Назіральнікі за выбарамі «ДНР»: камуністы, фашысты і мафіозі
МУС Украіны высветліла асобы шэрагу замежных грамадзян, якія выступілі ў якасці «міжнародных назіральнікаў» на так званых выбарах на тэрыторыі самаабвешчанай «рэспублікі ДНР».
«Маніторынг» так званых выбараў ажыццяўляўся нібыта прадстаўнікамі ЗША, Балгарыі, Сербіі, Венгрыі, Славакіі, Грэцыі, Аўстрыі і Італіі, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі найбольш адыёзных антыдэмакратычных палітычных сілаў у сваіх краінах, паведамляе пресс-служба МУС Украіны.
«МУС заяўляе аб недапушчальнасці ўдзелу замежных грамадзян у незаконных працэсах, якія адбываюцца на тэрыторыях, якія часова кантралююцца бандфармаваннямі і замежнымі наймітамі. МУС вызначае дадзеныя дзеянні замежных грамадзян як супрацьпраўныя і перадае атрыманыя матэрыялы ў СБУ, як у упаўнаважаны дзяржаўны орган», — гаворыцца ў паведамленні.
Адначасова, накіравана просьба ў МЗС Украіны «прыняць належныя меры для забеспячэння аб’явы дадзеных замежных грамадзян персонамі нон-грата на тэрыторыі Украіны, а таксама перадачы інфармацыі адносна іх удзелу ў супрацьпраўных дзеяннях на тэрыторыі Украіны адпаведным урадавым установам ў гэтых краінах».
Спіс міжнародных «назіральнікаў»:
1. Магдалена Ташэва, Балгарыя, журналістка, палітычная партыя нацыяналістычнага тыпу «Атака», якая выступае за выхад Балгарыі з НАТА і Еўрапейскага Саюза;
2. Аляксандр Гегальчы, Чэхія, ураджэнец Закарпацця, які пражывае ў Чэхіі, прыхільнік самаабвешчанай рэспублікі «Падкарпацкая Русь», актыўна стасуецца з сепаратыстамі Закарпацця і тэрарыстам Пятром Гецко;
3. Яраслаў Дуброва, Чэхія, сенатар чэшскага парламента, партыя «NorthBohemians.Cz», былы камуніст;
4. Алесандра Мусаліна, Італія, сябра правацэнтрысцкай партыі «Наперад, Італія!», звязанай з Сільвіё Берлусконі;
5. Бела Ковач, Венгрыя, партыя «Йоббік» — венгерская нацыяналістычная партыя;
6. Эвальд Штодлер, Аўстрыя, былы член Аўстрыйскай партыі свабоды. Аўстрыйская партыя Свабоды — папулісцкая партыя з антыісламскай пазіцыяй;
7. Сатурас Зарянопулас, Грэцыя, член камуністычнай партыі Грэцыі, якая прапаведуе ідэалы сталінізму;
8. Георгіяс Ламбрулес, Грэцыя, член камуністычнай партыі Грэцыі, якая прапаведуе ідэалы сталінізму;
9. Фабрыцыё Бертот, Італія, быў гарадскім галавой прыгарада Турына, у 2012 годзе быў адхілены ад выканання абавязкаў з-за расследавання сувязяў з мафіяй (групоўка Ндрагета, адна з найбольш магутных у свеце);
10. Мартан Д’енд’ешы, Венгрыя, член нацыяналістычнай партыі «За лепшую Венгрыю», дэпутат венгерскага парламента, нацыяналіст, антысеміт;
11. Франк Крэйельман, Бельгія, прадстаўлены ДНРаўцамі як дэпутат Еўрапарламента, аднак такім не з'яўляецца; ўваходзіць у Фламандскі Блок, — фашысцкую партыю, якая спрыяе сепаратызму і якая ў 2004 годзе была абвешчаная бельгійскім судом па-за законам;
12. Уладзімір Джуканавіч, Сербія, член Сербскай прагрэсіўнай партыі, створанай у кастрычніку 2008 года былым лідэрам сербскіх радыкалаў Таміславам Нікалічам;
13. Уладзімір Кршлянін, Сербія, член партыі «Агульнасербскі народны фронт», сербскі нацыяналіст;
14. Ладзіслаў Земанек, Чэхія, чэшскі журналіст, намеснік старшыні чэшскай партыі «Народная дэмакратыя», якая выступае супраць аб'яднанай Еўропы;
15. Уільям Лонгауэр, Славакія, сакратар славацкага Саюза змагароў супраць фашызму, які цесна супрацоўнічае з урадам РФ;
16. Жан-Люк Шаффхаузер, Францыя, удзельнік крайнеправой кааліцыі Rassemblement bleu Marine, адзін з дэпутатаў Еўрапарламента, які выступае супраць ратыфікацыі Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай;
17. Фрэнк Абернацці, ЗША, адвакат, амерыканскі бізнесмен, які мае бізнэс ва Украіне;
18. Фабрыс Баур (Beaur), Бельгія, член нацыянал-бальшавіцкай партыі Le Parti communautaire national-européen.