Новы ўрад Швецыі ўздыме падаткі

Што з сябе ўяўляе новы ўрад Швецыі? Чаго чакаць ад гэтай краіны ў бліжэйшай будучыні? Пра гэта распавядае былы лідэр шведскай партыі «Зялёныя», дырэктарка аналітычнага агенцтва «Сogito» Лота Хёндстарм.



elections_sweden1.jpg

— У адрозненні ад папярэдняга кабінету, новы ўрад фармуюць левыя партыі — «Зялёныя» і сацыял-дэмакраты, якіх у парламенце таксама падтрымліваюць экс-камуністы. Чым у прынцыповых момантах будзе адрозніваецца новы ўрад?

— Відавочна, што больш важнае месца ва ўрадавым дыскурсе зараз адыгрывае сацыяльная праблематыка, тэма гендарнай роўнасці, барацьбы з расізмам. Акрамя таго, сябры новага кабінету нават колерам скуры часам не вельмі не падобныя на ўдзельнікаў былога. Тут больш прадстаўнікоў этнічных меншасцяў, што незвычайна нават для вельмі талерантнай Швецыі. Магчыма таму новы «зялёны» міністр будаўніцтва, этнічны турак Мехмет Каплан — цяпер адна з галоўных мішэняў правай жоўтай прэсы. Яго абвінавачваюць у тым, што ён, быццам, тайна падтрымлівае кантакты з ісламістамі. Што тычыцца іншых цікавых людзей, то адзначу чарнаскурага міністра культуры, якая была вядучай шоу. Напэўна, арыгіналам выглядае і наш прэм’ер-міністр, які пачынаў сваю кар’еру як звычайны зваршчык.

— Якія трэнды назіраюцца ў лагеры апазіцыі пасля правалу на выбарах?

— Як вядома, папярэдні шведскі ўрад складаўся з чатырох правацэнтрысцкіх партый, галоўную ролю сярод якіх гуляла Памяркоўная кааліцыйная партыя. Па сутнасці, яна цяпер з’яўляецца галоўнай апазіцыйная сілай. Падаецца, пакуль аналізу прычын правалу на выбарах там не робяць. Галоўным чынам усё спісваецца на дзіўнае спалучэнне выпадковых фактараў, якія прывялі да электаральнай драмы. Аднак з улікам таго, што ў прэсе ўсё часцей гучыць імя палітыка Ганны Кінберг Батра, я падазраю, што не выключана ратацыя кіраўніцтва на яе карысць. Праўда, не зразумела, як гэта паўплывае на профіль апазіцыі. Ніякіх сістэмных зменаў у схеме прапаганды з боку апазіцыі пакуль няма.

— Ходзяць чуткі, што ўльтра­правая партыя «Шведскія дэмакраты», якая атрымала амаль 13 працэнтаў галасоў, можа стаць ядром апазіцыі.

— Мяркую, што такой пагрозы няма. Уздым «Шведскіх дэмакратаў» больш звязаны з расчараваннем у правацэнтрысцкай апазіцыі, якая ўсім надакучыла з 2006 года. Аднак не выключана, што за кошт знаходжання ў апазіцыі Памяркоўная кааліцыйная партыя і яе саюзнікі рэабілітуюцца ў вачах выбаршчыкаў. Крытыкаваць заўжды прасцей. Больш непакоіць тое, што правацэнтрысты ўсё часцей актыўна падтрымліваюць антыімігранцкія лозунгі. Праўда, гэта характэрна і для тых, хто заўсёды галасаваў за сацыял-дэмакратаў. Такую з’яву можна растлумачыць крызісам сацыяльнай дзяржавы ў Швецыі і наіўнай думкай пра тое, што адказнасць за гэта нясуць выключна іншаземцы.

— Ці збіраецца левая кааліцыя выратоўваць шведскую сацыяльную дзяржаву?

— Зразумела. Найбольш важным крокам у гэтым накірунку стаў праект бюджэту на наступны год, у якім прапаноўваецца радыкальна ўзняць падаткі. Калі праект атрымае падтрымку ў парламенце, то бюджэт за кошт новай падатковай сістэмы атрымае дадатковыя 3 мільярды еўра, якія пойдуць на падтрымку сацыяльнага сектара, стварэнне новых працоўных месцаў і скарачэнне небяспечных для клімату выкідаў у атмасферу. Плануецца ў тым ліку ўзняць дапамогу для беспрацоўных, колькасць якіх давесці да 4 працэнтаў у 2020 годзе (зараз беспрацоўных каля 7,4 працэнта). На думку апазіцыі, падобны план абсалютна не рэальны, здольны выклікаць праблемы ў механізме працы ўсёй эканамічнай мадэлі, што прывядзе да датэрміновых выбараў. Аднак наўрад ці новы ўрад будзе браць пад увагу такую крытыку. Новая падатковая палітыка была адной з ягоных фішак падчас выбараў.

— Як вядома, на апошніх выбарах партыя «Фемінсцкая ініцыятыва» атрымала амаль 4 працэнты. Якая будучыня ў гэтай палітычнай сілы? Ці не паўторыць яна лёс Партыі піратаў, якая таксама гучна заявіла пра сябе некалькі год таму на Еўравыбарах, аднак цяпер знаходзіцца ў крызісе?

— Наўрад ці гісторыя фемінстак стане рымейкам прыгод Партыі піратаў. «Піраты» па сутнасці мелі вузкую сацыяльную базу — моладзь буйных гарадоў. Яны таксама ўвогуле не займаліся муніцыпальнымі праблемамі, робячы стаўку на лозунг пра вольны доступ да інтэрнэту і права вольна качаць адтуль усё, што заўгодна. З феміністкамі іншая сітуацыя. У іх каля 300 мясцовых дэпутатаў, плюс у партыі прадстаўнікі ўсіх класаў Швецыі. Будучыня партыі, аднак, не зразумелая з-за падабенства праграм феміністак і «Зялёных». Таму ёсць пагроза, што эколагі проста інтэгруюць гэты праект. Прынамсі, ёсць практыка, калі фракцыі зялёных у рэгіёнах актыўна прапануюць феміністкам разам працаваць над стратэгіяй гендарнай роўнасці і г.д.

— Пры Карле Більдзе (былы дырэктар шведскага МЗС) дыпламатыя вашай краіны была вельмі актыўнай ва Усходняй Еўропе. Першай сімвалічнай акцыяй новага кіраўніка МЗС Швецыі стала прызнанне незалежнасці Палесціны. Ці значыць гэта, што Усходняя Еўропа больш не будзе ў топе прыярытэтаў шведскай дыпламатыі?

— Не думаю, хаця сённяшні міністр замежных спраў і працавала больш у Трэцім свеце, у цяперашняй шведскай левай эліце ёсць людзі, якія цікавяцца ўсходнім еўрапейскім вектарам. Для таго ж сацыял-дэмакратычнага Фонду імя Улафа Пальме гэта ледзь не галоўны накірунак працы. У дадатак украінскія падзеі вельмі важныя для ўсіх краін Еўропы, і таму так ці інакш мы павінны вельмі ўважліва сачыць за працэсамі ва Усходняй Еўропе і дапамагаць развіццю грамадзянскай супольнасці.