Інтэграцыя забуксавала

Правалам скончыўся візіт Пуціна ў Кіеў. Украіна адмаўляецца ўваходзіць у Мытны саюз. Ці папросту займаецца гандлем?



125c0e943c73bb8a0840ab524fdcbd08.jpg

Правалам скончыўся візіт Пуціна ў Кіеў. Украіна адмаўляецца ўваходзіць у Мытны саюз. Ці папросту займаецца гандлем?
Тое, што Уладзімір Пуцін, які збіраўся наведаць Кіеў у дзень Касманаўтыкі, будзе прапаноўваць калегу прэм’еру Міколу Азараву сяброўства Украіны ў Мытным саюзе, было вядома даўно. Таксама былі вядомыя і пернікі, якія збіраецца прапанаваць Масква. Называлася лічба ў 6 мільярдаў долараў. Менавіта столькі, адпаведна калькуляцыі крамлёўскіх бухгалтараў, Украіна зможа атрымліваць штогод дзякуючы сяброўству ў МС. Таксама Масква быццам была гатовая на сур’ёзныя саступкі ў вобласці коштаў на газ. «Газпрам» даў зразумець, што ў выпадку ўступлення ў МС кошт на газ для Украіны можа быць удвая ніжэй цяперашняга — 150–160 замест 300 долараў.
Па прыездзе ў Кіеў Пуцін не сквапіўся на абяцанкі. «Наўпроставы выйгрыш Украіны ад МС, па нашых дадзеных, будзе складаць ад 6,5 да 9 мільярдаў долараў у год. Узрастуць магчымасці для цэлых галін — машынабудавання, сельскай гаспадаркі, металургічнай, хімічнай прамысловасці. Гадавы рост ВУП Украіны дадасць 2%».
Аднак заўважнага эфекту такая рыторыка на ўкраінскі бок не зрабіла. Як інфармуюць СМІ, прэм’ер Азараў на сустрэчы з Пуціным быў змрочны. З нагоды прапаноў Мытнага саюзу сказаў так: «Мы разлічваем, што ўвя­дзенне ў дзеянне Мытнага кодэкса не зрабіла негатыўнага ўплыву на ўмовы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Расіі і Украіны». На гэтым афіцыйна ўсё і закончылася.
Афіцыйныя СМІ, калі тлумачаць прычыны правалу пуцінскага візіту, спасылаюцца на тое, што прапанова расійскага прэм’ера супярэчыць стратэгіі Януковіча.
Не так даўно Віктар Януковіч, калі выступаў перад парламентам, даў зразумець, што ісці мы па-ранейшаму будзем на Захад — у Зону свабоднага гандлю (ЗСГ) з Еўрасаюзам. Прычым рабіць гэта прэзідэнт Украіны збіраецца хітра — маўляў, паспрабуем і ЗСГ пабудаваць, і сур’ёзныя эканамічныя выгоды ад Расіі атрымаць. Так, каб, у ідэале, зона свабоднага гандлю для Украіны пашырылася ад Камчаткі да Партугаліі.
Некаторыя аналітыкі кажуць, што «данецкія» папросту не зразумелі «маскоўскіх», якія паспрабавалі, кажучы крымінальным жаргонам, «узяць іх на понт». У Кіеве Пуцін паўтарыў сваю нядаўнюю «пагрозу» ўвесці санкцыі супраць Украіны ў выпадку яе далучэння да ЗСГ. «Еўрапейскія тавары могуць пачаць паступаць з Украіны на нашы мытныя тэрыторыі. І мы змушаны будзем уводзіць ахоўныя механізмы», — папярэдзіў Уладзімір Пуцін.
Такі пункт гледжання падзяляе і дырэктар Сацыялагічнай службы «Украінскі барометр», палітолаг Віктар Небажэнка». Нічога адмысловага ад гэтага візіту чакаць не даводзіцца, таму што ў Пуціна процілеглыя мэты. З аднаго боку, ён жадае захаваць мафіёзныя структуры, якія гандлююць газам, а гэта — 60% таваразвароту. З іншага, ён прапануе 40% таваразвароту Украіны, загнаўшы яе ў міфічны Мытны саюз. Але на гэта не пойдзе ніводны бізнэсмэн, тым больш з Данецку, дзе адчулі густ улады і ўласнасці. У іх, данецкіх, няма адмысловага піетэту перад Пуціным — яны робяць стаўку на Мядзведзява», — падкрэсліў Небажэнка.
Цікава, што апазіцыя, агітуючы супраць сяброўства ў МС, актыўна выкарыстоўвала прыклад Беларусі. Вось што піша блізкая да Юшчанкі газета «Украіна Маладая»: «Беларусь — відавочны прыклад таго, што Віктару Януковічу сёння на перамовах з Уладзімірам Пуціным у Кіеве не варта згаджацца на ўступленне Украіны ў Мытны саюз Масква заваблівае Украіну па «беларускім сцэнары». Эканоміка Беларусі на грані калапсу». Выданне падкрэслівае, што Беларусь, якая з’яўляецца сябрам Мытнага саюзу, «сёння перажывае сур’ёзны эканамічны крызіс». «Менавіта калі «Газпрам» намякаў пра сваю шчодрасць у адносінах да Кіева, стала вядома, што кошт расійскага блакітнага паліва для Беларусі на другі квартал 2011 гады — 244 долара за тысячу кубаметраў. Пры тым, што ў першым квартале нашы суседзі плацілі 223 даляра, а летась — 187! — піша газета. — У Мытны саюз Аляксандр Лукашэнка ўступаў таксама з надзеяй на таннае паліва. Аднак Масква выяўляла любоў да саюзнікаў толькі ў першыя месяцы знаходжання ў МС. Сёння ж «Газпрам» няўмольна павялічвае кошт энерганосьбітаў для Мінску».
Што далей? Ёсць думка, што Масква паспрабуе зняць Азарава і нават будзе паспрабаваць паставіць больш лаяльнага прэм’ер-міністра.
Аднак любы ўкраінскі прэм’ер (Азараў, дарэчы, лічыцца вельмі прарасійскім) проста будзе гнуць сваю лінію. Той жа Небажэнка сфармуляваў наступным чынам запыты Украіны да МС: «Пуцін мог бы прапанаваць Украіне газатранспартнае супрацоўніцтва — 30% акцый «Паўночнай плыні» ў абмен на СП па «Нафтагазу».
Мяркуючы па ўсім, бакі пакуль ні пра што пэўным чынам так і не дамовіліся. Прарыў можа быць у чэрвені: на гэты месяц запланаваны візіт Азарава ў Маскву. А да таго часу Расія будзе ўсё гэтак жа «ласкава» тлумачыць Украіне, што з ёй быць выгодней, чым з Еўрасаюзам.
І яшчэ адно. Пазіцыя Януковіча стала ўдарам па апазіцыі, якая абвінавачвала яго ў намеры прадаць Украіну Расіі. Цяпер аранжавыя вымушаны прызнаць, што «данецкія бандыты» ў Расію ісці не жадаюць, што ў сваю чаргу дазваляе Партыі рэгіёнаў патэнцыйна пашырыць свой уплыў на аранжавы электарат. Хаця большасць аналітыкаў згодныя ў тым, што бела-блакітныя, як заўсёды, сітуацыяй не скарыстаюцца.