмяжоўваць прыезд людзей у Жанаазен, сацыяльная інфраструктура якога не гатовая прыняць такую колькасць прыезджых».
Калі спецназ расстраляў маніфестантаў у Жанаазене, тэма аралманаў разглядалася на самым высокім узроўні. Першым выказаўся віцэ-міністр працы і сацыяльнай абароны Біржан Нурымбетаў, які наўпрост
абвінаваціў аралманаў у арганізацыі бунту.
Затым быў спіч ад дарадчыка прэзідэнта Ермухамета Ертысбаева, які заўсёды які лічыўся рупарам афіцыйнай Астаны. «Тое, што адбываецца ў Жанаазене, абсалютна не характэрна для казахскага
менталітэту. Казахі ніколі не выступалі супраць цэнтральнай улады, ніколі. Асноўнымі арганізатарамі ў Жанаазене выступілі людзі, якія нядаўна атрымалі грамадзянства Казахстана, — яны
прыехалі з Туркменіі, з Узбекістана, яны яшчэ не ўпісаліся цалкам у казахстанскі менталітэт», — выказаўся чыноўнік.
Пасля ўсяго гэтага не з’яўляецца дзіўным прынятае Назарбаевым рашэнне пра прыпыненне праграмы рэпатрыяцыі. Афіцыйная версія — «праграма прыпынена да адмысловага
распараджэння ўрада», паколькі «новая праграма знаходзіцца на стадыі распрацоўкі ў Міністэрстве ўнутраных спраў». Адначасова стала вядома, што пасля падзей у Жанаазене
пачалося сакрэтнае перасяленне «перасяленцаў» з рэгіёну.
Аднак праблема на гэтым не вырашаецца. За апошнія гады ў краіну пераехала каля 180 тысяч этнічных казахаў, якія па сутнасці да гэтага часу слаба інтэграваныя ў соцыум. Што з імі рабіць, уладам не
вядома.
Між тым, сітуацыя сапраўды становіцца нездаровай. Цяпер у афіцыйнай прэсе ідзе кампанія супраць аралманаў, дастаткова паглядзець на некаторыя загалоўкі. «Аралманы — фактар
рызыкі», «Дарыгу Назарбаеву (дачка прэзідэнта) просяць выселіць аралманаў з Жанаазена», «У Алма-Аты аралманы ўганялі і разбіралі на продаж выкрадзеныя
іншамаркі».
Здаецца, у Алма-Аце гатовыя пазбавіцца сваіх жа землякоў, якія сталі цэнтрам сацыяльнага супраціву. Так, ужо пасля Жанаазена адбылося яшчэ некалькі пратэстных акцый, дзе зноў
«засвяціліся» аралманы. Галоўным чынам яны тычыліся стану жылля перасяленцаў пад Алма-Аты. Адзін з канфліктаў закончыўся забойствам паліцыяй аднаго з аралманаў. У адказ людзі
штурмавалі паліцэйскі пастарунак, аднак справядлівасці не дабіліся. Як піша прэса, гэты трагічны выпадак падштурхнуў шмат аралманаў вярнуцца ў Кітай, адкуль яны калісьці прыехалі, паверыўшы
Назарбаеву.