Прэзідэнт Чэхіі лаяўся ў эфіры і абараняў палітыку Пуціна

Галоўнай палітычнай тэмай у Чэхіі ў панядзелак сталі паводзіны прэзідэнта краіны Мілаша Земана. Ён неаднаразова лаяўся, а таксама хваліў расійскую ўладу ў жывым эфіры Чэшскага радыё.



Нагодай для лаянкі з боку Земана стала абмеркаванне тэматыкі савецкіх дысідэнтаў, якія пратэставалі супраць акупацыі Чэхаславакіі з боку СССР.
 
 
З гэтай тэмы Земан па ўласнай ініцыятыве перайшоў да пытання крытыкі Уладзіміра Пуціна ў заходнім грамадстве. Ён назваў несправядлівым параўнанне прэзідэнта РФ з савецкімі лідарамі і дадаў, што ключавыя палітвязні ў сучаснай Расіі не маюць права называць сябе такімі.
 
 
«Не думаю, што палітвязнем быў Хадаркоўскі, які ў 90-х гадах ездзіў па Расіі з пакетамі, набітымі мільёнамі. Я хутчэй думаю, што ён злодзей. І калі мне нешта не падабаецца ва ўладзе Пуціна  гэта тое, што ён пасадзіў толькі Хадаркоўскага, а не ўсіх алігархаў»,  —  заявіў Земан.
 
 
Пасля гэтага чэскі прэзідэнт  зноў жа, па сваёй ініцыятыве  перайшоў да крытыкі ў адрас панк-гурта Pussy Riot.
 
 
Менавіта ў гэтым фрагменце ён выйшаў за рамкі цэнзурных выразаў.
 
 
«Вы ведаеце, што азначае «pussy»? Гэта п ** да. І ў тэкстах гэтай групы  «п ** ды» тут, «п **да» там. Проста ідэальныя палітвязні»,  —  без асаблівых эмоцый адзначыў Земан, дадаўшы, што «сапраўдных палітвязняў» ён гатовы абараняць.
 
 
На гэтым нецэнзурныя выразы не скончылася.
 
 
Пасля падчас эфіру Земан ўжываў лаянку, якая абазначае палавы акт і экскрэменты.
 
 
Такія паводзіны кіраўніка дзяржавы выклікалі вострую крытыку з боку іншых палітыкаў, у тым ліку  ягоных цяперашніх партнёраў ва ўладзе, адзначаюць чэшскія СМІ.
 
 
Са слоў прэм'ер-міністра Багуслава Сабыткі, прэзідэнт падаў дрэнны прыклад маладым людзям. Адзін з вядучых чэшскіх лідэраў, экс-кіраўнік МЗС Карл Шварцэнбэрг адзначыў, што Земан перайшоў усе межы, выкарыстоўваючы выразы, якія зневажаюць жаночы пол.
 
 
Экс-міністр фінансаў Міраслаў Калаўсек, якога Земан таксама згадаў у сваім інтэрв'ю Чэшскаму радыё, мяркуе, што чэшскі прэзідэнт «апусціў прэстыж Пражскага граду да ўзроўню таннай піўной».
 
 
Земан з'яўляецца адным з самых прарасійскі настроеных кіраўнікоў дзяржаў у Еўрасаюзе. Ён вядомы тым, што называў падзеі ва  Украіне «грамадзянскай вайной», а Майдан  «логавішчам бандэраўцаў». Мясцовыя СМІ паведамлялі, што ён атрымліваў прэферэнцыі ад бізнэсу, набліжанага да Пуціна.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: